Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна правяла ўдалую атаку на Расею: гараць нафтавы тэрмінал у Санкт-Пецярбургу і база флёту ў Кранштаце

Атака на Ленінградзкую вобласьць і Санкт-Пецярбург
Атака на Ленінградзкую вобласьць і Санкт-Пецярбург

Раніцай 4 ліпеня ўкраінскія вайскоўцы зноў атакавалі нафтавыя магутнасьці расейцаў. Украінцы спрабуюць пазбавіць расейскае войска паліва, каб агрэсару не было як весьці вайну.

Галоўнае ўпраўленьне выведкі Ўкраіны (ГУР), Сілы абароны Ўкраіны разам з рознымі падразьдзеламі ўкраінскага войска правялі атаку на нафтавы тэрмінал у Санкт-Пецярбургу, а таксама базу Балтыйскага флёту Расеі ў горадзе Кранштат. Пра гэта ГУР паведаміла на сваёй старонцы ў тэлеграме.

Вялікі пажар на нафтавым сховішчы ў Санкт-Пецярбургу зафіксаваў на відэа тэлегам-канал «Астра».

Факт удару пацьвердзіў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён зазначыў, што адлегласьць цэляў, па якіх ударылі вайскоўцы, складае звыш 850 км ад украінскіх межаў.

Удар ужо пацьвердзілі і расейскія ўлады. Губэрнатар Санкт-Пецярбургу Аляксандар Бяглоў і губэрнатар Ленінградзкай вобласьці Аляксандар Дразьдзенка заявілі пра масавую атаку ўкраінскіх дронаў на рэгіён. Дразьдзенка таксама сказаў пра падзеньне абломкаў зьбітага бесьпілётніка ў раёне порту Высоцк.

У Кранштаце важная вайсковая цэль — база Балтыйскага флёту РФ. Яна ўжо не ўпершыню за гэтае лета зазнала нападу ўкраінскіх вайскоўцаў.

Што папярэднічала

Украіна атакуе расейскія тэрыторыі, наносячы ўдары па нафтаперапрацоўчых заводах. Вайсковае камандаваньне гаворыць пра тое, што спрабуе пазбавіць Расею паліва, каб яго не маглі пастаўляць войскам на акупаваных землях Украіны для працягу вайны.

Пасьпяховасьць і масавасьць украінскіх удараў па расейскіх прадпрыемствах стала прычынай глыбокага паліўнага крызісу ў Расеі і анэксаваных ёй Крыме. У некаторых рэгіёнах уведзеныя строгія забароны або абмежаваньні на продаж паліва насельніцтву, чэргі па бэнзін і дызэль сталі бачнымі нават на спадарожнікавых здымках з космасу.

Папярэдняя масавая атака на Санкт-Пецярбург і ваколіцы адбылася на пачатку чэрвеня. Тады ў Вялікай Іжоры атакавалі 15-ы арсэнал Вайскова-марскога флёту.

Білі таксама і па Кранштаце, тады атакі зазнаў марскі кадэцкі корпус. У Ламаносаўскім раёне Пецярбургу атакавалі НДІ Марской цеплатэхнікі — ключавое прадпрыемства ў стварэньні падводнай зброі, а ў Пецяргофе бесьпілётнікі спрабавалі паразіць нафтабазу.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG