Расейскі генэрал пахваліўся жонцы адрэзанымі ва ўкраінцаў вушамі. Гэта не адзіныя катаваньні, якімі ён ганарыўся

Расейскі военачальнік Раман Дземурчыеў выхваляўся родным і калегам катаваньнямі, пакараньнямі сьмерцю і зьдзекамі над целамі ўкраінскіх вайскоўцаў. Гэта вынікае з архіву яго перапіскі ў 2022-2024 гадах, які вывучылі расьсьледніцкія праекты Радыё Свабода «Сыстэма» і Ўкраінскай службы «Схемы».

Журналісты пацьвердзілі сапраўднасьць перапіскі і аднавілі кантэкст згаданых у ёй падзеяў. Шматлікія апісаньні, фота і відэа зьверстваў даказваюць: расейскае камандаваньне ня проста ведае аб падобнай практыцы на фронце, але і заахвочвае іх.

Папярэджаньне: матэрыял зьмяшчае шакавальныя падрабязнасьці, апісаньні катаваньняў і забойстваў. У цытатах зь перапіскі галоўнага героя захавана аўтарская артаграфія і ненарматыўная лексыка. Гэта зроблена для таго, каб задакумэнтаваць сапраўдны характар учыненых дзеяньняў і іх абмеркаваньняў.

«Я хутка іх усіх абасу, бл* <...> Х*й якога палоннага вазьму, бл*. Усіх скончу, бл*».

«Учора палоннага ўзялі <...> хамавітага ўкропа... Ну яго салдаты там і пры****ашылі, бл*дзь, у траншэі».

«Я людзей расстрэльваў, да прыкладу. У вока яму вока страляю — у яго з патыліцы трасер вылятае. Я разумею, што ён вораг, так, ён гандон. <...> Але мы ўсе людзі».

Усе гэтыя цытаты належаць не радавому расейскаму салдату. Так сваю руціну на фронце апісвае генэрал-маёр Раман Дземурчыеў, які займае зараз пасаду намесьніка камандуючага 20-й агульнавайсковай арміі Расеі.

49-гадовы Дземурчыеў — актыўны ўдзельнік расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. Яго высока ацэньвае расейскае кіраўніцтва: ён хадзіў на нарады з вышэйшым камандаваньнем, атрымліваў прэмію «Мы побач. Добрая справа» ад губэрнатара Маскоўскай вобласьці і ордэн ад кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава. У 2023 годзе Уладзімір Пуцін прысвоіў Дземурчыеву званьне генэрал-маёра.

Дземурчыеў на працоўным месцы (фота з архіву перапісак)

Вядома, расправамі над ваеннапалоннымі Дземурчыеў не выхваляецца публічна. Усе наведзеныя вышэй цытаты — вытрымкі зь яго асабістай перапіскі і аўдыёпаведамленьняў, адпраўленых калегам, сябрам і паплечнікам. Перапіску расьсьледніцкаму праекту Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схемы», перадала крыніца ва ўкраінскім войску.

У зносінах з калегамі, сваякамі, падначаленымі і камандаваньнем Дземурчыеў, паводле яго ж, ня дзеліцца асабліва адчувальнай або сакрэтнай інфармацыяй. Уласныя ж апавяданьні пра зьдзекі з палонных ён, відавочна, да такой інфармацыі не адносіць і дзеліцца імі амаль з гонарам.

Напрыклад, 18 кастрычніка 2022 году Дземурчыеў паведаміў адразу некалькім сваім знаёмым, што «ўзяў апорнік» (апорны пункт. — РС), які штурмаваў тры дні. І дадаў, што ў выніку ўзяў у палон чацьвярых украінцаў.

Да гэтага паведамленьня ён дадаў фота жорсткага зьместу: на фота — адрэзаныя і счарнелыя чалавечыя вушы, падвешаныя на мэталічную трубу.


Фота зь перапіскі, у якой Раман Дземурчыеў піша, што зьбіраецца сабраць «гірлянду» з вушэй

Адно з такіх паведамленьняў з фота счарнелых вушэй Дземурчыеў адправіў сваёй жонцы Аляксандры. Далей у іх адбыўся такі дыялёг:

— А потым што зь імі рабіць? — запыталася ў яго жонка.

— Зьбяру гірлянду і падару.

— Як сьвіныя вушы да піва.

— Ага.

Нідзе ў перапісцы Дземурчыеў не ўдакладняе, дзе менавіта і пры якіх абставінах быў зроблены гэты здымак. З кантэксту яго зносін з паплечнікамі вынікае, што гэтыя вушы, хутчэй за ўсё, належалі камусьці з украінцаў. Аднак незразумела, іх зрэзалі з жывога ці ўжо мёртвага чалавека.

Сам Дземурчыеў адказаў на званок карэспандэнта «Схем», але пасьля пытаньня аб абыходжаньні з ваеннапалоннымі, кінуў слухаўку.

Пра тое, што абмяркоўваў генэрал Дземурчыеў, як выказваўся пра вайсковае камандаваньне і сваіх падначаленых, глядзіце ў відэаматэрыяле «Схем» на ўкраінскай мове з расейскімі субцітрамі.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.