ЗША прыпынілі разгляд заявак на іміграцыйныя візы

Ілюстрацыйнае фота

Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа прыпыніла разгляд усіх заяваў на іміграцыйныя візы.

Прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў, што ў пачатку жніўня ведамства пачало праграму навучаньня ўва ўсіх амбасадах і консульствах, і тэрміны запісу на візавыя паслугі давялося зьмяніць.

Згодна з заявай Дзяржаўнага дэпартамэнту, навучаньне накіраванае на тое, каб падрыхтаваць консульскіх супрацоўнікаў да «ўсебаковай і пасьлядоўнай ацэнкі кожнага заяўніка на візу». Гэта, паводле заявы, дазволіць гарантаваць, што заяўнікі ня будуць залежаць ад дзяржаўнай дапамогі ЗША. У ведамстве не ўдакладнілі іншых падрабязнасьцяў, у тым ліку тэрмінаў навучаньня.

Раней газэта Financial Times паведаміла, што заяўнікі на атрыманьне візаў, якім ужо былі прызначаныя сумоўі, атрымалі апавяшчэньні аб пераносе сустрэчы. У паведамленьні гаварылася, што іх паінфармуюць аб новай даце.

На гэтым тыдні Дзяржаўны дэпартамэнт абвясьціў плян ануляваць візы іншаземцам, якія прыехалі ў ЗША з мэтай турызму ці бізнэсу, але ў выніку падалі заяву на атрыманьне прытулку. Гэтае рашэньне можа закрануць да 200 тысяч чалавек.

Што папярэднічала

Як адзначае Reuters, Дональд Трамп праводзіць агрэсіўную кампанію дэпартацыі і ўзмацняе жорсткасьць іміграцыйнай палітыкі, якая ўключае ў сябе ануляваньне візаў і грын-картаў, а таксама адхіленьне заявак з шэрагу прычын, уключаючы палітычныя перакананьні і ўдзел у прапалестынскіх пратэстах. Паводле Трампа, гэтыя захады накіраваныя на павышэньне ўнутранай бясьпекі.

22 жніўня суд у ЗША скасаваў рашэньне Дзяржаўнага дэпартамэнту аб прыпыненьні выдачы іміграцыйных візаў грамадзянам 75 краін, прызнаўшы яго незаконным. Судзьдзя згадала, што праца консульскіх службаў знаходзіцца па-за зонай адказнасьці Дзяржаўнага дэпартамэнту, і папракнула яго кіраўніка Марка Рубіё ў перавышэньні паўнамоцтваў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

ЗША сталі часьцей адмаўляць беларусам у прытулку. Іх спрабуюць дэпартаваць у Бэліз і Ўганду, кажуць юрысты

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У ЗША абавязалі беларусаў зьвяртацца па сталы дазвол на жыхарства з сваёй краіны. Гэта можа пагражаць палітычным уцекачам