Як ва Ўкраіне расьсьледуюць сэксуалізаваныя расейскія катаваньні палонных украінцаў і дапамагаюць тым, хто выжыў, апавядае тэлеканал «Настоящее аремя».
Катаваньні са згвалтаваньнямі або пагрозай сэксуалізаванага гвалту ў дачыненьні да мужчын — сыстэмная зьява ў расейскім палоне, гаворыцца ў новым дакладзе праваабарончых арганізацыяў Truth Hounds і Міжнароднага партнэрства ў правах чалавека (IPHR).
Тэлеканал «Настоящее аремя» расказвае, як праваабаронцы прыйшлі да такой высновы і хто дапамагае ўкраінцам вяртацца да нармальнага жыцьця пасьля перажытага ў палоне.
«Перад тым, як уключыць ток, казалі: „Можаш пазваніць Зяленскаму“»
Праваабаронцы з арганізацыі Truth Hounds прыйшлі да высновы аб сыстэматычнасьці сэксуалізаваных катаваньняў і гвалту, якія расейскія вайскоўцы і сілавікі чынілі над палоннымі цывільнымі мужчынамі. Праваабаронцы падрабязна задакумэнтавалі гісторыі 212 мужчын з усходніх і паўднёвых вобласьцяў Украіны, якія перажылі сэксуалізаваны гвалт, зьвязаны з канфліктам. Нехта з пацярпелых даў паказаньні асабіста, пра нечыя гісторыі расказалі сьведкі. Больш за палову тых, хто перажыў такое, — з Херсонскай вобласьці.
«У мяне скралі маё жыцьцё», — кажа Аляксандар Максіменка. Увесну 2022 году яго родны Херсон акупавалі расейскія вайскоўцы. Улетку расейскія вайскоўцы выкралі Аляксандра і ягоную жонку — журналістку Анжэлу Максіменка (Слабадзян). У палоне яны правялі больш за месяц. Аляксандар, якому на той момант было 68 гадоў, сам перажыў катаваньні, на яго пагражалі завесьці крымінальную справу аб шпіянажы. Ён успамінае, што і многіх іншых цывільных палонных таксама катавалі, у тым ліку сэксуалізаваным чынам.
Аляксандар Максіменка ля Міжнароднага крымінальна суду ў Гаазе
«Да зьдзекаў з мужчын і іх катаваньняў было асаблівае стаўленьне з боку расейскіх вайскоўцаў, — дзеліцца Аляксандр. — І мы прыйшлі да высновы, што гэта сыстэма, што гэта псыхалягічная зброя, якую распрацавалі спэцслужбы і вайскоўцы Расеі, — зьдзекавацца вычварна, ужываць сэксуалізаваныя катаваньні — каб зламаць мужчынскі дух, асобу, дух супраціву. Бо яны натыкнуліся нечакана для сябе ў нас на Херсоншчыне на велізарны супраціў».
«Мы можам назіраць вельмі выразныя заканамернасьці, — кажа юрысконсульт Truth Hounds і адзін з аўтараў дакладу Эван Гарары. — Напрыклад, у Харкаўскай і Херсонскай вобласьцях, на адлегласьці за сотні кілямэтраў, мы назіралі выкарыстаньне адных і тых жа тэрмінаў для абазначэньня пэўных формаў сэксуальнага гвалту. На наш погляд, гэта сьведчыць пра існаваньне нейкага агульнага зводу ведаў — ці ўпарадкаваных, ці сакрэтных — якім валодаюць расейскія вайскоўцы».
Найбольш распаўсюджаная форма гвалту, якую задакумэнтавалі праваабаронцы, — паражэньне электрычным токам геніталіяў, анальнай адтуліны, сыскоў і іншых адчувальных частак цела.
«Чалавека прывязвалі да крэсла, падлучалі кантакты да найбольш уразьлівых частак цела: падушачкі вушэй, мезенцы, геніталіі. І перад тым, як уключыць ток, казалі: „А цяпер ты можаш пазваніць Зяленскаму“», — расказвае Максіменка.
Пра гэты званок Зяленскаму, Байдэну ці Трампу расказвалі зьняволеныя і палонныя з розных населеных пунктаў — такое ўражаньне, што яны праходзілі нейкую вучобу ці трэнінгі, як нас катаваць, кажа Максіменка.
Пацярпелы стварыў арганізацыю дапамогі
Цяпер Аляксандар Максіменка — сьпікер грамадзкай арганізацыі Alumni, сеткі, куды ўвайшлі ўкраінскія мужчыны, што перажылі палон і катаваньні. З моманту стварэньня сеткі ў 2024 годзе да іх зьвярнуліся каля 400 мужчын. Паводле Аляксандра, каля 90 працэнтаў з іх прайшлі праз сэксуалізаваныя катаваньні электрычным токам.
І ў Truth Hounds, і ў Alumni падкрэсьліваюць, што для падобных катаваньняў выкарыстоўваецца савецкі палявы тэлефон ТА-57 («тапік»), выпушчаны ў 1950-х гадах. Гэта таксама можа сьведчыць, што да падобных катаваньняў расейскія вайскоўцы і сілавікі рыхтаваліся загадзя.
«Палявыя тэлефонныя апараты не выкарыстоўваюцца ўжо паўстагодзьдзя, — кажа Максіменка. — Цяпер іншая тэхніка, гаджэты іншыя. І тут раптам ува ўсіх месцах, дзе яны трымалі ў зьняволеньні і катавалі людзей, адначасова зьяўляюцца вось гэтыя ТАПы. І гэта кажа, што яны дзесьці ляжалі, чакалі сваёй чаргі для таго, каб чыніць катаваньні».
Другая распаўсюджаная форма сэксуалізаванага гвалту над мужчынамі — пагрозы гвалтаваньнем і гвалтаваньне. У сваім дакладзе праваабаронцы апісваюць выпадак мужчыны, якога згвалтавалі тронкам ад рыдлёўкі.
«Камандуючы прысутнічаў падчас гвалтаваньня. [Мужчыну] пазьней кінулі на могілкі з сур’ёзным унутраным крывацёкам. Яму спатрэбілася апэрацыя і некалькі пераліваньняў плазмы», — гаворыцца ў справаздачы.
Былыя палонныя расказалі праваабаронцам, што ў херсонскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) расейскія вайскоўцы і сілавікі абсталявалі адмысловую камэру, якую звалі «п*дарскай» — у ёй чынілі гвалтаваньні, ёю пагражалі палонным мужчынам. Расейскія вайскоўцы, гаворыцца ў справаздачы, таксама маглі прымушаць адных палонных зьдзяйсьняць сэксуалізаваны гвалт над іншымі ці назіраць за тым, што адбываецца.
Адно зь месцаў, у якіх расейскія вайскоўцы і сілавікі катавалі ўкраінскіх палонных падчас акупацыі Херсону
Дасьледнікі Truth Hounds апавядаюць, што ўкраінскіх палонных трымаюць у скляпах, гаражах, а таксама ў фармальных месцах зьняволеньня — ІЧУ, СІЗА і турмах. Там разьмяшчаюцца ня толькі расейскія вайскоўцы, але і супрацоўнікі сілавых структураў: ФСБ, Расгвардыі, Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў. На думку праваабаронцаў, гэта дадаткова сьведчыць, што найвышэйшае сілавое і палітычнае кіраўніцтва Расеі ўхваляе сэксуалізаваны гвалт.
«Супрацоўнікі ФСБ прысутнічаюць у месцах зьняволеньня, на допытах, часам аддаюць загады аб сэксуалізаваным гвалце, часам у ім удзельнічаюць, — кажа Эван Гарары. — З дапамогай адкрытых крыніц мы змаглі задакумэнтаваць, што афіцэры ФСБ кіравалі гэтымі месцамі пазбаўленьня волі і былі ў курсе таго, што сэксуалізаваны гвалт адбываўся там штодня».
Да падобнай высновы прыйшлі і сьледчыя Незалежнай міжнароднай камісіі ААН для расьсьледаваньня парушэньняў падчас вайны Расеі супраць Украіны. Камісар ААН і юрыстка, якая шмат гадоў працуе з тэмай гендэрнага гвалту, Урында Гровэр раней казала «Настоящему времени»:
«Сэксуалізаваны гвалт — частка шырэйшай скаардынаванай палітыкі сыстэматычных катаваньняў з боку расейскіх уладаў, якую мы ў гэтым кантэксьце кваліфікавалі як злачынства супраць чалавечнасьці».
Рэабілітацыя пацярпелых
З прычыны грамадзкай стыгмы, цяжкай псыхалягічнай траўмы і боязі яе паўторна перажыць многія былыя палонныя ня хочуць расказваць аб перажытым. Аляксандар Максіменка кажа, што маштаб таго, што адбываецца, яго ўласны досьвед і той факт, што сэксуалізаваны гвалт уплывае на людзей рознага полу па-рознаму, падштурхнулі яго да дапамогі іншым мужчынам.
Максіменка зазначае, што галоўная задача Alumni — рэабілітаваць чалавека, каб ён змог вярнуцца да жыцьця і атрымаць кваліфікаваную дапамогу.
«Для многіх пацярпелых само пытаньне фіксацыі — дзесьці штосьці напісаць, нейкую заяву падпісаць — псыхалягічна непераадольнае, — кажа ён. — Кожны чалавек па-свойму гэта перажывае, да гэтага ставіцца, і таму шмат нашых хлопцаў цалкам паглыбіліся ў сябе, схаваліся ад грамадзтва і ня хочуць нічога ні бачыць, ні чуць. Каб ніхто не чапаў яго — і ўсё», — кажа ён.
Кіраўнікі арганізацый, якія перажылі гвалт з боку расейскіх вайскоўцаў: кіраўніца жаночай арганізацыі SEMA Ukraine Ірына Доўгань, кіраўнік Сеткі Alumni Аляксей Сівак і кіраўнік арганізацыі 29 December Андрэй Качмурадаў падпісваюць мэмарандум аб сумеснай працы. 2025
Сэксуалізаваныя катаваньні і гвалт нэгатыўна адбіваюцца на фізычным і мэнтальным здароўі. Іх наступствы суправаджаюць людзей усё астатняе жыцьцё. Гэта праблемы з зубамі, сэрцам, посттраўматычным разладам, у мужчын — праблемы з рэпрадукцыйным здароўем, расказваюць у Alumni і Truth Hounds.
«Мяне выпусьцілі пасьля [мэдычнага] абсьледаваньня з вось такім тоўстым эпікрызам, дзе запісаныя сур’ёзныя хваробы. Ну, я і так перажыў ужо да гэтага інфаркт, інсульт. А далей — страта зубоў, — кажа Максіменка. — У тых, хто прайшоў палон, практычна ўва ўсіх [праблемы] з зубамі, вачыма і так далей. Рэпрадукцыйная функцыя зьнікае пасьля катаваньняў токам. Калі спэрмаграма ў 30-гадовага хлопца чыстая, гэта жах», — кажа ён.
Перажыты досьвед сэксуалізаванага гвалту нясе і цяжкія наступствы для партнэрскіх і сямейных адносін, якія, у сваю чаргу, уплываюць на грамадзтва, кажа юрысконсульт Truth Hounds Эван Гарары.
«У тых, хто перажыў гвалт, могуць узьнікнуць цяжкасьці ў полавым жыцьці, і іх адносіны з сэксуальнасьцю могуць моцна пацярпець у будучыні. Адносіны з сабой, з уласным целам могуць сурʼёзна пацярпець праз тое, што хтосьці парушыў іх фізычную аўтаномію самым грубым чынам», — кажа Гарары.
Досьвед перажытага дазволіў удзельнікам Alumni распрацаваць уласныя мэтады рэабілітацыі, якія адпавядаюць іхным патрэбам на розных узроўнях. У прыватнасьці, у рамках ініцыятывы «Роўны — роўнаму» з тымі, хто зьвярнуўся па дапамогу, працуюць не перакваліфікаваныя псыхолягі, а мужчыны, якія самі перажылі палон і катаваньні ад расейскіх вайскоўцаў.
«Такі самы чалавек прайшоў усё гэта, атрымаў адукацыю, стаў фасылітатарам і вядзе ўжо канкрэтнага чалавека ў жыцьцё», — кажа Максіменка. Таксама ўдзельнікі сеткі самі распрацавалі комплекс цялесна-псыхалягічных практык, якія ім дапамагаюць у фізычнай рэабілітацыі.
Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны завёў 401 справу аб сэксуалізаваным гвалце з боку расейскіх вайскоўцаў над цывільнымі украінкамі і ўкраінцамі. Большасьць выпадкаў зафіксаваная ў Херсонскай, Данецкай і Кіеўскай вобласьцях. Аб гвалце з боку расейскіх вайскоўцаў над мужчынамі пракуроры вядуць 151 справу , над жанчынамі — 250 справаў, 23 зь іх — дзеці. Аднак у ведамстве і праваабарончых арганізацыя падкрэсьліваюць, што рэальна пацярпелых нашмат больш. Чакаецца, што па сканчэньні часу больш людзей раскажуць аб перажытым.
«Дакумэнтаваньне гэтага віду злачынстваў займае шмат часу, бо тым, хто перажыў гвалт, могуць спатрэбіцца гады, каб адчуць сябе камфортна, абмяркоўваючы тое, што адбылося, паколькі гэта вельмі траўматычна. Гэта толькі пачатак захадаў дзеля аднаўленьня справядлівасьці», — кажа Эван Гарары.
Таксама гэта частка доказнай базы, якая будзе прымяняцца ўжо ў рэальных судовых працэсах. У прыватнасьці, праваабаронцы актыўна супрацоўнічаюць зь Міжнародным крымінальным судом у Гаазе.