Гэтая рэдкая паездка адбылася ў час, калі захады Вашынгтону дзеля спыненьня вайны Расеі супраць Украіны зайшлі ў тупік, а занепакоенасьць ЗША стасункамі Масквы з Іранам узмацнілася, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
«Характар паездкі сьведчыў, што стаўкі былі высокія», — заявіў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Глен Гоўард, экспэрт у справах Расеі, старшыня амэрыканскага аналітычнага цэнтру Saratoga Foundation.
«Дырэктары ЦРУ ня едуць у Маскву проста для таго, каб нешта спытаць», — сказаў Гоўард і дадаў: яны «едуць у Расею, калі гэта важна».
Ён згадаў візыт папярэдняга кіраўніка ЦРУ Ўільяма Бэрнза ў Маскву.
«Бэрнз паехаў туды ў лістападзе 2021 году перад расейскім уварваньнем, з папярэджаньнем, каб не ўрываліся ва Ўкраіну», — сказаў экспэрт.
Адно з магчымых тлумачэньняў — вайна ва Ўкраіне
Высокапастаўленыя службоўцы амэрыканскай выведкі падтрымлівалі кантакты з сваімі расейскімі калегамі падчас вайны, але асабістыя сустрэчы на такім узроўні застаюцца рэдкімі.
Адно з магчымых тлумачэньняў — Украіна, а менавіта спробы адміністрацыі ЗША вызначыць, ці можна ўсё яшчэ пераканаць Маскву дамовіцца аб спыненьні вайны. Нягледзячы на сустрэчу Трампа з Пуціным на Алясцы ў жніўні 2025 году, захады пры пасярэдніцтве ЗША зайшлі ў тупік.
«Я спадзяваўся б, што на першым месцы ў ягоным сьпісе было б простае патрабаваньне да Ўладзіміра Пуціна спыніць гэтую адкрыта агрэсіўную вайну супраць Украіны», — сказаў у інтэрвію Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Брэдлі Боўман, старшы дырэктар Цэнтру вайсковай і палітычнай улады пры вашынгтонскім Фондзе абароны дэмакратыяў.
Боўман, былы дарадца камітэтаў узброеных сілаў і міжнародных адносінаў Сэнату ЗША, сказаў, што Вашынгтон павінен даць зразумець: адмова спыніць вайну прывядзе да ўсё больш балючых захадаў супраць Расеі, у той час як Злучаныя Штаты й іхныя хаўрусьнікі будуць надалей дапамагаць Украіне абараняцца.
ЗША таксама занепакоеныя расейскай падтрымкай Ірану
Боўман зьвярнуў увагу на яшчэ адну патэнцыйную тэму — падтрымку Ірану Расеяй.
«Спадзяюся, ён таксама скажа, што Ўладзіміру Пуціну лепш спыніць дапамогу Ірану ў запуску спадарожнікаў», — сказаў Боўман, дадаўшы, што Масква таксама павінна перастаць надаваць Ірану падтрымку, якая дазваляе таму атакаваць амэрыканскія сілы.
Расея мае шырокія вайсковыя і гандлёвыя сувязі з Іранам. Паездка Рэткліфа адбылася назаўтра пасьля таго, як міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт абвясьціў пра новыя захады дзеля «абсячэньня ўсіх сродкаў паратунку гэтага тыранічнага рэжыму» і заявіў, што краінам будуць выстаўленыя тэрміны для «адключэньня» дзейнасьці, якая падмацоўвае Іран.
Гоўард выказаў падобнае меркаваньне: Іран можа быць цэнтральнай тэмай місіі Рэткліфа, але падкрэсьліў, што гэта яго здагадка, а не ўстаноўлены факт.
На яго думку, Рэткліф мог спрабаваць пераканаць Маскву спыніць пастаўкі або дапамогу Ірану, што патэнцыйна ператварыла б паездку ў незвычайна адкрытае папярэджаньне Крамлю.
Боўман спаслаўся на паведамленьні аб тым, што Расея давала Ірану інфармацыю аб цэлях і перадала тактыку й мэтодыкі выкарыстаньня дронаў, распрацаваныя падчас вайны ва Ўкраіне. Ён сьцьвярджае, што маскоўская падтрымка можа быць адной з прычын, чаму Іран здолеў захаваць вайсковую ўстойлівасьць і супраціўляцца ціску ў перамовах.
Што кажуць у Маскве
Візыт дырэктара ЦРУ Джона Рэткліфа ў Маскву 25 жніўня быў зьвязаны з «кантактамі паміж спэцслужбамі», заявіў прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў газэце The Washington Post, не даючы падрабязнасьцяў.
Раней Масква абвінаваціла Злучаныя Штаты ў тым, што яны аказваюць моцную падтрымку ўкраінскім ударам па Расеі. Безь пераканаўчых доказаў расейскі міністар замежных справаў Сяргей Лаўроў раней у гэтым месяцы заявіў, што Расея накіравала Дзяржаўнаму дэпартамэнту пытаньні «наконт зьвестак выведкі і таго факту, што ЗША значна глыбей залучаныя ў арганізацыю і выкананьне ўдараў углыб расейскай тэрыторыі».