Новы аналіз засьведчыў, што ва Ўкраіне загінулі больш за 700 000 расейскіх вайскоўцаў

Ілюстрацыйнае фота

Лініі фронту ў поўнамаштабнай вайне Расеі супраць Украіны ператварыліся ў «зону зьнішчэньня», дзе дроны й іншыя тэхналёгіі прывялі да астранамічных стратаў.

Паводле новага аналізу, за амаль пяць гадоў вайны ва Ўкраіне загінулі больш за 700 000 расейскіх вайскоўцаў. Гэтая ашаламляльная лічба сьведчыць як пра імкненьне Масквы захапіць украінскія тэрыторыі, так і пра рашучасьць Украіны наносіць праціўніку маштабныя страты ў жывой сіле, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Зьвесткі, апублікаваныя 23 лістапада, сабралі супольна выданьні «Медуза» і «Медиазона». Яны вядуць пастаянны падлік расейскіх стратаў (забітых і параненых), грунтуючыся пераважна на інфармацыі з рэестраў спадчынных справаў.

У новую лічбу ўключаныя зьвесткі, атрыманыя ў выніку нядаўняга ўзлому базы дадзеных расейскага дзяржаўнага статыстычнага ведамства «Росстат».

Адказнасьць за ўзлом узялі на сябе хакеры з груповак «Беларускія кібэрпартызаны» і Silent Crow; яны перадалі значную частку атрыманай інфармацыі журналістам і іншым зацікаўленым асобам.

З улікам колькасьці параненых агульныя страты Расеі могуць перавысіць 2 мільёны чалавек — лічба, якая значна перавышае сукупныя страты Масквы ўва ўсіх войнах, што яна вяла пасьля Другой усясьветнай вайны.

Гэтыя новыя зьвесткі таксама ў цэлым супадаюць з прыблізнымі ацэнкамі, якія раней агучвалі заходнія выведныя і вайсковыя службы.

У траўні галоўнае брытанскае агенцтва радыёэлектроннай выведкі — Цэнтар ўрадавай сувязі (GCHQ) — засьведчыла, што загінулых расейскіх вайскоўцаў больш як 500 000 чалавек.

У штогадовым дакладзе, апублікаваным у мінулым месяцы, галоўная вайсковая выведка Нідэрляндаў ацаніла агульныя незваротныя страты Расеі (на канец 2025 году) у 1,2 мільёна чалавек, зь якіх больш за 500 000 загінулі.

Расеі ўдаецца працягваць наступ ва Ўкраіне (у лютым будзе пяцігодзьдзе поўнамаштабнай вайны) шмат у чым дзякуючы вельмі высокім выплатам добраахвотнікам — мужчынам, якіх прывабілі грошы, — а таксама сацыяльным гарантыям для тых, хто выжыў.

Значную частку расейскіх вайскоўцаў, асабліва ў пяхотных падразьдзелах на перадавой, складаюць таксама былыя зьняволеныя.

Паводле дасьледніка Яніса Клюге, які аналізаваў паказьнікі набору на падставе рэгіянальных бюджэтаў, сёлета фінансавыя стымулы сталі крыху менш прывабнымі.

Гэтыя зьвесткі сьведчаць, што расейскім уладам усё цяжэй вэрбаваць людзей і падтрымліваць патрэбную колькасьць асабовага складу ў падразьдзелах на фронце.

З свайго боку Ўкраіна таксама панесла калясальныя страты загінулымі й параненымі, абараняючыся ад расейскага ўварваньня.

Украіна ўжо шмат гадоў не публікуе афіцыйных зьвестак, аднак Цэнтар стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (Вашынгтон) ацаніў «незваротныя» страты Кіева, якія ўключаюць як загінулых, так і цяжка параненых, прыкладна ў 600 000 чалавек.

Гэта лічба ўражвае яшчэ больш, бо насельніцтва Ўкраіны меншае.

Адрозна ад Расеі, Украіне даводзіцца прыкладаць значныя намаганьні, каб падтрымліваць папаўненьне асабовага складу на перадавой. Кіеўскія ўлады правялі рэформу сыстэмы набору вайскоўцаў, аднак жорсткія мэтады мабілізацыі — якія атрымалі назву «бусыфікацыя» — выклікалі абурэньне многіх украінцаў.

Ва Ўкраіне на вайне гінуць і беларусы — як на баку Расеі, так і Ўкраіны, ідзецца пра сотні грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Колькі беларусаў загінулі ва Ўкраіне? Што выявіў выцек «Расстату»