«Цяпер вайна дайшла і да нас»: расейцы, што жывуць далёка ад Украіны, — пра напады бесьпілётнікаў

Your browser doesn’t support HTML5

Украіна сьцьвярджае, што зьнішчыла дзясяткі далёкасяжных бамбавікоў па ўсёй Расеі бесьпілётнікамі, якія кантрабандай увозілі туды фурамі ў драўляных грузавых кантэйнэрах, а затым запускалі з бліжэйшых да аэрадромаў месцаў.

Тры гады зь лішнім большая частка Расеі назірала за вайной, якую пачало поўнамаштабнае ўварваньне Крамля ва Ўкраіну, здалёк. Цяпер, як кажуць некаторыя, сьмелая атака Кіева ў глыбіні Расеі азначае, што вайна дайшла да іхнага парогу.

У Іркуцкай, Мурманскай, Разанскай і Іванаўскай вобласьцях Расеі бесьпілётнікі ўдарылі па авіябазах, што шакавала расейскія ўлады і грамадзян.

«Гэта было агнявое пекла», — расказалі жыхары Іркуцкай вобласьці праекту Радыё Свабода «Сибирь Реалии».

У Сібіры, прыкладна за 4000 км ад Украіны, жыхары, як выглядае, былі ашаломленыя.

«Цяпер вайна дайшла і да нас», — сказалі жыхары праграме «Сибирь Реалии».

Служба бясьпекі Ўкраіны (СБУ) заявіла, што дзясяткі далёкасяжных бамбавікоў па ўсёй Расеі былі атакаваныя бесьпілётнікамі, якія кантрабандай увозілі туды фурамі ў драўляных грузавых кантэйнэрах, а затым запускалі з бліжэйшых да аэрадромаў месцаў.

Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі назваў гэтыя атакі «абсалютна бліскучым вынікам» апэрацыі, якую рыхтавалі заняла больш за паўтара года. Паводле відавочцаў, бесьпілётнікі вылецелі з грузавіка, які спыніўся на шашы Р-255 «Сібір». Гэтую інфармацыю пацьвердзіў губэрнатар рэгіёну Ігар Кобзеў, які адзначыў, што гэта была першая дронавая атака ў Сібіры.

На вайсковай базе «Белая» ў пасёлку Срэдні Іркуцкай вобласьці атакай дронаў зьнішчаны прынамсі адзін транспартны самалёт, з словаў відавочца, які сказаў, што атака доўжылася як мінімум паўтары гадзіны.

«Я назіраў увесь гэты кашмар празь бінокль — сапраўды жахлівае відовішча», — сказаў сьведка, які назваўся Раманам, у інтэрвію Радыё Свабода. — Спачатку мы пачулі пляск і ўбачылі велізарны слуп дыму. Адразу я падумаў, што ўпаў яшчэ адзін самалёт — два месяцы таму ўпаў бамбавік з гэтага аэрадрома . Потым я дакладна бачыў чатыры моцныя выбухі. Бо пасьля кожнага зь іх пачынаў валіць шэры дым... А калі яны ўдарылі ў транспартны самалёт, то наагул увесь аэрадром быў нібы ў агні», — сказаў Раман.

Дым пасьля нападу ўкраінскага дрона ў Іркуцкай вобласьці Расеі

Яшчэ адзін відавочца зь вёскі Бурэць, што недалёка ад аэрадрому, сказаў: «Наш дом некалькі разоў трэсла ад выбуховай хвалі».

Напад 1 чэрвеня разглядаецца як чарговая вялікая ганьба для расейскіх вайскоўцаў і спэцслужбаў, бо Ўкраіна, як выяўляецца, месяцамі вядзе таемную дзейнасьць унутры Расеі. Кіеў звычайна не прызнаецца ў такіх атаках з выкарыстаньнем дронаў і, магчыма, спэцыяльных сілаў для ўдараў па такіх аб’ектах, як паліўныя склады і трубаправоды, пераважна ў раёнах, бліжэйшых да ўкраінска-расейскай мяжы.

Паведамленьні аб дронавых атаках 1 чэрвеня зьявіліся празь некалькі гадзін пасьля двух інцыдэнтаў, у якіх была пашкоджана чыгуначная інфраструктура на захадзе Расеі і загінулі ня менш за 8 чалавек.


Наступствы абвалу моста і сыходу цягніка з рэек у Бранскай вобласьці Расеі

Не адразу было зразумела, ці зьвязаныя паміж сабой гэтыя два інцыдэнты. Расейскі Сьледчы камітэт абвінаваціў невядомых у «незаконным умяшаньні» ў дзейнасьць чыгункі, не падаючы дэталяў.

У Іркуцку губэрнатар Кобзеў заклікаў жыхароў рэгіёну да спакою, але некаторыя казалі, што ім надакучыла вайна.

«Вайна ідзе чацьвёрты год, што будзе на пяты? Вы ня ведаеце, як змагацца, мірыцеся, ня ганьбіце сябе», — сказала жанчына, якая назвалася Марынай.

Іншыя таксама пачалі сумнявацца ў здольнасьці ўладаў запэўніць ім бясьпеку, бо ёсьць страх, што калі грузавіком можна завезьці выбухоўку так далёка ўглыб краіны, а потым выкарыстаць у апэрацыі, гэта можа быць не апошняя атака.

«Як? Як гэта магчыма? Як яны прапусьцілі гэтыя фуры? Вельмі шмат пытаньняў», — пытаецца жанчына, якая назвалася Сьвятланай.


Наступствы атакі дронаў на Мурманскую вобласьць Расеі

У Мурманскай вобласьці губэрнатар Андрэй Чыбіс пацьвердзіў атаку бесьпілётнікаў, таксама запушчаных з грузавіка, прыпаркаванага каля гораду Аленягорску. Відавочцы з гэтага раёну паведамілі праекту Радыё Свабода «Сибирь Реалии», што назіралі як мінімум 10 выбухаў на авіябазе.

«У Аленягорску пачалася вайна. За лесам валіць дым ад выбухаў», — сказаў адзін зь іх, адзначыўшы, што кіроўцу фуры, у якой маглі быць дроны, арыштавала дарожная паліцыя.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зьявіліся здымкі пасьля нападу ўкраінскіх дронаў на расейскі стратэгічны аэрадром

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Удары па расейскіх аэрадромах могуць абмежаваць здольнасьць Расеі біць па Ўкраіне, — Інстытут вывучэньня вайны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дроны атакавалі авіябазы ў чатырох рэгіёнах Расеі, у тым ліку ўпершыню — у Іркуцкай вобласьці

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.