Скрыншот зь відэа ўдару па авіябазе «Белая» у Іркуцкай вобласьці.
Дроны атакавалі 1 чэрвеня расейскія авіябазы ў Мурманскай і Іркуцкай вобласьцях. Паводле тэлеграм-каналу Baza і іншых праваенных рэсурсаў, ідзецца пра базы «Аленевая» ў Мурманскай вобласьці і «Белая» ў Іркуцкай вобласьці.
Іркуцкі губэрнатар Ігар Кобзеў пацьвердзіў атаку дронаў у вобласьці. Паводле яго зьвестак, цэльлю была вайсковая частка ў пасёлку Срэдні.
«Адзін скід быў на стары будынак у Навамальцінску. Дакладная колькасьць БПЛА пакуль не падлічаная. Крыніца, адкуль былі выпушчаныя дроны, ужо заблякаваная», — паведаміў Кобзеў, які заклікаў насельніцтва Іркуцкай вобласьці «не паддавацца паніцы».
Атаку FPV-дронаў пацьвердзіў і губэрнатар Мурманскай вобласьці Андрэй Чыбіс. Паводле яго, «працуюць СПА, праваахоўнікі і надзвычайныя службы».
Пад удар таксама трапілі аэрадромы «Дзягілева» ў Разанскай вобласьці ды «Іванава» ў Іванаўскай вобласьці.
«РБК-Украіна» з спасылкай на крыніцы ва Ўзброеных сілах Украіны піша, што атака на аэрадромы ў Расеі — гэта «маштабная спэцапэрацыя зьнішчэньня варожай бамбавальнай авіяцыі». Сьцьвярджаецца, што пашкоджана ўжо 40 самалётаў, якія «кожную ноч бамбяць украінскія гарады».
З словаў відавочцаў, у абодвух выпадках дроны, якія атакавалі авіябазы, вылецелі з грузавых фураў.
Тэлеграм-канал «Ваенны інфарматар» апублікаваў відэа, суправадзіўшы подпісам: «Як мінімум тры Ту-95МС і адзін транспартны самалёт палаюць у выніку трапляньня FPV-дронаў». Ту-95МС — гэта расейскі стратэгічны бамбавік-ракетаносец. «Як гэта камэнтаваць — мы ня маем уяўленьня», — гаворыцца ў іншым паведамленьні каналу.
Крыніцы ўкраінскага выданьня «Бабель» у СБУ расказалі пра апэрацыю «Павуціна», цэлямі якой сталі больш за 40 расейскіх вайсковых самалётаў, у тым ліку А-50, Ту-95 і Ту-22 М3.
Пацьвярджэньня зьвестак аб наступствах атакі зь незалежных крыніц у Радыё Свабода на гэты момант няма.
Форум
Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Форум