Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё 21 траўня накіроўваецца ў Швэцыю на сустрэчу міністраў замежных спраў краін NATO.
Тым часам эўрапейскія саюзьнікі ЗША імкнуцца атрымаць адказы ў сувязі з заяўленым скарачэньнем колькасьці амэрыканскіх войскаў і рыторыкай Вашынгтону адносна альянсу, якая пастаянна мяняецца, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Рубіё прыме ўдзел у сустрэчы ў Хэльсынгборгу 22 траўня, адной з апошніх сустрэч міністраў высокага ўзроўню перад самітам альянсу ў Анкары ў ліпені. Паводле Дзяржаўнага дэпартамэнту, чакаецца, што галоўны дыплямат ЗША будзе настойваць на тым, каб саюзьнікі павялічылі выдаткі на абарону і «больш разьмеркавалі яе цяжар», а таксама засяродзіліся на бясьпецы ў Арктыцы.
Але сустрэча адбываецца ў момант глыбокай трывогі. Эўрапейскія чыноўнікі імкнуцца да яснасьці адносна таго, наколькі Вашынгтон плянуе скараціць сваю вайсковую прысутнасьць на эўрапейскім кантынэнце пасьля сэрыі рэзкіх крокаў Пэнтагону, якія ўзрушылі альянс.
Нявызначанасьць вынікае зь нядаўніх заяў, што выклікалі асьцярогі па ўсёй Эўропе, што Вашынгтон можа аслабіць свае гарантыі ў такі небясьпечны для Эўропы момант.
Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб плянах вываду 5000 вайскоўцаў зь Нямеччыны. Пазьней Пэнтагон пацьвердзіў, што адмяняе заплянаванае ратацыйнае разгортваньне каля 4000 вайскоўцаў ЗША ў Польшчы і адкладвае пляны разгортваньня батальёна крылатых ракет «Тамагаўк» наземнага базаваньня ў Нямеччыне.
Высокапастаўлены эўрапейскі дыплямат, які размаўляў з Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода на ўмовах ананімнасьці, папярэдзіў, што асноўная сіла альянсу падрываецца адсутнасьцю камунікацыі.
«Самае горшае, што кантынэнт, здаецца, трымаецца ў няведаньні адносна маштабаў гэтага скарачэньня», — сказаў дыплямат, адзначыўшы, што такія дзяржавы, як краіны Балтыі, што стаяць на першай лініі абароны, з цяжкасьцю могуць рабіць свае пляны.
Дыплямат дадаў, што паведамленьні аб плянах ЗША скараціць унёсак у мадэль NATO, згодна зь якой чальцы загадзя вылучаюць сілы для буйных крызісаў, «значна пагоршаць» пачатковыя лініі абароны Эўропы.
Але чыноўнікі адміністрацыі ЗША настойваюуць на тым, што гэтыя крокі зьяўляюцца часовымі карэкціроўкамі, а не стратэгічным адступленьнем. Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джэй Ды Вэнс нядаўна заявіў, што адміністрацыя па-ранейшаму сканцэнтраваная на «эўрапейскай незалежнасьці і сувэрэнітэце», а прэс-сакратар Пэнтагону Шон Парнэл ахарактарызаваў рашэньне па Польшчы як «стандартную затрымку ратацыі».
Для многіх эўрапейскіх чыноўнікаў прысутнасьць Рубіё дае пэўную ўпэўненасьць. У Брусэлі і ўсходнеэўрапейскіх сталіцах найвышэйшага амэрыканскага дыплямата ўспрымаюць як больш стабільную і традыцыйную трансатлянтычную фігуру, чым некаторыя іншыя ў адміністрацыі Трампа.
Украінскія бесьпілётнікі і апэратары на вайсковых вучэньнях NATO «Аўрора 26» на востраве Готлянд, Швэцыя, 11 траўня 2026
Кангрэсмэн Дон Бэйкан, рэспубліканец з Нябраскі, заявіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што Рубіё гуляе ключавую ролю ў стабілізацыі адносін. Бэйкан выказаў надзею, што Рубіё ўмацуе прыхільнасьць Вашынгтону калектыўнай абароне, адначасова заклікаючы эўрапейскіх саюзьнікаў павялічыць выдаткі на абарону. Бэйкан неаднаразова сьцьвярджаў, што альянсы застаюцца галоўнымі для інтарэсаў бясьпекі ЗША, і папярэджваў аб ізаляцыянізьме на фоне ўзрастаючых пагроз з боку Расеі, Кітая і Ірану.
Задача Рубіё ў Швэцыі будзе заключацца ў тым, каб пераадолець двухбаковы ціск: абараняць палітыку «Амэрыка на першым месцы» перад скептычна настроенымі эўрапейскімі саюзьнікамі, захоўваючы пры гэтым адзінства ўнутры альянсу, які супрацьстаіць усё больш напорыстай Расеі.