«Горад ператварыўся ў суцэльную трасу дронаў». Рэпартаж з ускраін Канстанцінаўкі, куды спрабуе наступаць войска Расеі. ВІДЭА

Your browser doesn’t support HTML5

Рэпартаж тэлеканалу «Настоящее время» з ускраін Канстанцінаўкі, куды спрабуе наступаць войска Расеі

Расейскія войскі рыхтуюць наступ на Канстанцінаўку паводле «пакроўскага сцэнара», паведамляе амэрыканскі Інстытут вывучэньня вайны.

Рэпартаж з усходніх ускраін Канстанцінаўкі, куды спрабуе наступаць армія РФ, зрабіў тэлеканал «Настоящее время».

Паводле ацэнкі аналітыкаў, армія Расеі актыўна выкарыстоўвае дроны, каб устанавіць кантроль над паветранай прасторай. Мэта — парушыць лягістыку і стварыць умовы для штурму. На гэтым кірунку ваюе 24-я брыгада УСУ, з байцамі якой пагаварыў карэспандэнт «Настоящего времени».

Байцы 93-1 брыгады УСК каля Канстанцінаўкі

Артылерысты 24-й брыгады Ўзброеных сілаў Украіны вядуць агонь па расейскай пяхоце. Доўга весьці агонь нельга: прыладу можа заўважыць расейскі дрон. Як кажуць украінскія вайскоўцы, на Канстанцінаўскім кірунку сытуацыя абвастрылася.

«Мы трымаем усходнюю мяжу гораду Канстанцінаўка, вораг спрабуе прасунуцца з Часавага Яру таксама на Канстанцінаўку. У нашай паласе адказнасьці цяпер яму не ўдаецца гэтага зрабіць, у сувязі з чым супернік пачаў інтэнсіўна зьнішчаць горад. Ён б’е кіраванымі авіябомбамі, бʼе артылерыяй, FPV-дронамі. Горад ужо ператварыўся ў суцэльную трасу дронаў, лётаюць FPV, таксама лётаюць ударныя „крылы“ — такія як „Молния“ і гэтак далей», — апавядае вайсковец УСУ Канстанцін.


Канстанцінаўка, сьнежань 2025 году

У амэрыканскім Інстытуце вывучэньня вайны прыйшлі да высновы, што войска Расеі хоча распачаць наступ на Канстанцінаўку паводле сцэнара Пакроўску. Велізарнай колькасьцю дронаў спрабуюць узяць пад кантроль неба, перарэзаць лягістыку, ладзяць засады для ўкраінскіх войскаў і праводзяць выведку магчымых маршрутаў.

«У Канстанцінаўцы — ня надта. Даехаць туды вельмі складана. Саму дарогу з Канстанцінаўкі на Дружкаўку пастаянна манітораць, 24 на 7. Хлопцы кажуць, што прасьцей пешшу зайсьці, чым заехаць», — горка ўсьміхаецца вайсковец УСУ Міхаіл.

Акрамя бесьпілётнікаў, расейцы накіроўваюць да ўкраінскіх пазыцыяў адзіночных байцоў, расказвае Канстанцін:

«У іх ёсьць такая цэлая кагорта людзей, іх празвалі „адкрывашкі“. Чаму так? Таму што гэта, як правіла, байцы, якіх расейцы не шкадуюць. Іх місія — гэта паспрабаваць адкрыць нейкі праход».

Канстанцінаўка, сьнежань 2025 году

Такімі «адкрывашкамі» ў войску Расеі прызначаюць парушальнікаў ці проста вінаватых перад начальствам, тлумачаць украінскія вайскоўцы:

«Нейкія мэты, каб тамака замацавацца і доўга трымаць пазыцыю, — не. Гэта проста каб праверыць кірунак, ці можна там прайсьці. Калі яны адцягваюць на сябе ўвагу, то ззаду можа нехта забегчы, паставіць сьцяг і сказаць — мы ўзялі гэты ці іншы населены пункт».

Калі ў такіх салдатаў сканчаюцца ежа і вада, яны часта здаюцца ў палон, дадае Канстанцін:

«Чаму яны самі вельмі часта здаюцца ў палон? Таму што лягістыка праціўніка ня здольная забясьпечыць ім харчаваньне, боепрыпасы і гэтак далей».

Канстанцінаўка, Дружкаўка, а за імі Краматорск і Славянск — найбуйнейшая аглямэрацыя Данецкай вобласьці, якую расейскія войскі так і не змаглі захапіць за час поўнамаштабнай вайны. Як паведаміў у інтэрвію LB.ua намесьнік кіраўніка Офісу прэзыдэнта Украіны Павал Паліса, расейскім войскам паставілі новы дэдлайн: да красавіка гэтага году акупаваць увесь Данбас. Але, як дадаў Паліса, гэта ня першы такі загад.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Перад чарговым раўндам мірных перамоваў стала вядома, як украінцы ставяцца да перадачы Данбасу Расеі

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі распавёў аб амэрыканскай прапанове па Данбасе