Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад чарговым раўндам мірных перамоваў стала вядома, як украінцы ставяцца да перадачы Данбасу Расеі

Манумэнт Незалежнасьці Ўкраіны ў цэнтры Кіева. Ілюстрацыйнае фота
Манумэнт Незалежнасьці Ўкраіны ў цэнтры Кіева. Ілюстрацыйнае фота

Украінскія сацыёлягі канстатуюць рост колькасьці грамадзян Украіны, гатовых трываць вайну столькі, колькі будзе трэба.

«На канец студзеня 2026 году расейская кампанія маштабных удараў па ўкраінскай энэргетыцы і намаганьняў пагрузіць насельніцтва ў цемру і холад істотна не паўплывала на настроі. Мы не назіраем росту падтрымкі міру „на любых умовах“, у тым ліку ў сталіцы, якая была асаблівым аб’ектам удараў у студзені. Наадварот, мы бачым, што ў большасьці насельніцтва захоўваецца воля да працягу супраціву, таксама большасьць падтрымлівае нанясеньне ўдараў па Расеі», — сказаў выканаўчы дырэктар Кіеўскага міжнароднага інстытуту сацыялёгіі Антон Грушэцкі.

Згодна з вынікамі апытаньня, што праводзіў Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі, 65% апытаных паведамілі, што яны гатовыя трываць вайну столькі, колькі будзе трэба. У сьнежні і верасьні мінулага году такія думкі выказвалі па 62% рэспандэнтаў.

Супраць прапановы перадаць пад кантроль Расеі ўвесь Данбас у абмен на гарантыі бясьпекі выказаліся 52% апытаных, а 40% з такой умовай пагадзіліся. Паводле сацыёлягаў, стаўленьне ўкраінцаў да гэтага ў папярэдніх апытаньнях істотна не зьмянілася.

Толькі 20% апытаных разьлічваюць, што вайна завершыцца найбліжэйшымі тыднямі або хаця б у першай палове 2026 году.

Згодна з вынікамі апытаньня, 88% рэспандэнтаў адзначылі, што ўдарамі па энэргетыцы Расея спрабуе прымусіць Украіну да капітуляцыі, 90% думаюць, што Ўкраіна павінна наносіць удары па Расеі, 80% — што ўкраінскае войска мусіць абстрэльваць ня толькі вайсковыя аб’екты на расейскай тэрыторыі.

Крыху пабольшала рэспандэнтаў (66%), перакананых у тым, што Ўкраіна праз 10 гадоў будзе квітучай краінай Эўразьвязу. Летась у сьнежні такой думкі прытрымліваліся 64% апытаных.

Кіеўскі міжнародны інстытут сацыялёгіі праводзіў апытаньне 23–29 студзеня 2026 году мэтадам тэлефонных інтэрвію на аснове выпадковай выбаркі нумароў. Ва ўсіх падкантрольных Украіне рэгіёнах апыталі 1003 рэспандэнты ва ўзросьце ад 18 гадоў і старэйшых. У апытаньні ня ўдзельнічалі жыхары акупаваных Расеяй тэрыторыў і грамадзяне Ўкраіны за мяжой. Статыстычная памылка вынікаў не перавышае 5,8%.

Неўзабаве ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах павінны зноў прайсьці трохбаковыя перамовы аб вайне Расеі ва Ўкраіне з удзелам прадстаўнікоў ЗША, Украіны і Расеі.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG