Запароская атамная электрастанцыя разьмешчаная на левым беразе Дняпра ў Энэргадары, цяпер акупаваным расейцамі. Пра яе шмат гавораць у навінах, асабліва ў кантэксьце мірных перамоваў, перадае тэлеканал Настоящее время.
У Нікапалі — ён на супрацьлеглым беразе ракі — заўсёды сочаць за акупаванай Расеяй атамнай электрастанцыяй, таму што знаходзяцца побач. Горад мае спэцыяльныя прадпісаньні, як дзейнічаць і як эвакуявацца ў выпадку надзвычайнай сытуацыі.
Вуліцы горада амаль пустыя, па ім толькі што вялі артабстрэл. Дэтэктар дронаў папярэджвае аб бесьпілётніках-камікадзэ.
Наступствы расейскай атакі на школу ў Нікапалі
Мясцовыя жыхары пільна рэагуюць на сыгналы трывогі. Расейскі снарад можа прыляцець у любы момант. Нядаўна ў горадзе адбылася чарговая трагедыя: 31 студзеня ў выніку абстрэлу загінуў гулец футбольнага клюба «Нікапаль» Улад Стральчук.
«Вось дзе загінуў малады хлопец, дзе паранена шэсьць чалавек, гэта было сярод белага дня, — паказвае кіраўнік Нікапальскай ваеннай адміністрацыі Іван Базылюк. — Пашкоджана гэтая кавярня. Тут Rozetka ў нас — інтэрнэт-крама. І менавіта сюды ён прыехаў. Ён займаўся невялікім бізнэсам, прыехаў атрымліваць пасылку гэты хлопец, 31-гадовы, і менавіта тут ён загінуў. Тут дастаткова ажыўленае месца, таму на той час дастаткова было людзей. Людзі таксама прыехалі атрымліваць сюды пасылкі, і менавіта сюды прыляцела».
У дзень, калі загінуў футбаліст Улад Стральчук, параненым пасьля абстрэлу дапамагала прадпрымальніца Ганна. Пацярпелыя хаваліся ў яе кавярні. На прыступках яшчэ відаць сьляды крыві.
«Мы аднавіліся. Тэлефанавалі сябры, усё прыбеглі, усё памылі, пачысьцілі, забілі дзьверы, шкло вынесьлі. Сёньня мы ўжо працуем», — кажа Ганна.
Антыдронавая сетка на вуліцы Нікапаля
Паводле кіраўніка мясцовай адміністрацыі, з 2022 года ад расейскіх абстрэлаў у Нікапальскім раёне загінулі 155 цывільных людзей. Больш за 1200 чалавек былі параненыя.
— Колькі разоў у дзень можа ўключацца трывога?
— Гэта дзясяткі, часам гэта і восемдзесят, і сто разоў, гэта дастаткова шмат. У цэлым па Нікапальскім раёне дастаткова шмат, — адказвае Іван Базылюк.
Над дарогамі ў цэнтры горада нацягнуты антыдронавыя сеткі. Рызыка ўдараў FPV-дронаў вельмі высокая, як і рызыка артылерыйскага абстрэлу, таму каля кожнага прыпынку ёсьць схованкі з габіёнаў (умацаваньні з сетак і камянёў), куды людзі могуць схавацца ў выпадку нечаканага абстрэлу. Габіёны хаваюць ад аскепкаў, сетка павінна выратаваць ад FPV-дронаў.
Мясцовыя жыхары расказваюць, што перамяшчаюцца па горадзе ледзьве не перабежкамі.
«Я нікуды не выяжджала, працую побач, вось у „Аўроры“. Дзеці разам, страшна, але жывем. Абстрэлы кожны дзень. А дзе ня страшна?» — кажа гараджанка Людміла. «Вядома, вельмі страшна. Бегаем так з перабежкамі, калі можна так сказаць. З дому выбег — хуценька ў АТБ і на працу, больш нікуды не ходзім. Таму што немагчыма выйсьці, вы ж бачыце, што робіцца. Сытуацыя вельмі складаная. Спадзяемся, што будуць перамовы і нешта будзе пазытыўнае», — распавядае Вольга.
Мясцовыя ўлады заяўляюць, што робяць усё магчымае, каб горад і раён працягвалі функцыянаваць. Працягвае працаваць і бізнэс. Уладзіслаў Пятроў нядаўна адкрыў кавярню:
«Мы, як прадпрымальнікі, плацім падаткі, і мы павінны ствараць умовы, каб людзям было камфортна, каб яны заўсёды маглі прыйсьці да нас, выпіць кубачак смачнай кавы, прысесьці і адпачыць ад гэтай абстаноўкі».
Перабоі з электрычнасьцю з-за абстрэлаў у горадзе таксама ёсьць. Але, як тлумачаць мясцовыя жыхары, не такія, як у Кіеве.
«З электрычнасьцю крыху лягчэй: мы ж як зона актыўных баявых дзеяньняў і прыфрантавая зона, у нас няма графікаў адключэньня, ёсьць толькі аварыйныя адключэньні, калі ёсьць пашкоджаньні і рамонтныя працы», — кажа Ўладзіслаў.
Наступствы расейскага ўдару па Нікапальскім раёне, 2025
Трывога жыхароў расьце пасьля кожнага расейскага абстрэлу, падчас якога пашкоджваюцца лініі электраперадачы, якія забясьпечваюць працу атамнай электрастанцыі.
«Ёсьць так званыя дзяжурныя валізкі на выпадак надзвычайнай сытуацыі. Людзі ведаюць першачарговыя пляны: што неабходна рабіць, і [якія браць] дакумэнты, і дзе зьбірацца. Існуе апавяшчэньне: цэнтар абвесткі, групы абвестак — гэта значыць мы да гэтага гатовыя. Натуральна, ня дай Бог, але мы гэта ўсё разумеем».
Пакуль журналісты здымалі рэпартаж, па горадзе ўдарылі шэсьць расейскіх снарадаў. Івану паведамілі, што адна жанчына атрымала кантузію.
Пакідаць родны горад жыхары Нікапаля ня хочуць. Кажуць, што гэта іх дом. Непакоіць лёс акупаванага Энэргадару.
«У мяне якраз вокны выходзяць на супрацьлеглы бок. Я сама, дарэчы, нарадзілася на супрацьлеглым беразе. Гэта мая радзіма. Мне вельмі шкада, што я зараз туды ўжо, напэўна, ніколі не патраплю», — кажа Вольга. Але дадае, што спадзяецца на іншае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве засталіся безь сьвятла каля 800 тысяч абанэнтаў. У Белгарадзе — аварыя ў сыстэме энэргазабесьпячэньня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Нікапалі ва Ўкраіне ад расейскіх абстрэлаў загінуў 18-гадовы хлопец. У Маскве заявілі аб папярэджаньні новай атакі дронамі