Калі Францыя выканае абяцаньне, дадзенае 14 ліпеня, аб пастаўцы ва Ўкраіну зьнішчальнікаў Rafale у бліжэйшай будучыні, украінскія Паветраныя сілы неўзабаве будуць выкарыстоўваць восем розных мадэляў зьнішчальнікаў, распрацаваных у чатырох розных краінах, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
14 ліпеня Парыж абвясьціў, што першыя чатыры з 16 самалётаў Dassault Rafale будуць пастаўленыя ва Ўкраіну, як толькі яе пілёты і тэхнічныя брыгады пройдуць навучаньне на францускіх самалётах. Гэта навучаньне можа пачацца «ўжо ў 2026 годзе», гаворыцца ў сумеснай заяве Францыі і Ўкраіны.
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон (справа) і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі каля зьнішчальніка Rafale на авіябазе пад Парыжам у лістападзе 2025 году
Пасьля распаду СССР Паветраныя сілы Ўкраіны атрымалі ў спадчыну мноства савецкіх зьнішчальнікаў, якія дагэтуль складаюць аснову іх баявога флёту. Але пасьля ўварваньня Расеі ў 2022 годзе заходнія хаўрусьнікі паставілі Ўкраіне амэрыканскія зьнішчальнікі F-16, а таксама некалькі францускіх самалётаў Mirage 2000. Чакаецца, што украінскія пілёты пачнуць лётаць на некалькіх швэдзкіх самалётах Gripen да канца году, а пасьля гэтага прыйдуць пастаўкі Rafale.
Вайскоўцы стараюцца ўнікаць эксплюатацыі такога разнастайнага парку баявых самалётаў «праз адносную страту эканоміі з прычыны маштабу і патрэбы стварэньня комплексных мэханізмаў навучаньня, падтрымкі і самаабслугоўваньня для кожнага тыпу самалётаў», — заявіў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Крыстаф Бэргс, аналітык у паветраных сілах Каралеўскага аб’яднанага інстытуту абаронных дасьледзінаў Швэцыі.
Некалькі краін NATO маюць баявыя флёты, якія складаюцца толькі з адной мадэлі зьнішчальнікаў, і нават буйныя вайскова-паветраныя сілы Нямеччыны і Францыі цяпер выкарыстоўваюць толькі два тыпы зьнішчальнікаў.
Самалёты Rafale, 2011 год
Бэргс кажа, што вышэйшы ўзровень складанасьці баявых самалётаў Украіны, імаверна, стане крокам у дасягненьні доўгатэрміновай мэты — паступовага вываду з эксплюатацыі самалётаў савецкай распрацоўкі. Абслугоўваньне гэтых старых самалётаў для Кіева ўсё больш ускладняецца, бо ланцужкі паставак жыцьцёва важных дэталяў былі перарваныя праз ваенныя дзеяньні Расеі пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе.
Узьлёт самалёта Rafale на базе ў Францыі, 2022 год
Зьнішчальнік Rafale упершыню паступіў на ўзбраеньне францускіх узброеных сілаў у 2001 годзе і прыняў баявы хрост ў наступным годзе, калі ўдзельнічаў у амэрыканскім уварваньні ў Афганістан.
Двухматорны самалёт быў распрацаваны для барацьбы зь іншымі самалётамі або пашкоджаньня наземных цэляў у якое-хаця надвор’е, днём і ноччу. Зьнішчальнік меў посьпех на экспартным рынку часткова дзякуючы таму, што Францыя мае менш геапалітычных абавязаньняў што да такіх зьнішчальнікаў, чым Расея, ЗША або Кітай.
Самалёты Rafale на базе каля Абу-Дабі, 2025 год
Вялікія паркі самалётаў Rafale цяпер маюць Эгіпет, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты й Індыя.
Назва Rafale перакладаецца як ‘шквал’, ‘парыў ветру’ або ‘выбух агню’. Крытыкуюць Rafale за яго цану, якая залежна ад камплектацыі можа сягаць 250 мільёнаў даляраў.
Эксплюатацыйныя выдаткі таксама значныя: паводле ацэнак, гадзіна палёту Rafale каштуе ад 16 000 да 31 000 даляраў.
Украіна плянуе набыць 100 францускіх самалётаў, прычым грошы на куплю будуць атрыманыя з крэдыту ЭЗ у 90 мільярдаў эўра «і празь якія-хаця іншыя крыніцы фінансаваньня», заявілі Кіеў і Парыж.