Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВМС Францыі затрымалі ля берагоў Сыцыліі яшчэ адзін нафтавы танкер з расейскага «ценявога флёту»

Верталёт ВМС Францыі, які пралятае над нафтавым танкерам Deliver перад яго захопам у Міжземным моры. 23 чэрвеня 2026
Верталёт ВМС Францыі, які пралятае над нафтавым танкерам Deliver перад яго захопам у Міжземным моры. 23 чэрвеня 2026

Гэта ня першы танкер з расейскага «ценявога флёту», які затрымлівае Францыя і іншыя краіны Захаду.

ВМС Францыі 25 чэрвеня затрымалі ля берагоў Сыцыліі нафтавы танкер Deliver з расейскага «ценявога флёту».

Як паведаміў францускі прэзыдэнт Эманюэль Макрон, карабель затрымалі за парушэньне марскога права. Паводле яго, гэта новая апэрацыя «дэманструе рашучасьць эўрапейцаў» супраць «ценявога флёту» Расеі.

Захоп нафтавага танкеру Deliver у Міжземным моры. 23 чэрвеня 2026
Захоп нафтавага танкеру Deliver у Міжземным моры. 23 чэрвеня 2026

«Мы не дазволім „ценявы флёт“ абыходзіць санкцыі і фінансаваць ваенныя дзеяньні Расеі», — напісаў ён у сацсетцы X.

Захоп нафтавага танкеру Deliver у Міжземным моры. 23 чэрвеня 2026
Захоп нафтавага танкеру Deliver у Міжземным моры. 23 чэрвеня 2026

Макрон зазначыў, што Францыя будзе прыкладаць усе неабходныя намаганьні, каб «павялічыць выдаткі вайны для Расеі і садзейнічаць устанаўленьню трывалага і доўгатэрміновага міру ва Ўкраіне».

Паводле сэрвісу MarineTraffic, Deliver ходзіць пад сьцягам Камэруна. Танкер 4 чэрвеня выйшаў з расейскага порту Прыморск і 20 ліпеня павінен быў прыбыць у порт Сынгапура.

Чаму гэта важна?

Гэта ня першы танкер з расейскага «ценявога флёту», які затрымлівае Францыя.

З восені мінулага года францускія вайскоўцы сумесна з саюзьнікамі затрымлівалі танкеры Grinch, Boracay, Deyna і Tagor. Усе яны пасьля былі адпушчаныя. Танкер Grinch, як заяўлялі францускія ўлады, адпусьцілі пасьля штрафу ў «некалькі мільёнаў эўра» за няздольнасьць экіпажа абгрунтаваць выкарыстаньне сьцяга.

Пасьля затрыманьня танкера Smyrtos ў Ля-Маншы іншыя караблі «ценевага флёту» Расеі пачалі мяняць маршруты.

Такія караблі затрымлівалі таксама Вялікая Брытанія, Бэльгія, ЗША, Эстонія і іншыя краіны Захаду.

Расея выкарыстоўвае «ценевы флёт» танкераў зь непразрыстай структурай уласнасьці, каб абысьці міжнародныя санкцыі, накладзеныя на яе нафтавы экспарт.

«Ценевы флёт» складаецца больш чым з 700 вадаплаваў і адказвае за перавозку 75% расейскай нафты ў абыход санкцыяў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG