Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон заявіў, што ВМС Францыі затрымалі падсанкцыйны нафтавы танкер Tagor, які ішоў з Расеі.
«Гэтая апэрацыя была праведзеная ў Атлянтычным акіяне, у адкрытым моры, пры падтрыманьні шэрагу партнэраў, уключаючы Злучанае Каралеўства, і ў строгай адпаведнасьці з морскім правам. Недапушчальна, каб караблі абыходзілі міжнародныя санкцыі, парушалі морскае права і фінансавалі вайну, якую Расея вядзе супраць Украіны ўжо больш за чатыры гады», — напісаў Макрон у сетцы X.
Паводле яго, гэтыя вадаплавы, якія ігнаруюць «нават самыя элемэнтарныя правілы морскай навігацыі, нясуць пагрозу прыроднаму асяродзьдзю і ўсіхнай бясьпецы».
Паводле сэрвісу MarineTraffic, Tagor выйшаў з Расеі (хутчэй за ўсё, прыняўшы груз з плывучага нафтасховішча ў раёне Мурманску) і ішоў у порт у Камэруне. Вадаплаў ходзіць пад сьцягам Камэруну і знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Эўразьвязу, Вялікай Брытаніі і Швайцарыі за транспартаваньне расейскай нафты і нафтапрадуктаў.
Гэта ня першы танкер з расейскага «ценевага флёту», затрыманы Францыяй. З восені мінулага году францускія вайскоўцы разам з хаўрусьнікамі затрымлівалі танкеры Grinch, Boracay і Deyna. Усе яны пасьля былі адпушчаныя. Танкер Grinch, як заяўлялі францускія ўлады, адпусьцілі пасьля штрафу ў «некалькі мільёнаў эўра» за няздольнасць экіпажу абгрунтаваць выкарыстаньне сьцяга.
Чым небясьпечны «ценевы флёт» Расеі
Паводле розных ацэнак, «ценевы флёт» Расеі налічвае ад 800 да 1200 танкераў і служыць для абыходу міжнародных санкцыяў і продажу расейскай нафты. Пры гэтым ядро флёту, якое рэгулярна робіць такія перавозкі, складае каля 400–600 вадаплаваў.
Гэта ў асноўным старыя і зношаныя танкеры (многім зь іх больш за 20 гадоў), якія мелі пайсьці на ўтылізацыю. Флёт забясьпечвае экспарт расейскай нафты ў краіны Азіі, Блізкага Ўсходу і Афрыкі. Заробленыя грошы служаць напаўненьню расейскага бюджэту і агрэсіўнай расейскай вайне ва Ўкраіне.
Праз брак належнага страхаваньня і тэхнічнага абслугоўваньня такія танкеры нясуць вялікую экалягічную пагрозу. Украінскія сілы рэгулярна праводзяць апэрацыі, выкарыстоўваючы морскія дроны для атакі і зьнішчэньня караблёў «ценевага флёту». Краіны Захаду неаднаразова затрымлівалі такія танкеры.