Пуцін прызнаў «пэўны дэфіцыт» энэрганосьбітаў на фоне ўкраінскіх атак

Наступствы ўдару ўкраінскага бесьпілётніка па Славянскім нафтаперапрацоўчым заводзе ў Краснадарскім краі Расеі. 28 чэрвеня 2026 году

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін прызнаў тое, што ўжо заўважылі замежныя экспэрты, многія рэгіянальныя чыноўнікі і звычайныя грамадзяне: Расея сутыкаецца з дэфіцытам паліва, што стварае сур’ёзныя праблемы для грамадзян і прамысловасьці.

«Вы добра ведаеце, што праблемы для кіроўцаў і для бізнэсу захоўваюцца», — сказаў Уладзімір Пуцін 28 чэрвеня.

«На жаль, на запраўках усё яшчэ ёсьць чэргі. Мы павінны мінімізаваць уплыў тэрарыстычных атак на нашы цывільныя цэлі і інфраструктуру», — заявіў ён, відавочна, маючы на ўвазе ўдары ўкраінскіх бесьпілётнікаў у глыбіні расейскай тэрыторыі па найважнейшых абʼектах энэргетычнай інфраструктуры.

Удары ўкраінскіх бесьпілётнікаў былі накіраваныя на нафтавыя тэрміналы, нафтаперапрацоўчыя заводы і трубаправоды, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Прынамсі 17 рэгіёнаў увялі абавязковыя абмежаваньні на продаж бэнзіну і дызэльнага паліва, а дзясяткі іншых паведамляюць пра дэфіцыт ці абмежаваньні з боку прыватных паліўных кампаніяў.

Пуцін рабіў гэтыя заявы на сустрэчы высокапастаўленых чыноўнікаў кіроўнай партыі «Адзіная Расея» — інструмэнту ўлады Пуціна па ўсёй краіне — і падобным чынам камэнтаваў сытуацыю ў інтэрвію, апублікаваным неўзабаве пасьля сустрэчы Крамлём. Спрабуючы паменшыць сур’ёзнасьць крызісу, у інтэрвію, якое паказалі ў дзяржаўнай тэлевізіі пазьней, Пуцін сказаў:

«Што тычыцца ўдараў па крытычна важнай інфраструктуры ў цэлым і энэргетычнай у прыватнасьці, вядома, гэтыя напады на атакі на нашыя інфраструктурныя абʼекты ствараюць праблемы, гэта відавочна... Зараз мы назіраем пэўны дэфіцыт, але ён не крытычны».

На відэа, разьмешчаных у інтэрнэце, бачныя разьюшаныя кіроўцы, якія стаяць у чарзе на запраўках, часта ўступаючы ў гарачыя спрэчкі зь іншымі кіроўцамі.

Пуцін заклікаў зрабіць захады для запэўненьня паставак у сельскагаспадарчы сэктар, а ўлады разглядалі магчымасьць забароны экспарту дызэльнага паліва ў звычайна багатай на паліва краіне.

«Разглядаецца неабходнасьць уводу поўнай забароны на экспарт і дызэльнага паліва», — сказаў ён на сустрэчы.

Пуцін сказаў, што краіна зараз выкарыстоўвае рэзэрвы бэнзіну, і паабяцаў, што ўзровень яго вытворчасьці ў ліпені будзе вышэйшым за чэрвеньскі.

Пуцін запэўніў, што спэцыяльная група працуе над праблемай паставак паліва дзень і ноч.

«Трэба прыкласьці ўсе намаганьні, каб для прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу безумоўна выконваліся сэзонныя графікі паставак паліва. Ад гэтага залежыць ураджай», — сказаў ён.

Удары па энэргаструктуры аслабляюць здольнасьць Расеі весьці вайну

За некалькі гадзін да выступу Пуціна ўдар украінскага бесьпілётніка забіў аднаго чалавека і выклікаў пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе ў Краснадарскім краі, напісаў у Telegram губэрнатар рэгіёну Веніямін Кандрацьеў. Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі назваў удар часткаю «апэрацыяў, якія аслабляюць здольнасьць Расеі весьці гэтую вайну».

«Пацярпеў Славянскі нафтаперапрацоўчы завод у Краснадарскім краі — прыкладна за 300 кілямэтраў ад лініі фронту. Мы таксама дасягнулі нафтаперапрацоўчага заводу ў Яраслаўскай вобласьці, прыкладна за 700 кілямэтраў ад нашай мяжы», — напісаў Зяленскі ў X.

25 чэрвеня Зяленскі заявіў, што ўхваліў 40-дзённую ваенную апэрацыю службы бясьпекі краіны, каб «паўплываць на дзяржаву-агрэсара, каб дамагчыся спыненьня вайны», бо падтрыманыя ЗША пасярэдніцкія захады, здаецца, даюць збой.

Новыя фота сьведчаць пра эфэктыўнасьць украінскіх удараў дронамі сярэдняй далёкасьці

У інтэрвію Пуцін сказаў, што чакае прыезду каманды амэрыканскіх перамоўнікаў у Маскву, як толькі Вашынгтон дасягне пагадненьня з Іранам аб вайне на Блізкім Усходзе.

«Мы гатовыя працягваць перамовы і абмеркаваць усе дэталі», — сказаў Пуцін, які дагэтуль ня змог адмовіцца ад сваіх жорсткіх патрабаваньняў, нягледзячы на цяжкасьці, з якімі сутыкнуліся расейскія войскі з пачатку іх поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым 2022 году.

Чаму гэта важна?

Украіна ўзмацніла атакі на расейскую энэргетычную інфраструктуру. Яна б’е па ёй дронамі далёкага радыюсу дзеяньня, пазбаўляючы расейцаў бэнзіну, што ўжо моцна адбілася на забесьпячэньні палівам расейскіх акупацыйных войскаў ва Ўкраіне, а ў анэксаваным Крыме наагул прывяло да спыненьня продажу паліва людзям.

Расея працягвае абстрэльваць ракетамі энэргетычныя і абаронныя цэлі ва ўкраінскіх гарадах і вакол іх. Акрамя таго, расейцы актыўна атакуюць цывільную інфраструктуру і б’юць па жылых дамах, а нядаўна нанесьлі буйны ўдар па праваслаўнай Кіева-Пячорскай лаўры.

Украінскія ўдары вывелі з ладу значную частку расейскіх нафтаперапрацоўчых магутнасьцяў, што прывяло да дэфіцыту нафтапрадуктаў, росту цэнаў на паліва і доўгіх чэргаў на запраўках у многіх рэгіёнах Расеі.

Каб даць рады дэфіцыту паліва, Расея пачала перамовы з Казахстанам аб пастаўках бэнзіну АІ-92 у абʼёме 50 тысяч тон, высьветліла агенцтва Reuters. Як паведамляе Расейская служба Радыё Свабода, Расея таксама плянуе імпартаваць бэнзін зь Індыі.

Экспэрт нафтагазавага рынку Міхаіл Круціхін заявіў Расейскай службе Радыё Свабода, што бэнзін у Расею паступае з двух беларускіх заводаў:

«Але там невялікія абʼёмы, бо два беларускія заводы разам маюць магутнасьць экспарту нафтапрадуктаў прыкладна 13 мільёнаў тон у год — гэта прыкладна адзін расейскі нафтаперапрацоўчы завод».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Дэфіцыт бэнзіну — у 78 рэгіёнах Расеі, праблемаў няма толькі ў пяці. ВІДЭА