Шмат жылых дамоў у акупаваных Расеяй раёнах Украіны разбурана ў выніку баявых дзеяньняў, шмат кватэр людзей, якія ўцяклі з акупацыі, расейскія ўлады прызнаюць «безгаспадарнымі» і аддаюць новым уласьнікам.
Паводле кіраўніка расейскай Фэдэральнай службы дзяржаўнай рэгістрацыі, кадастра і картаграфіі (Расрэестра) Алега Скуфінскага ў 2025 годзе на так званых «новых тэрыторыях» (гэтак расейскія ўлады называюць захопленыя тэрыторыі Ўкраіны —РС) выявілі амаль 550 000 аб’ектаў нерухомасьці, прызнаных акупацыйнымі ўладамі «безгаспадарнымі».
«Настоящее время» распавяло, што толькі ў захопленым Расеяй горадзе Марыюпалі Данецкай вобласьці акупацыйныя ўлады абвясьцілі «безгаспадарнымі» каля 13 тысяч кватэр і дамоў, якія застаюцца ўласнасьцю ўкраінскіх грамадзян, што пакінулі горад у выніку акупацыі.
Акупацыйная адміністрацыя нядаўна абнавіла сьпісы з прыкметамі «безгаспадарчасьці» па чатырох раёнах гораду і прылеглых да яго тэрыторыях.
Журналісты «Настоящее время» распавялі гісторыю грамадзянкі Ўкраіны Іны, якая паходзіць з Марыюпалю, а цяпер жыве за мяжой.
Іна вярталася ў Марыюпаль пасьля акупацыі летам 2023 года, але зарэгістраваць сваю кватэру, унесеную ў сьпіс «безгаспадарных» не змагла: ёй адмовілі, бо заяву аб уласнасьці не змагла падаць яе дачка, у якой не было расейскага пашпарта, а ў яго выдачы адмовілі, бо яна не была ў кватэры прапісаная.
Да ўсіх гэтых працэдур сямʼі давялося праходзіць фільтраваньне ў маскоўскім аэрапорце «Шарамецьева», які расейскія ўлады вызначылі адзіным памежным пунктам, праз які ўезд у Расеі магчымы для грамадзян Украіны.
«Там тэлефоны глядзелі, з кім маеш зносіны, усё-ўсё-ўсё пыталіся. На пытаньне памежніка, чаму ў яе такі чысты тэлефон, дачка адказала: „Гэта мая асабістая справа“. „І ён як узьеўся: „Кліч сваю маці!“. Мы так зразумелі, што там увогуле трэба заткнуцца і ніякіх там сваіх асабістых гэтых... Ніякай там свабоды няма“, — распавяла Іна.
Фільтраваньне ў «Шарамецьева» — адзін з асноўных барʼераў, устаноўленых расейскімі ўладамі для ўкраінцаў, якія пакінулі акупаваныя тэрыторыі і спрабуюць патрапіць у свае дамы праз тэрыторыю Расеі.
Сьвежых зьвестак аб тым, колькі людзей не змаглі прайсьці гэтую працэдуру, няма, але год таму статыстыку за паўтара года агучвалі ў эфіры расейскіх тэлеканалаў.
Тады было вядома, што з 135 тысяч чалавек у Расею не пусьцілі амаль чвэрць усіх, хто прыбыў.
Акупаваны Расеяй Марыюпаль, фота AFP, 2025
Дадзеных аб тым, колькі менавіта людзей не змаглі прыехаць на акупаваныя тэрыторыі, каб прадаць свае кватэры, не існуе, адзначае выданьне і арыентуецца на зьвесткі Расрэестра пра больш як паўмільёна аб’ектаў нерухомасьці, прызнаных акупацыйнымі ўладамі „безгаспадарчымі“ на жнівень 2025 году.
Кацярына Красоткіна з выданьня «Вёрстка», якая вывучала праблему, паведаміла з гэтай нагоды:
«Пасьля сьнежня 2025-га ў Расеі ўнесьлі папраўкі ў закон, паводле якіх сама наяўнасьць кватэры ці хаты ў гэтым сьпісе [рэестры „прызнанага безгаспадарным“ жыльля] ужо аўтаматычна азначае, што кватэры трапляюць у муніцыпальную ўласнасьць», — распавяла Кацярына Красоткіна.
Паводле зьвестак журналісткі ў такія кватэры зараз засяляюць жыхароў гораду, якія страцілі сваё жыльлё ў выніку ваенных дзеяньняў, пры гэтым ня ўлічваюць інтарэсы былых уласьнікаў. Гэтакім чынам былая кватэра ўкраінкі Іны ўжо заселеная», — кажа Красоткіна.
«Атрымліваецца, што гэтыя кватэры перадаюць іншым людзям. А вось што рабіць, калі жыхары вернуцца, мы ня ведаем. Хутчэй за ўсё, гэтыя жыхары таксама маюць патрэбу ў дамах. Гэта такі кругазварот кватэр», — мяркуе Кацярына Красоткіна з «Вёрскі».
Паводле Красоткінай людзі, якія ня могуць вярнуць сваё жыльлё, калі яго ўжо прызналі муніцыпальнай уласнасьцю праз тое, што мінуў час, адведзены на працэдуры, могуць прэтэндаваць або на грашовую выплату, або на жыльлё з такім жа мэтражом. Аднак яна ня ведае ніводнага выпадку, каб такое ў былых жыхароў гораду атрымалася.
«Калі гаворка ідзе пра маю гераіню (маецца на ўвазе былая жыхарка Марыюпалю Іна — РС), калі яна вернецца зноў, яна зможа прэтэндаваць на нейкі пакой, гэта значыць вельмі маленькі мэтраж. Ну, альбо на кампэнсацыю, хоць там ня вельмі вялікія сумы. Але я пакуль не бачыла ў чатах гісторый пра тое, што нехта прайшоў фільтраваньне і дамагаецца вяртаньня раўнацэннага жытла альбо грашовай кампэнсацыі», — распавяла Кацярына Красоткіна.