NYT піша, што ў 2026 годзе Расея штомесяц губляе 30–34 тысячы вайскоўцаў.
Паводле дасьледаваньня, апублікаванага 1 ліпеня ў The New York Times, сукупныя страты вайскоўцаў Расеі і Ўкраіны перавысілі 2 мільёны забітых і параненых. Аналіз, заснаваны на дадзеных амэрыканскага аналітычнага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў (CSIS), ацэньвае страты РФ прыкладна ў 1,4 мільёна чалавек, а Украіны — ад 525 да 625 тысяч чалавек.
Аўтары дасьледаваньня адзначаюць, што нягледзячы на высокія страты, прасоўваньне Расеі запавольваецца, а ўкраінскія атакі, у тым ліку з выкарыстаньнем дронаў, пераносяць баявыя дзеяньні на тэрыторыю РФ.
NYT піша, што сёлета штомесяц Расея траціць 30–34 тысячы вайскоўцаў, што ўжо перавышае тэмпы набору новых кантрактнікаў. Пры гэтым увесну расейская армія ўпершыню з 2024 году пачала страчваць больш тэрыторыяў, чым захопліваць.
Афіцыйна і Масква, і Кіеў не раскрываюць зьвестак аб уласных загінулых, акцэнтуючы ўвагу на стратах праціўніка.
Міністэрства абароны Расеі апошні раз давала справаздачу аб колькасьці загінулых у дзень абвяшчэньня частковай мабілізацыі 21 верасьня 2022 году.
У траўні расейскія выданьні «Медуза» і «Медиазона» ацанілі страты расейскай арміі ў 352 000 чалавек да канца 2025 году, грунтуючыся на пайменных сьпісах. Гэтая лічба ўключае 261 000 «звычайных» стратаў і 90 000 абвешчаных загінулымі або зьніклымі бязь вестак паводле рашэньня суду, або тых, чыя сьмерць была зарэгістраваная з затрымкай у 180 дзён зь іншых прычынаў.
Паводле зьвестак брытанскай выведкі, на травень 2026 году з пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе загінулі амаль 500 000 расейскіх салдатаў.