Не сядаючы за стырно, жыхар Бярозаўшчыны страціў правы кіроўцы

Мікалай Шуст

Мікалай Шуст зь вёскі Кабакі Бярозаўскага раёну рабіў у мясцовым сельскагаспадарчым прадпрыемстве кіроўцам. Аднак яго пазбавілі правоў і працы кіроўцы, пасьля таго як ён нецьвярозы пасварыўся з жонкай.

Мікалай Шуст кажа, што ў яго здарыўся канфлікт з жонкай і суседзі выклікалі на яго міліцыю:

«У мяне быў дзень народзінаў і выходны дзень. Я выпіў, увечары выйшаў скандал з жонкай. Суседзі выклікалі ўчастковага, ён на наступны дзень завёз мяне ў міліцыю, там аформіў, засудзілі і далі дзьве базавыя штрафу. Празь нейкі час прыяжджае зноў участковы і кажа, што мушу паехаць на нейкую гутарку. Я сеў і паехаў. Ён мяне — у міліцыю, зь міліцыі — да нарколяга, у нарколяга „трубка“, зразумела ж, паказала, бо я выпіваў. На ўлік паставілі і ў Крывошын завезьлі мяне на лячэньне (у Крывошыне Берасьцейская абласная псыхіятрычная лякарня. — РС). Нас туды чалавек пятнаццаць адразу завезьлі. 10 дзён там быў, таблеткі давалі», — кажа Мікалай.

Ён працуе ў мясцовым сельгаспрадпрыемстве КУСП «Бярозаўскае». Мікалай распавёў, што калі вярнуўся, то ягоны працоўны аўтамабіль УАЗ быў ужо перададзены іншаму чалавеку, а яго прызначылі падменным кіроўцам.

«Ну і працаваў-працаваў больш за месяц, ды прыйшла папера з ДАІ — здаць пасьведчаньне кіроўцы. У сувязі з тым, што падала нарколяг у ДАІ, што я ў іх на ўліку стаю і ня маю права езьдзіць. Я паехаў да нарколяга, Надзеі Абзалімавай, кажу — дайце накіраваньне да абласнога нарколяга. А яна мне не хацела накіраваньне даваць. Сказала, што сама пашле накіраваньне ў Берасьце. Зараз панапісвае там няведама чаго», — кажа Мікалай Шуст.

Цяпер спадар Шуст ня можа працаваць кіроўцам, яго перавялі ў сьлесары:

«Кіроўцам я атрымліваў да 6 мільёнаў (недэнамінаванымі. — РС), а цяпер — толькі два. У мяне малыя дзеці, чым іх карміць? Я казаў нарколягу — што ж вы робіце? Паказваў ёй даведку, што за год адпрацаваў 334 дні кіроўцам і не было ніякіх праблемаў ніколі. Але яна і слухаць не захацела», — распавёў Мікалай Шуст.

Даведка аб тым, што Мікалай Шуст адпрацаваў 334 дні за год

Спадар Шуст кажа, што ДАІ ніколі не лавіла яго нецьвярозым за стырном аўто, дый у міліцыі ніколі не было «прэтэнзіяў, што валяюся п’яны пад плотам».

«Вось выйшла, што выпіў, здарыўся скандал, і адразу так пакаралі, што аж працы пазбавілі», — бядуе спадар Шуст.

Лекар-нарколяг Бярозаўскай цэнтральнай раённай лякарні Надзея Абзалімава была прызнаная найлепшым нарколягам краіны за 2014 год. Жыхары Бярозаўшчыны кажуць пра яе як пра заядлую барацьбітку з п’янствам.

Карэспандэнт Свабоды паспрабаваў папытацца ў спадарыні Абзалімавай, ці няма перагібу ў справе Мікалая Шуста, які першы раз трапіў у поле зроку праваахоўных органаў на глебе п’янкі.

Аднак на другім канцы слухаўкі журналісту адказалі:

«Надзея Пятроўна цяпер занятая. У нас цяпер РАУС, вельмі шмат людзей, давайце ператэлефануйце ў панядзелак. Цяпер няма часу размаўляць».

Справай Мікалая Шуста заняўся бярозаўскі праваабаронца Сяржук Русецкі. Спадар Русецкі кажа, што рыхтуе скаргі ў пракуратуру і галоўнаму лекару Бярозаўскай цэнтральнай раённай лякарні:

«Рыхтую скаргі ў сувязі з тым, што чалавека фактычна за адзін прывод у міліцыю — хоць ён і паводзіў сябе нядобра ў сям’і, але за адно парушэньне — адпраўляюць у Крывошын. Гэта ні ў якія вароты ня лезе. А ў выніку з-за таго, што яго паставілі на ўлік, анулявалі яго мэдычную даведку, і ён аказаўся пазбаўлены ранейшай працы. Мікалай Шуст намагаецца аднавіць свае правы, ён хоча прайсьці мэдычную камісію, каб не стаяць на ўліку і мець права на тую працу, якой займаўся раней».