Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як і колькі зарабляюць у Гомелі «лянівыя»


Аўтобус «на вёску»
Аўтобус «на вёску»

Шторанак на Пралетарскай вуліцы Гомелю зьбіраецца мноства «лянівых» гараджанаў — з тых, што даўно стаяць на ўліку ў гарадзкім цэнтры занятасьці, але ня могуць знайсьці працу. Цэнтар групамі выпраўляе іх у калгасы ды саўгасы.

— Тры месяцы стаю на біржы, — апавядае малады мужчына, які назваўся Сяргеем. — Раней працаваў у Расеі на будоўлях, але там перасталі нармальна плаціць. Вярнуўся ў Гомель да сямʼі. Біржа прапанавала перавучыцца на кладаўшчыка. Перавучыўся. Накіроўвалі на «Гомсельмаш», але там сказалі, што ніякіх вакансіяў няма. Цяпер еду памідоры зьбіраць — трэба ж абавязкова тры дні на месяц у грамадзкай працы ўдзельнічаць, каб на біржы не зьнялі з уліку.

— Як па-вашаму, ці меў рацыю кіраўнік дзяржавы, калі казаў, што ў Беларусі толькі лянівы ня можа зарабіць. Вы ж, выглядае, не лянівы. Зарабіць можаце?

— Глупства. Еду я во на гэтыя памідоры. І што зараблю? Пяць рублёў за дзень! Няхай нават сем, калі пашэнціць. Гэта што — заробак? Я калі перавучваўся на кладаўшчыка, зьбіраў у горадзе макулятуру, каб мець хоць якую капейку. Вынік аднолькавы. Зарабіць у маім разуменьні — гэта атрымаць пры канцы месяца хоць бы паўтысячы даляраў у пераводзе на цьвёрдую валюту. А што я зараблю, калі буду езьдзіць нават кожны дзень —150 новых беларускіх. Які ж гэта заробак?!

А што я зараблю, калі буду езьдзіць нават кожны дзень —150 новых беларускіх. Які ж гэта заробак?!

Маладая жанчына таксама чакае адпраўкі на сельгаспрацу. Кажа, што скончыла чыгуначны тэхнікум, працавала апэратарам. Скончыўся кантракт — звольнілі, бо аптымізацыя.

«Два месяцы шукаю працу. У адным месцы прапанавалі — заробак 200 рублёў. Ну, як ісьці рабіць, калі амаль палова сумы ідзе на аплату камуналкі? Можна пражыць на 100 рублёў? Хто лічыць, што гэта заробак, няхай сам паспрабуе пражыць».

Былы афіцэр расейскай арміі таксама ў чаканьні адпраўкі. Яму пяцьдзясят. Вярнуўся на радзіму пасьля сямнаццаці гадоў службы. Тлумачыць, што пэнсіі не атрымаў, бо не хапіла выслугі — трапіў пад скарачэньне.

«Трэці дзень еду на праполку морквы ў сельгаскамбінат „Усход“. Буду зноў мець сёньня свае сем рублёў (усьміхаецца). Праўда, пакуль атрымаеш гэтыя сем рублёў пасьля працы, чакаць трэба гадзіны паўтары. Марудзяць з разьлікам. Сталай працы няма. У мяне ж толькі вайсковая спэцыяльнасьць — інжынэр па артылерыйскім узбраеньні. Мэханікам можна было б працаваць, але нідзе не бяруць. Так вось і мардуюся».

Тацяна, былая школьная лябарантка, таксама едзе на ўборку гародніны. Звольнілася са школы сама, бо аплата працы лябаранткі надзвычай малая.

«Паеду, можа, хоць пару кіляграмаў памідораў перападзе, ды рублёў пяць-сем грошай. Што будзе заўтра, ня ведаю», — скрушна дадае Тацяна і кіруецца ў аўтобус на пасадку.

Ад цэнтру занятасьці адпраўляюцца «на вёску» адразу два аўтобусы. На ходніках застаецца зь дзясятак чалавек, якім не падфарціла — іх не ўзялі.

— Я ўжо два гады хаджу ў гэты цэнтар, — кажа гараджанка Галіна, якой месца ў аўтобусе таксама не знайшлося. — Хутка ўжо буду афармляцца на пэнсію. У мяне будаўнічыя спэцыяльнасьці — тынкоўшчык, абліцоўшчык. На працу па спэцыяльнасьці не бяруць з-за гіпэртаніі. Працавала індывідуальным прадпрымальнікам, прыбіральшчыцай ва ўнівэрсытэце. Цяпер, калі атрымліваецца, ежджу ў вёску. Але ж вельмі слаба плацяць — і ў камбінаце «Ўсход», і ў «Брылёве». Раней па 100 тысяч (цяперашніх 10 рублёў) зараблялі. Ды яшчэ кіляграмы па два прадукцыі давалі, якую зьбіралі. Цяпер 7-8 рублёў — і ўсё. Ніхто пытаньні аплаты не падымае.

Жанчына расказвае, што езьдзіла на ўборку і да прадпрымальніцы ў Буда-Кашалёўскі раён. Там аналягічная сытуацыя. Сьпіну гнуць даводзіцца без абеду да паловы на шостую гадіну ўвечары, а вынік — той жа. Лепей, сьцьвярджае Галіна, калі да фэрмэра едзеш не праз цэнтар занятасьці, а прыватна. Але ж у абавязковую адпрацоўку гэта не залічваецца.

Гомельскі гарвыканкам сёлета дэкляраваў стварэньне ў горадзе 2165 працоўных месцаў.

Паводле афіцыйных зьвестак, за першае паўгодзьдзе заданьне нібыта выканана на 60 зь лішкам адсоткаў. Новыя месцы зьявіліся на прадпрыествах «Мілкавіта», «Гомельжалезабэтон», «Сантэкс», «РадугаЛюкс», «Бітс».

Аднак рэальнай палёгкі тым, хто прыходзіць на біржу працы, гэта не прынесла. Уранку гарадзкія беспрацоўныя сьпяшаюцца на Пралетарскую, каб трапіць у аўтобус і выправіцца ў вёску. Зарабіць добрыя грошы ніхто не разьлічвае, абы толькі не запісалі ў шэрагі «лянівых», ці, крый божа, — дармаедаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG