У Вярхоўным судзе прапанавалі ўзмацніць адказнасьць за «нядобрасумленныя паводзіны» на працэсах

Вярхоўны Суд Беларусі

Намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Валеры Калінковіч расказаў БЕЛТА аб прапановах па ўдасканаленьні працэсуальнага заканадаўства. Хто высунуў прапановы і калі па іх будзе прынятае рашэньне, чыноўнік не ўдакладніў.

Прапанавана, паводле Калінковіча, падвысіць адказнасьць за «нядобрасумленныя паводзіны», у ліку якіх:

  • наўмыснае ўтойваньне доказаў у судзе першай інстанцыі перад прадстаўленьнем гэтых доказаў у вышэйшых інстанцыях (цяпер суд вышэйшай інстанцыі мае права проста не прыняць такія доказы);
  • пастаянная зьмена патрабаваньняў у позве;
  • зацягваньне прадстаўленьня доказаў у абгрунтаваньне патрабаваньняў;
  • некарэктна сфармуляваныя патрабаваньні ў позве.

«Мы ставім задачу дамагчыся таго, каб абсалютная большасьць і эканамічных, і грамадзянскіх спраў разглядаліся па сутнасьці ў першым жа судовым пасяджэньні, — растлумачыў Калінковіч. — Гэта дазваляе забясьпечыць максымальна апэратыўны разгляд надзённых справаў і спрэчак нашых грамадзянаў і субʼектаў гаспадараньня, забясьпечыць дакладную арганізацыю работы суду, у тым ліку шляхам скарачэньня колькасьці выклікаў у суд бакоў і іншых удзельнікаў працэсу і адцягненьня іх ад звычайных заняткаў».

На пленуме Вярхоўнага суду, як кажа Калінковіч, маюць зьвярнуць увагу на недапушчальнасьць «неабгрунтаванага абмежаваньня» ў доступе да правасудзьдзя, калі адмаўляюць у прыёме заявы ці нічога ня робяць з заявай дзеля выпраўленьня хібаў у ёй — напрыклад, не патрабуюць прадставіць доказы, не прыкладзеныя да заявы, але згаданыя ў абгрунтаваньні патрабаваньняў.