Акрамя таго, былі ўганараваныя і мірныя жыхары Беларусі, у тым ліку журналісты, якія працуюць ва Ўкраіне і асьвятляюць беларускую тэматыку, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Сьвятлана Ціханоўская адзначыла, што важна цаніць кожны ўнёсак у барацьбу за свабодную Ўкраіну, бо, на яе думку, незалежная Ўкраіна азначае незалежную Беларусь.
«Першае пытаньне, зь якім мы прыехалі ва Ўкраіну, было: чым мы, беларусы, можам дапамагчы? Мы самі знаходзімся ў складанай сытуацыі. Наша краіна захопленая, улады Беларусі служаць Расеі, а не беларускаму народу. Таму мы гэта абмяркоўвалі. Як прыцягнуць нашых валянтэраў, якія ахвяруюць па ўсім сьвеце, нашых IT-спэцыялістаў, нашу, як мы яе называем, людзкую выведку ў Беларусі. І, вядома, я спадзяюся, што тут будуць вырашаныя праблемы беларусаў ва Ўкраіне — як пасьведчаньні асобы, так і пратэрмінаваныя пашпарты. Гэтая праца павінна стаць сыстэмнай», — адзначыла Ціханоўская падчас размовы з журналістамі.
Ціханоўская падкрэсьліла, што важна, каб сьвет зразумеў: Лукашэнку не ўцягвалі ў вайну, ён сам да яе імкнуўся. І, на яе думку, беларусы змогуць перамагчы яго толькі тады, калі перамогуць Пуціна.
Падчас урачыстасьці ўдзельнікі выканалі дзяржаўны гімн Ўкраіны. Таксама была абвешчаная хвіліна маўчаньня. Ціханоўская адзначыла, што ў расейска-ўкраінскай вайне загінула 90 беларусаў, якія ваявалі за Ўкраіну. Такую ж колькасьць загінулых беларускіх добраахвотнікаў напярэдадні назваў міністар замежных спраў Украіны Андрэй Сыбіга.
У Кіеве адкрылі Місію беларускіх дэмакратычных сіл
Урачыстая цырымонія адкрыцьця Місіі беларускіх дэмакратычных сіл ва Ўкраіне прайшла з удзелам кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінэта Сьвятланы Ціханоўскай і іншых прадстаўнікоў АПК, офісу Ціханоўскай і Каардынацыйнай Рады.
З украінскага боку ў адкрыцьці ўдзельнічалі намесьнік міністра замежных справаў Яўген Перабійніс, іншыя афіцыйныя асобы і сябры Беларусі, паведаміў АПК.
У новым памяшканьні Сьвятлана Ціханоўская ўручыла ўзнагароды АПК дэпутатам Вярхоўнай Рады, сябрам міжфракцыйнага абʼяднаньня «За дэмакратычную Беларусь» Вадзіму Галайчуку і Ігару Гузю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Ціханоўская ў Кіеве сустрэлася зь Зяленскім і заявіла, што перамога Ўкраіны адкрые шлях да вольнай БеларусіШто папярэднічала
Сьвятлана Ціханоўская 26 траўня ў Кіеве сустрэлася з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім.
У складзе беларускай дэлегацыі ў сустрэчы ўдзельнічалі намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка і дарадцы Ціханоўскай Франак Вячорка і Дзяніс Кучынскі.
Пра падрыхтоўку візыту Ціханоўскай ва Ўкраіну загаварылі пасьля яе сустрэчы з Уладзімірам Зяленскім 25 студзеня ў Вільні. Тады прэзыдэнт Украіны запрасіў яе ў Кіеў. Была інфармацыя, што паездка можа адбыцца на Дзень волі, 25 сакавіка, аднак тады візыт перанесьлі.
Падрыхтоўка да візыту Ціханоўскай у Кіеў вядзецца з пачатку вясны. Вядома, што яна плянуе адкрыць у Кіеве Місію дэмакратычных сілаў Беларусі.
Раней у інтэрвію Свабодзе Сьвятлана Ціханоўская назвала свой візыт ва Ўкраіну «гістарычным» і падзякавала Ўкраіне за трансфармацыю яе стаўленьня да дэмакратычных сілаў Беларусі. Яна анансавала сустрэчы з кіраўніцтвам Украіны, сустрэчу з прадстаўнікамі беларускай дыяспары і наведваньне пахаваньняў беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі за Ўкраіну.