Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп гатовы правесьці новы саміт з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным, калі Расея і Ўкраіна будуць гатовыя да мірнага пагадненьня.
З такой заявай Дональд Трамп выступіў 2 верасьня ў Белым доме, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода
«Я хачу правесьці сустрэчу з Пуціным, калі мы будзем гатовыя заключыць мірнае пагадненьне... Мы хочам мець добрыя адносіны з Расеяй, з Украінай, з усімі. Гэта было б выдатна для бізнэсу. У Расеі ёсьць цудоўныя землі, вельмі каштоўныя землі... Мы маглі б зрабіць гэта адразу, я ўпэўнены, што я мог бы зрабіць гэта адразу, я хачу зрабіць гэта, калі гэтая вайна скончыцца», — сказаў Трамп, выступаючы перад журналістамі ў Белым доме.
Прэзыдэнт ЗША заявіў, што хоча спыніць гэтую вайну, але адзначыў, што «паміж прэзыдэнтамі Ўкраіны і Расеі існуе велізарная варожасьць».
Раней Трамп неаднаразова казаў, што нібыта «Расея зацікаўленая ў спыненьні вайны» і мае заключыць пагадненьне з Украінай.
Зяленскі са свайго боку казаў, што Пуцін «поўны рашучасьці працягваць вайну», і заклікаў міжнародную супольнасьць чыніць ціск на Крэмль.
А Крамлі ў сваю чаргу казалі, што ўкраінскія ўдары па Расеі «не набліжаюць асабістыя кантакты» паміж расейскім лідэрам Уладзімірам Пуціным і прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім, якія б прывялі да спыненьня вайны.
Папярэдняя сустрэча Трампа і Пуціна адбылася ў жніўні 2025 года ў Анкорыджы, штат Аляска. Пасьля гэтага расейскія чыноўнікі рэгулярна заяўлялі пра так званы «дух Анкорыджа», або пра дасягнутае там «паразуменьне». Канкрэтны зьмест гэтых «пагадненьняў» не раскрываўся, і яны не былі афіцыйна абвешчаныя пасьля саміту.
Па ініцыятыве Трампа былі прадпрынятыя дыпляматычныя намаганьні і арганізаваныя перамовы паміж дэлегацыямі Расеі і Ўкраіны, але яны не далі выніку і цяпер фактычна прыпыненыя.