Падчас спрэчак пра абмежаваньні на выкарыстаньне Ўкраінай спадарожнікавай сувязі кампаніі SpaceX — сыстэмы, ад якой украінскія вайскоўцы моцна залежаць, — прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што кіраўнік кампаніі Ілан Маск зьняў абмежаваньні на доступ для Кіева, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
«Ён вярнуў усё так, як было», — паведаміў Трамп журналістам 22 кастрычніка. Гэта адбылося ўсяго празь некалькі гадзін пасьля таго, як прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў інтэрвію тэлеканалу CNN пацьвердзіў, што яго краіна па-ранейшаму сутыкаецца з праблемамі пры выкарыстаньні гэтага сэрвісу.
Украінскі службовец, знаёмы з сытуацыяй, паведаміў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што, хоць некаторыя вайсковыя падразьдзелы адзначылі рост хуткасьці злучэньня, гэтае паляпшэньне назіраецца не паўсюль.
Крыніца дадала, што хуткасьці па-ранейшаму недастаткова для перахопу расейскіх бесьпілётнікаў рэактыўнага тыпу. У апошнія месяцы Расея ўсё часьцей выкарыстоўвае такія дроны супраць Украіны, наносячы значную шкоду лягістыцы, энэргетычнаму сэктару і цывільнай інфраструктуры краіны.
Раней часовы павераны ў справах Украіны ў ЗША Дзяніс Сенік паведаміў Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, што Кіеў не атрымаў ніякага адказу на гэтае пытаньне ні ад Пэнтагону, ні ад кампаніі SpaceX. «Абмежаваньні хуткасьці не былі зьнятыя», — адзначыў Сенік.
Зяленскі заявіў, што спадзяецца абмеркаваць гэтую праблему зь дзяржаўным сакратаром ЗША Марка Рубіё бліжэйшымі днямі. Раней Рубіё адмаўляў, што прэзыдэнт Дональд Трамп ці хто-небудзь з амэрыканскага ўраду прасілі ўнесьці зьмены ў працу гэтых сыстэмаў.
Дэлегацыя Кангрэсу ЗША, якая нядаўна наведала Кіеў, заявіла, што абмежаваньні аслабілі сыстэму супрацьпаветранай абароны Ўкраіны і паставілі пад пагрозу жыцьці ўкраінскіх мірных жыхароў, а таксама амэрыканскага пэрсаналу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Пасьля перамоў у Осла Зяленскі падзякаваў ЗША: сыстэмы выяўленьня расейскіх ракет «ужо працуюць»Што папярэднічала
Збоі ў працы спадарожнікавай сыстэмы Starshield — вайсковай вэрсіі сэрвісу Starlink ад SpaceX, ад якой моцна залежыць абарона Ўкраіны ад расейскіх паветраных удараў, — зрабілі Ўкраіну асабліва ўразьлівай, калі пра гэтыя праблемы стала вядома 13–14 кастрычніка.
Прадстаўнікі Дэмакратычнай партыі і некаторыя рэспубліканцы заклікалі правесьці расьсьледаваньне прычын запаволеньня працы сыстэмы. Раней выданьне The Wall Street Journal з спасылкай на амэрыканскіх службоўцаў паведаміла, што прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп правёў тэлефонную размову з заснавальнікам SpaceX Іланам Маскам, у якой заклікаў яго зьняць абмежаваньні хуткасьці ў сыстэме Starshield.
Весткі пра абмежаваньні ў працы Starlink зьявіліся пасьля заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа пра дамоўленасьць з расейскім лідэрам Уладзімірам Пуціным часова зьняць санкцыі з расейскага дызэльнага паліва, што дазволіць яму паступіць на сусьветны рынак, а таксама патрабаваньняў Трампа да Ўкраіны спыніць удары па расейскіх нафтаперапрацоўчых заводах.
Як паведамляюць крыніцы Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, Украіне трэба аднавіць працу Starlink без абмежаваньняў хуткасьці або прынамсі павялічыць ліміт да 450 км/г.
Крыніцы журналіста Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Алекса Раўфоглу адзначылі, што цяперашняга абмежаваньня ў 160 км/г недастаткова для процідзеяньня рэактыўным бесьпілётнікам тыпу «шахед». Кантракт на паслугі дзейнічае да красавіка 2027 году, а выдаткі на яго пакрывае Нямеччына.