Месцы імавернага пацэльваньня ўкраінскіх дронаў у Ціхарэцку
На Ціхарэцкай перавалачнай нафтабазе ў Краснадарскім краі Расеі пасьля ўкраінскай атакі гараць два рэзэрвуары з палівам.
Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, спадарожнікавыя здымкі высокай якасьці, а таксама інфрачырвоны фільтар, дазваляюць пабачыць, што на тэрыторыі базы ў Ціхарэцку пасьля ўдараў дронаў Службы бясьпекі Ўкраіны гараць два, а не адзін рэзэрвуар, як пісалі раней.
Расспажыўнагляд заявіў аб перавышэньні ў паветры максымальна дапушчальнай канцэнтрацыі бэнзолу і ксылолу.
Шлейф дыму ад пажару расьцягнуўся амаль на 15 кілямэтраў.
Раней крыніца Радыё Свабода ў Службе бясьпекі Ўкраіны на ўмовах ананімнасьці паведаміла аб пацэльваньні па адным з «найбольшых нафтавых вузлоў на поўдні Расеі».
Паводле крыніцы, якая не ўпаўнаважаная камэнтаваць сытуацыю, удар па інфраструктуры нафтапампавальнай станцыі «Ціхарэцк» нанесьлі супрацоўнікі Цэнтру спэцапэрацый «Альфа» СБУ.
«Ціхарэцкі нафтавы вузел зьяўляецца адным з найбольшых перавалачных пунктаў нафты на поўдні Расеі. Там знаходзяцца вялікая нафтабаза і тэрмінал, якія выконваюць важную ролю ў лягістыцы расейскага паліва і нафтапрадуктаў», — заявіў суразмоўца Радыё Свабода.
СБУ зафіксавала пацэльваньне ў аб’ект і маштабны пажар.
Апэратыўны штаб Краснадарскага краю перад гэтым паведаміў пра пажар на плошчы 3,8 тысяч квадратных мэтраў на нафтабазе ў раёне Ціхарэцка ў выніку атакі дронаў у ноч на 12 сакавіка.
Пасьля пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі розныя аб’екты на расейскай тэрыторыі церпяць ад паветраных удараў. Найчасьцей у 2024 і 2025 гадах іх цэльлю былі нафтаперапрацоўчыя заводы (НПЗ). Удары наносяць таксама па расейскіх аб’ектах на акупаваных тэрыторыях Украіны.
Большасьць атак Генштаб Узброеных сіл Украіны пацьвярджаў. У заявах адзначалася аб «сыстэмных захадах», накіраваных на зьніжэньне баявога патэнцыялу расейскіх войскаў, а таксама на прымус Расеі спыніць узброеную агрэсію супраць Украіны.
Your browser doesn’t support HTML5
Пожежа на нафтоперекачувальній станції в Краснодарському краї Росії