Пашкоджаньні атрымалі канструкцыі падземнага завода па ўзбагачэньні ўрану ў Натанзе ў Іране, паведаміла 3 сакавіка Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргіі.
«Грунтуючыся на апошніх даступных спадарожнікавых здымках, МАГАТЭ можа пацьвердзіць некаторыя нядаўнія пашкоджаньні ўваходных будынкаў падземнага завода па ўзбагачэньні паліва ў Натанзе (NFP) у Іране», — паведаміла агенцтва на сваёй старонцы X у сацыяльных сетках.
МАГАТЭ не чакае радыялягічных наступстваў ад гэтых пашкоджаньняў. Агенцтва таксама ня выявіла дадатковага ўзьдзеяньня на сам завод, які быў «сур’ёзна пашкоджаны» ў чэрвені 2025 года.
Напярэдадні генэральны дырэктар МАГАТЭ Рафаэль Гросі заявіў, што агенцтва не зафіксавала пашкоджаньняў ядзерных абʼектаў у Іране ў выніку апошніх амэрыкана-ізраільскіх удараў.
Замест гэтага прадстаўнік Ірана ў МАГАТЭ Рэза Наджафі заявіў журналістам, што нібыта быў атакаваны ядзерны комплекс у Натангу. У прыватнасьці, там разьмешчаны два заводы па ўзбагачэньні ўрану.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паўтары хвіліны на каву, сырэны і бамбасховішчы. Гісторыі беларусаў, якія засьпелі ракетныя абстрэлы ў Ізраілі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Невыносная пагроза». Трамп выказаўся пра мэты вайны супраць ІрануВайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану
28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.
Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.
Пераемніка Хамэнэі павінна выбраць рада з 88 багасловаў.
Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.
Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ад узаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.
Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.
Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.
У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.
2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.