«Іранскі рэжым, узброены ракетамі далёкага радыюсу дзеяньня і ядзернай зброяй, быў бы невыноснай пагрозай для Блізкага Усходу, але і для амэрыканскага народу», — цытуе Трампа агенцтва Reuters.
Улады Ірану адмаўлялі, што працуюць над вайсковай ядзернай праграмай.
Раней міністар абароны ЗША Піт Гэгсэт, якога цытуе Fox News, назваў мэтамі баявых дзеяньняў зьнішчэньне ваеннай інфраструктуры Ірану, у тым ліку яго флёту і ракетаў. Акрамя таго, ён таксама заявіў, што ЗША ставяць задачу не дазволіць Ірану атрымаць ядзерную зброю.
Паводле яго словаў, мэтай удараў не зьяўляецца зьмена рэжыму ў Іране, але рэжым «безумоўна зьмяніўся» — пасьля гібелі многіх высокапастаўленых дзеячаў, у тым ліку вярхоўнага лідэра аяталы Алі Хамэнэі.
Злучаныя Штаты ад 28 лютага наносяць удары па Іране сумесна з Ізраілем. Іран у сваю чаргу наносіць удары па Ізраілі і краінах рэгіёну, дзе разьмешчаны базы ЗША.
Гэгсэт адзначыў, што ЗША не плянуюць наземнага ўварваньня ў Іран і ня будуць акупаваць краіну і спрабаваць пабудаваць там дэмакратычныя інстытуты, як дзейнічалі ў Іраку. Разам з тым міністар адмовіўся назваць тэрміны заканчэньня апэрацыі, сказаўшы, што рашэньне будзе прымаць прэзыдэнт Дональд Трамп.
Кіраўнік Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генэрал Дэн Кейн заявіў, што вайна «не завершыцца за адну ноч», і дасягненьне мэтаў апэрацыі запатрабуе некаторага часу. Ён пацьвердзіў, што на Блізкі Ўсход прыбываюць новыя амэрыканскія падразьдзяленьні.
Гэгсэт таксама адзначыў, што баявыя дзеяньні такога маштабу ня могуць абысьціся без страт. У панядзелак Цэнтральнае камандаваньне Ўзброеных сілаў ЗША пацьвердзіла гібель яшчэ аднаго амэрыканскага ваеннага ў выніку іранскіх удараў, агульная колькасьць загінулых дасягнула чатырох. Колькасьць пацярпелых амэрыканскіх вайскоўцаў узрасла да 18, паведамляе CNN.