За экс-кіраўніка офіса прэзыдэнта Ўкраіны Ермака ўнесьлі больш за 3 мільёны даляраў. Як дзейнічае заклад ва Ўкраіне і Беларусі

Андрэй Ярмак (справа) са сваім адвакатам падчас судовага пасяджэньня па выбары меры стрыманьня, Кіеў, 12 траўня 2026

18 траўня стала вядома, што за былога кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны Андрэя Ермака выплацілі ўсю сума закладу, 140 мільёнаў грыўняў. Неўзабаве пасьля гэтага Ермака вызвалілі са сьледчага ізалятару.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Кіраўнік адміністрацыі Зяленскага падаў у адстаўку. Ужо ёсьць указ аб ягоным вызваленьні з пасады

Пра тое, што за былога кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэя Ермака ўнесьлі заклад, паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода са спасылкай на Вышэйшы антыкарупцыйны суд. Гаворка ідзе аб суме ў 140 млн грыўняў (гэта 3,15 мільёна даляраў).

Раней адвакат былога кіраўніка Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Ігар Фамін казаў, што ў зборы неабходнай для закладу сумы «ўдзельнічае вельмі шмат людзей». Паводле яго слоў, грошы былі сабраны яшчэ да вечара 15 траўня, аднак з-за асаблівасьцей банкаўскай сыстэмы і фінансавага маніторынгу не ўсе сродкі былі залічаны адразу.

Хто аплаціў

Адвакат Фамін адзначыў, што ён сам унёс за Ермака пяць млн грыўняў са сваіх грошай. Паводле расьсьледніцкага праекту Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Схемы», 9, 8 млн грыўняў паступілі ад кампаніі «Міраліф». 6,5 млн унёс адвакат Сяргей Сьвірыба, яшчэ 8 млн дала юрыстка і сябар Назіральнай рады «Укрнафты» Роза Тапанава, якую лічаць былой бізнэс-партнэркай Ермака.

Акрамя таго, 30 млн грыўняў для Андрэя Ермака перадаў вядомы ўкраінскі футбаліст і трэнэр Сяргей Раброў. «Схемы» адзначаюць, што раней у адным са сваіх інтэрвію Раброў расказваў, што «вельмі ўдзячны» Ермаку, які быў ініцыятарам яго вяртаньня на пасаду галоўнага трэнэра зборнай Украіны.

У чым вінавацяць Ермака

Андрэй Ярмак праходзіць па справе аб легалізацыі 460 мільёнаў грыўняў (10, 4 млн даляраў) пры будаўніцтве элітнага катэджнага гарадку «Дынастыя» пад Кіевам. Акрамя яго, у справе ёсьць яшчэ шэсьць фігурантаў, у тым ліку былы віцэ-прэм’ер Аляксей Чарнышоў.

14 траўня суд у Кіеве адправіў Андрэя Ермака пад арышт па справе аб карупцыі. Пры гэтым яму далі магчымасьць выйсьці з СІЗА ў выпадку ўнясеньня закладу ў памеры 140 мільёнаў. Ярмак заявіў, што такіх грошай у яго няма. Для збору неабходнай сумы яго абаронцы адкрылі спэцыяльны рахунак.

Былы кіраўнік Офіса прэзыдэнта Ўкраіны Андрэй Ярмак 18 траўня падзякаваў «усім, хто дапамог сабраць неабходную суму закладу — як людзям, якіх я ведаю асабіста, так і тым, каго я пакуль ня ведаю», дадаўшы, што «за справядлівасьць варта змагацца».

«Я, як і раней, настойваю на сваёй невінаватасьці і адмаўляю любыя абвінавачваньні супраць мяне. Я паважаю закон і буду працягваць абараняць сваю пазыцыю і сваю рэпутацыю выключна ў законны спосаб. Я нікуды не ўцякаў і не зьбіраюся», — напісаў палітык у тэлеграме.

Як дзейнічае судовы заклад ва Ўкраіне, і ці ёсьць такая магчымасьць у Беларусі

Заклад як паўнавартасная альтэрнатыўная мера прафіляктыкі ў крымінальным працэсе Ўкраіны рэальна дзейнічае з 2012 году, калі ўступіў у сілу новы Крымінальна-працэсуальны кодэкс Украіны, што кардынальна зьмяніў падыходы да сыстэмы мер прафіляктыкі. Да гэтага часу заклад дзейнічаў як фармальная магчымасьць, на практыцы ён выкарыстоўваўся надзвычай рэдка і працаваў інакш. З 2012 году заклад ва Ўкраіне стаў масавай альтэрнатывай утрыманьню пад вартай.

У Беларусі заклад таксама прадугледжаны, ён рэгулюецца Крымінальна-працэсуальным кодэксам (КПК) і прымяняецца як адна з мер стрыманьня. Закон у Беларусі прадугледжвае ўнясеньне грошай, каштоўных папер або перадачу маёмасьці падазраванага, абвінавачанага або іншай асобай у орган крымінальнага перасьледу або суд. У Беларусі заклад не выкарыстоўваецца практычна ніколі ў палітычна матываваных справах.

Фармальна ў Беларусі заклад не прымяняецца да асоб, якія падазраюцца або абвінавачваюцца ў цяжкіх або асабліва цяжкіх гвалтоўных злачынствах.

Пры гэтым у Беларусі і меру стрыманьня часьцей вызначае ня суд, як ва Ўкраіне, а сьледчы орган.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кіеве суд арыштаваў колішняга кіраўніка Офісу прэзыдэнта паводле падазрэньня ў адмываньні грошай

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Былы кіраўнік офісу прэзыдэнта Ўкраіны заявіў пасьля  адстаўкі, што паедзе на фронт

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Новая пазыцыя Ўкраіны адносна Беларусі: большая жорсткасьць, але без адкрыцьця другога фронту — тлумачэньне палітоляга Фясенкі