Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве суд арыштаваў колішняга кіраўніка Офісу прэзыдэнта паводле падазрэньня ў адмываньні грошай

На судовым пасджэньні 13 траўня. Андрэй Ярмак (справа) з сваім адвакатам
На судовым пасджэньні 13 траўня. Андрэй Ярмак (справа) з сваім адвакатам

На судовым пасяджэньні стала вядома, што Андрэй Ярмак кансультаваўся з варажбіткай у дзяржаўных справах.

Вышэйшы антыкарупцыйны суд ухваліў рашэньне аб узяцьці пад варту Андрэя Ярмака, колішняга кіраўніка Офісу прэзыдэнта Ўкраіны з магчымасьцю ўнясеньня заставы ў памеры 140 мільёнаў грыўняў (крыху больш за 3 мільёны даляраў у эквіваленце — РС).

Як паведаміла Ўкраінская служба Радыё Свабода, Андрэй Ярмак заявіў, што ня мае такіх грошай і будзе абскарджваць гэтае рашэньне суда ў апэляцыйнай інстанцыі.

Андрэй Ярмак быў адной з самых набліжаных да Ўладзіміра Зяленскага асоб. У той жа час сьледзтва заявіла, што прэзыдэнт Украіны ў гэтай справе не фігуруе.

Колішні кіраўнік адміністрацыі Зяленскага назваў справу «абсалютна пустой».

У чым падазраюць Ярмака

Увечары 11 траўня Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро Ўкраіны паведаміла аб раскрыцьці «арганізаванай групы, датычнай да легалізацыі 460 мільёнаў грыўняў (больш за 10 мільёнаў даляраў у эквіваленце. — РС) на элітным будаўніцтве пад Кіевам».

Паводле сьледзтва, у 2021–2025 гадах падазраваныя «адмылі» больш за 460 мільёнаў грыўняў шляхам узьвядзеньня катэджнага гарадка (чатыры прыватныя рэзыдэнцыі з дапаможнымі забудовамі, а таксама асобная рэзыдэнцыя агульнага карыстаньня — спа-зоны) ў паселішчы Казын на Кіеўшчыне.

У справе фігуруюць яшчэ 6 чалавек — колішні віцэ-прэм’ер, бізнэсовец (адзін з кіраўнікоў злачыннай арганізацыі, раскрытай у лістападзе 2025 году ў межах апэрацыі «Мідас») і іншыя асобы.

Што стала вядома на судовым пасяджэньні

У часе судовага пасяджэньня, якое пачалося 13 траўня для разгляду пытаньня аб арышце Ярмака, абвінавачаньне паведаміла, што ён нібыта радзіўся па дзяржаўных спраў, у тым ліку і наконт кадравых прызначэньняў з «варажбіткай», якую назвалі «Вераніка Фэншуй Офіс». Паводле пракурора, гэта Вераніка Анікіевіч.

Праект Украінскай службы Радыё Свабода «Схемы» высьветліў, што гэта кіяўлянка, якая называе сябе кансультанткай па астралёгіі.

Што папярэднічала

У лістападзе 2025 году прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паведаміў, што кіраўнік яго офісу Андрэй Ярмак напісаў заяву аб адстаўцы. Гэта адбылося на тле ператрусу ў Ярмака. Нацыянальнае антыкарупцыйнае бюро раніцай 28 лістапада пацьвердзіла правядзеньне сьледчых дзеяньняў, але дэталі справы не ўдакладніла.

Пасьля ператрусу і адстаўкі Андрэй Ярмак заявіў, што адпраўляецца на фронт, але зарэгістраваўся ў якасьці адваката.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG