Фільм Украінскай службы Радыё Свабода пра вяртаньне целаў зьніклых бязь вестак выйшаў на YouTube

Аўтар фільма «Вярніце мне імя» Мар'ян Кушнір падчас прэм'еры ў Кіеве, 10 лютага 2026

Дакумэнтальны фільм, аўтарам якога зьяўляецца ваенны карэспандэнт Украінскай службы Радыё Свабода Мар'ян Кушнір, пачынаецца на полі бою і заканчваецца, калі целы загінулых знаходзяць, ідэнтыфікуюць і вяртаюць іх семʼям.

Фільм Украінскай службы Радыё Свабода «Вярніце мне імя», які распавядае пра вяртаньне целаў украінскіх салдат, якія лічыліся зьніклымі бязь вестак, выйшаў для шырокай аўдыторыі на YouTube 17 лютага.

«Гэты фільм пра вяртаньне целаў загінулых украінскіх салдат. Гэта сьведчаньне маштабу гора, якое Расея прынесла і працягвае прыносіць. Гэта сумленная гісторыя пра салдат гэтай вайны, якія лічацца „зьніклымі бязь вестак“. Гаворка ідзе не пра запісы, статыстыку ці проста пра факт сьмерці. Гаворка ідзе пра вялікую працу тых, хто ідэнтыфікуе і ўстанаўлівае імёны. Гаворка ідзе пра тысячы сем’яў, якія шукаюць сваіх блізкіх, і, у рэшце рэшт, пра ахвяру, якую ім давялося прынесьці», — гаворыцца ў анатацыі да фільма.

Дакумэнтальны фільм, зьняты ваенным карэспандэнтам Радыё Свабода Мар’янам Кушнірам, пачынаецца на полі бою і заканчваецца, калі целы загінулых знаходзяцца, ідэнтыфікуюцца і вяртаюцца іх семʼям. Фільм раскрывае сэнс паняцьця «зьніклы без вестак» праз канкрэтныя гісторыі людзей, якія пакутуюць ад нявызначанасьці, у прыватнасьці, гісторыю жанчыны, якая за адзін год стала жонкай, маці і ўдавой.

Прэмʼера дакумэнтальнага фільма Ўкраінскай службы Радыё Свабода «Вярніце мне імя» адбылася 10 лютага ў Кіеве ў кінатэатры «Жовтень».

Нягледзячы на марозны дзень і халоднае памяшканьне, на прэмʼеры прысутнічалі сваякі зьніклых бязь вестак, тыя, хто ўдзельнічаў у пошуку і ідэнтыфікацыі целаў загінулых салдат, вайскоўцы, ветраны, журналісты, праваабаронцы. Паказ і абмеркаваньне фільма былі сумесна арганізаваныя Цэнтрам грамадзянскіх свабод і Радыё Свабода. Дакумэнтальны фільм «Вярніце мне маё імя» рыхтаваўся камандай Радыё Свабода на працягу шасьці месяцаў, у прыватнасьці, пры падтрымцы Пулітцэраўскага цэнтру.

Над фільмам працавалі: аўтар — Марʼян Кушнір, мантаж — Дзьмітры Джулай, прадусар — Уладзіслаў Яцкіў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Зяленскі зьвярнуўся да ўкраінцаў з нагоды чатырох гадоў поўнамаштабнай вайны і паказаў бункер, у якім яе сустрэў

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Больш за 400 чалавек у Беларусі асудзілі за салідарнасьць з Украінай. Хто гэта