Колькасьць ахвяр паводкі ў Нэпале і Кітаі вырасла да 919 (у Нэпале — 903, у Тыбэце — 16), бязь вестак зьніклымі лічацца 4793 (у Нэпале — 4247, у Тыбэце — 546).
Аб гэтым паведамляюць The Kathmandu Post са спасылкай на Нацыянальнае ўпраўленьне па зьніжэньні рызыкі бедзтваў і ліквідацыі іх наступстваў Нэпала і кітайскае агенцтва «Сіньхуа».
Яшчэ 267 чалавек у Нэпале атрымалі раненьні, зь іх 156 ужо выпісалі са шпіталёў. На сувязь з нэпальскімі ўладамі па-ранейшаму ня выйшлі 592 замежнікі і 127 нэпальцаў, якія суправаджалі замежных турыстаў.
29 жніўня Рада па турызьме Нэпала паведамляла аб выратаваньні васьмі грамадзян Украіны (усяго зьніклымі лічацца 64 украінцы) і двух грамадзян Расеі (восем расейцаў лічацца зьніклымі). Паводле зьвестак выданьня, з дапамогай верталётаў у бясьпечныя месцы даставілі 3 344 нэпальцы і 252 замежніка, у тым ліку 15 грамадзян Кітая і сем грамадзян Індыі, эвакуяваных з гідраэлектрастанцыі.
З кітайскага боку, як перадае «Сіньхуа», бязь вестак зьнік 261 замежнік з 23 краін. Зь іх 104 чалавекі — грамадзяне Нэпала, 49 — Індыі, 33 — Латвіі, 18 — ЗША, тры — Расеі, два — Эстоніі, па адным — Беларусі, Казахстана і Ўкраіны.
Сярод зьніклых і ахвяр стыхіі — турысты і альпіністы з усяго сьвету, а таксама паломнікі-індуісты.
Паводка ў Нэпале і Кітаі
Паводка на мяжы Нэпала і Кітая адбылася раніцай 26 жніўня.
У Нэпальскім мэтэаралягічным цэнтры распавялі, што гіганцкі фрагмэнт ледніка мог зваліцца з адной з горных вяршыняў у Тыбэце: камяні і фрагмэнты пароды, якія ўпалі ўніз, перагарадзілі рэчышча ракі Лхендэ.
Вузкая рака выйшла зь берагоў і затым, верагодна, прарвала штучную плаціну, у выніку чаго ўніз па плыні накіраваліся масы бруду і вады. Магутны паток зьнішчыў дамы, масты, дарогі і ГЭС у Нэпале, з кітайскага боку змыла сухапутны памежны пераход, будынкі і аўтамабілі.
Сярод групы турыстаў, якія зьніклі бязь вестак у Нэпале, ёсьць грамадзянка Беларусі, паведамлял ў беларускім МЗС з спасылкай на пасольства Беларусі ў Індыі, пісала БелТА. Адзін грамадзянін Беларусі пазначаны і ў сьпісе зьніклых іншаземцаў, апублікаваным Радай у турызьме Нэпалу.