Лідэр францускай ультраправай партыі «Нацыянальны фронт» Марын Ле Пэн пачатку прэзыдэнцкую кампанію.
У апублікаванай перадвыбарнай праграме яна дае 144 абяцаньні, у ліку якіх выхад з эўразоны, з Абʼяднаных сілаў NATO ў Эўропе, павышэньне падаткаў на выкарыстаньне замежнай працоўнай сілы, зьніжэньне пэнсійнага ўзросту і павелічэньне некаторых сацыяльных дапамогаў.
У выпадку сваёй перамогі Ле Пэн абяцае правесьці ў Францыі рэфэрэндум аб выхадзе з Эўразьвязу, калі Эўразьвяз не адмовіцца ад адзінай валюты.
Лідэрка «Нацыянальнага фронту» пазыцыянуе сябе як патрыётка ў процівагу сваім палітычным апанэнтам, якіх яна называе прыхільнікамі глябалізацыі. У нядзелю Ле Пэн выступіць са сваёй першай прамовай у якасьці кандыдаткі ў прэзыдэнты.
Паводле апошніх апытаньняў, яна можа набраць найбольшую колькасьць галасоў у першым туры выбараў 23 красавіка, але наўрад ці пераможа ў другім, які, калі будзе, пройдзе 7 траўня. На прэзыдэнцкіх выбарах 2012 году яна заняла трэцяе месца, набрала амаль 18 працэнтаў галасоў.
Прэзыдэнцкую кампанію раней распачаў Франсуа Фіён, кандыдат у прэзыдэнты ад партыі «Рэспубліканцы». Ён лічыцца другім па папулярнасьці паводле апытаньняў. За імі зь Ле Пэн ідзе былы міністар эканомікі Эманюэль Макрон, які пакінуў урад Алянда і стварыў уласны палітычны рух — яго адносяць да левага спэктру палітыкаў. Чацьвёртае месца ў апытаньнях трымае лідэр крайніх левых Жан-Люк Мэляншон, былы дэпутат Эўрапарлямэнту. Ад сацыялістаў на прэыздэнта Францыі будзе прэтэндаваць Бэнуа Амон.