Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэй вядуць антыглябалісты


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Дональд Трамп пачаў выконваць сваю перадвыбарчую праграму. Ён прыняў рашэньне пра выхад ЗША з Трансакіянскага партнэрства, таксама абяцае выйсьці зь перамоваў аб Трансатлянтычным партнэрстве. Ужо абвешчана аб будаўніцтве сьцяны на амэрыканска-мэксыканскай мяжы, каб прадухіліць незаконную міграцыю ў Злучаныя Штаты. Трамп паабяцаў накладваць штрафы на амэрыканскія кампаніі, якія інвэстуюць не ў ЗША, а ў іншых краінах.

Падобныя працэсы адбываюцца ў Эўропе. Прыгадаем Брэкзіт. Мігранцкі крызіс, захады краінаў ЭЗ у прадухіленьні наплыву ўцекачоў зь Блізкага Усходу. Рост папулярнасьці правых партыяў у Эўропе, якія выступаюць альбо за выхад з ЭЗ, альбо за рэзкае абмежаваньне паўнамоцтваў Брусэлю.

У гэтым жа шэрагу рашэньне кіраўніцтва Расеі ў кірунку пратэкцыянізму і палітыкі імпартазамяшчэньня.

Што агульнага ва ўсіх гэтых дзеяньнях і працэсах? Я б сфармуляваў гэтую тэндэнцыю так: пратэст супраць глябалізацыі і яе неад’емнага элемэнту — свабоднага гандлю.

Дыскусія вакол глябалізацыі вядзецца даўно, як толькі гэтая зьява выявілася. Прыгадайце, якія шумныя і скандальныя пратэсты ладзяць антыглябалісты падчас самітаў вядучых дзяржаў.

Але дасюль супраць глябалізацыі пратэставалі левыя маргіналы ці лідэры краін-ізгояў, зацятых барацьбітоў з «амэрыканскім імпэрыялізмам». Іх аргумэнтацыя палягала ў тым, што глябалізацыя — гэта каварны праект транснацыянальных карпарацыяў, «сусьветнага закулісься», ЗША, увогуле Захаду, каб захапіць уладу над усім чалавецтвам.

І вось цяпер мы назіраем цікавы парадокс. Фактычна супраць важных элемэнтаў глябалізацыі выступілі вялікія слаі насельніцтва і элітаў заходніх краін. Гэта тое самае «паўстаньне масаў», пра якое шмат пішуць апошні год. Урэшце гэта вылілася ў выбраньне прэзыдэнтам ЗША Дональда Трампа. Не выключаю, што гэтая тэндэнцыя працягнецца ў Эўропе, у некаторых краінах (напрыклад Францыі) на выбарах могуць перамагчы, умоўна кажучы, антыглябалісты. Чаму?

Бо высьветлілася, што ад глябалізацыі прайграла вельмі шмат людзей у краінах Захаду. Зьнікаюць цэлыя галіны вытворчасьці, якія былі традыцыйнымі і асноватворнымі. Амэрыканскі Дэтройт — наглядны сымбаль ахвяры глябалізацыі.

Хто найперш выйграў ад глябалізацыі? Фінансавы сэктар, сфэра ІТ. Калі казаць пра краіны, то ў ЭЗ выйграла Нямеччына — краіна з моцнай і разьвітай эканомікай.

Але калі глядзець у глябальным маштабе, то больш за ўсіх ад глябалізацыі выйграў Кітай. Вось хто скарыстаўся гэтым трэндам паўнавартасна. І не выпадкова найбольш востры канфлікт у новай адміністрацыі ЗША, як усе прадказваюць, будзе менавіта з Кітаем.

Вось такія грымасы і парадоксы гэтага дзіўнага і супярэчлівага працэсу пад назвай «глябалізацыя».

Але справа ў тым, што гэтая тэндэнцыя мае аб’ектыўны характар, яна спадарожнічае інфармацыйнай, тэхналягічнай рэвалюцыі. А аб’ектыўны працэс спыніць немагчыма. Можна неяк спрабаваць перашкодзіць свабоднаму руху капіталаў, тавараў, людзей, але ненадоўга, эпізадычна, часткова.

Ня думаю, што капітал можна сілай прымусіць рабіць інвэстыцыі туды, дзе яму нявыгадна. Буйныя кампаніі заўсёды знойдуць афшор, куды перавядуць свае юрыдычныя адрасы і офісы.

Беларускі досьвед тут якраз дарэчы. Як толькі Юры Чыж пачаў інвэставаць свае грошы ў праекты, якія яму загадаў Лукашэнка (гатэлі перад хакейным чэмпіянатам сьвету ды інш.), дык адразу і разарыўся.

Але назіраць за спробай памяняць аб’ектыўны трэнд заўсёды цікава. Бо будзе моцна іскрыць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG