Слухаюць псыхолягаў, танцуюць, каб сагрэцца. Як у Кіеве спраўляюцца з адключэньнем цяпла і электрычнасьці пасьля абстрэлаў у маразы. ВІДЭА

«Мабільны пункт нязломнасьці» ў Дзясьнянскім раёне Кіева. 25 студзеня 2026 году

У Кіеве пашыраюць «пункты нязломнасьці» — гэта ўжо ня толькі намёты з абагрэвам, а і месцы, дзе можна атрымаць псыхалягічную дапамогу і падтрымку.

У Кіеве каля тысячы шматпавярховікаў застаюцца безь цяпла ў выніку расейскіх абстрэлаў, большасьць — на левым беразе Дняпра.

Як жыхары ўкраінскай сталіцы выжываюць у холадзе і як яны знаходзяць сілы радавацца жыцьцю — у рэпартажы тэлеканалу «Настоящее время».


Your browser doesn’t support HTML5

Как киевляне справляются с отключением отопления и энергии в морозы


З кожным днём «пункты нязломнасьці» ў Кіеве праходзяцб эвалюцыю.

У Дзясьнянскім раёне сталіцы Ўкраіны вырасла невялікае мястэчка з шасьці намётаў. Тут ёсьць свой вялізны генэратар, яго паставілі ў мінулыя выходныя. У гэтым раёне засталіся без ацяпленьня сама больш дамоў .

Мабільны пункт абагрэву ў Кіеве, 20 студзеня 2026 году

У намётах цеплыня, сьвятло і інтэрнэт. А яшчэ псыхоляг — на N-ны дзень «халадамору», як удары па энэргетыцы называюць у Кіеве, людзям патрэбная маральная падтрымка.

Галіна Мікалаеўна прыходзіць да псыхоляга ў намёце ўжо другі раз — выгаварыцца, апошнія дні ёй даюцца асабліва цяжка.

«Што сядзім у холадзе, першы паверх, нуль градусаў. Разумеем, што такі час, але нічога ня зробіш. [Псыхоляг] і слухае, і расказвае: ну малайчына, малайчына хлопчык. Я пабыла тут і атрымала задавальненьне... Тут і абагрэлі, і гарбатай напаілі», — дзеліцца Галіна.

У Дзясьнянскім раёне Кіева, што на левым беразе Дняпра, з 825 дамоў 720 без ацяпленьня.

«Адным словам — вельмі холадна, — апавядае мужчына.— Абкладваем сябе бутэлькамі з гарачай вадой, і трымаецца цяпло. Будзем выжываць, нікуды не падзенемся».

«Мы прыехалі з аднаго жаху сюды, а тут бачыце, якая сытуацыя. А мы прыехалі з гораду нязломных — зь Нікапалю. У нас за тры кілямэтры Запароская атамная станцыя, і там штодня бахае»,— кажа ягоная жонка.

У «пункце нязломнасьці» ў Кіеве, 16 студзеня 2026 году

Толькі ў адным намётавым мястэчку могуць разьмясьціцца да 350 чалавек. Ёсьць тут і спальныя месцы. Папярэдне былі спрэчкі, ці можна прыходзіць сюды спаць. Ратаўнікі патлумачылі: ложкі не для ўсіх.

«Яны маюць спальныя месцы, якія могуць скарыстоўваць людзі з мэдычнымі паказаньнямі — ці камусьці дрэнна стала, мамы з дзецьмі», — кажа прэс-афіцэр службы ратаўнікоў Кіева Павел Пятроў.

«Начаваць можна тым, каму рэальна цяжка, — кажа Максім Бахматаў, кіраўнік Дзясьнянскай раённай адміністрацыі. — Людзі, якім трэба шмат увагі. Плюс у нас ёсьць асобныя вялікія апорныя пункты — 11 школаў у раёне, там можна начаваць. Там ад 500 да 1000 чалавек, можна зварыць гарбату, каву».

Многія кіяўляне замест таго, каб вечарамі мерзнуць у халодных і цёмных кватэрах, ладзяць вечарыны, каб сагрэцца хаця б у руху. Такія танцы арганізуюць у шматлікіх жыльлёвых комплексах. У праграме ёсьць і дзіцячыя забавы. Дыскатэку арганізавалі нават на замёрзлым Кіеўскім вадасховішчы.

Як выжывае Кіеў пад расейскімі абстрэламі энэргасыстэмы і як гараджане падымаюць сабе настрой у маразы. ФОТА

У сацыяльных сетках пачалася дыскусія: ці варта радавацца ў цяперашні цёмны час? Але зноў і зноў зьяўляюцца відэа, дзе пасярод гора людзі весела сьпяваюць.

А тым часам брыгада з заходняй Украіны рамантуе кіеўскія трубы.

«Хлопцы, вы ведаеце, што кіяўляне вам вельмі ўдзячныя», — кажуць мінакі.

«Хай грэюцца!» — адказваюць энэргетыкі.

Кіеўскіх энэргетыкаў не хапае. У сталіцу прыбыла дапамога — 30 брыгадаў ад «Укрзалізниці» і яшчэ 20 зь іншых рэгіёнаў. Адзін з рамонтнікаў кажа:

«Кожны дзень новыя прылёты, імкнемся аднавіць як мага больш, каб людзям хоць нейкае цяпло даць. Надвор’е — самае дрэннае. Імжа, асабліва апошнія некалькі дзён. Маразы быццам зьменшыліся, але імжа не дазваляе нармальна працаваць. Пастаянна ў холадзе, рукі трасуцца. Бывала такое, што да позьняй ночы заседжваліся».

Энэргетыкі тлумачаць: каб аднавіць падачу цяпла ў самыя праблемныя раёны Кіева, патрэбна яшчэ 4-5 дзён. Гэта калі ня будзе новага абстрэлу. Графікі адключэньня сьвятла, калі яны і будуць, то будуць вельмі дакладнымі да канца зімы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Беларускі пункт нязломнасьці» адкрыўся ў Кіеве, які цярпіць ад расейскіх атак на энэргетыку