Касінерава пасадзілі на 10 сутак за фаер на санкцыянаваным «першамаі»

Вячаслаў Касінераў і Аляксей Зуеў на судзе 2 траўня

Актывіст анархісцкага руху Вячаслаў Касінераў быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Судзьдзя Вікторыя Шабуня ў судзе Цэнтральнага раёну Менску агучыла такі вырак за запальваньне фаера на санкцыянаванай першамайскай дэманстрацыі ў Кіеўскім сквэры, піша «Вясна».

Першы раз Вячаслава Касінерава затрымалі на мітынгу ў Кіеўскім сквэры зь іншымі двума актывістамі анархісцкага руху, якія закрывалі твары. Яны разгарнулі транспарант «Свабода, роўнасьць, раўнапраўе, самакіраваньне», за што былі папярэджаныя начальнікам мінскага АМАПу Дзьмітрыем Балабам, а затым і арганізатарамі мітынгу. Падчас сыходу зь мітынгу іх затрымалі «людзі ў цывільным» і даставілі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Пазьней стала вядома, што Касінерава разам зь яшчэ адным удзельнікам пікету адпусьцілі з РУУС.

Але на наступны дзень, 2 траўня, калі Касінераў прыйшоў на суд, каб падтрымаць затрыманага на «першамаі» Аляксея Зуева, яго затрымалі 2 супрацоўнікі АМАПу і «чалавек у цывільным» каля будынка Цэнтральнага суду. Пасьля яго адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, дзе патлумачылі, што ён нібыта арганізаваў адзіночны пікет. У другой палове дня 2 траўня адбыўся разгляд ягонай адміністрацыйнай справы ў судзе Цэнтральнага раёну, але пратакол адправілі на дапрацоўку. Ноч Касінераў правёў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсьціна.

Вікторыя Шабуня асудзіла Зуева 2 траўня — прызначыла штраф у 10 базавых велічыняў (245 рублёў) за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў». Трэцяга затрыманага анархіста адпусьцілі з РУУС, бо ён непаўналетні. Але на яго складзены пратакол за «парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў».

На афіцыйным «Першамаі» былі і іншыя дэманстранты зь «незвычайнымі» плякатамі — іх затрымалі і таксама аштрафавалі.

Афіцыйны «першамай» скончыўся затрыманьнямі. Фотарэпартаж