Расейская журналістка заявіла пра зьвесткі аб ужо 50 чачэнцах, забітых без суду за адну ноч. Кадыраў кажа, «лухта»

Рамзан Кадыраў, архіўнае фота

Карэспандэнтка расейскай «Новай газеты» Алена Мілашына распавяла ў эфіры радыёстанцыі «Эхо Москвы», што ўжо сабраны матэрыялы пра больш як 50 жыхароў Чачні, забітых у студзені за адну ноч без суду. Раней яна пісала пра 27 забітых.

Мілашына паведаміла, што ўжо знойдзеныя сваякі некалькіх забітых, гатовыя зьвярнуцца ў Сьледчы камітэт з запытам аб пачатку крымінальнай справы.

10 ліпеня рэдакцыя «Новай газеты» заклікала прэзыдэнцкі Савет па правах чалавека зьвярнуць увагу на пазасудовы расстрэл 27 чалавек у Чачні. У чым тых падазревалі, невядома. Крыніцы выданьня сьцьвярджаюць, што пры забойстве прысутнічалі высокапастаўленыя чачэнскія чыноўнікі.

Алена Мілашына, архіўнае фота

У кіраўніцтве Чачні публікацыю назвалі «хлусьнёй». Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў у інтэрвію спартоваму тэлеканалу HBO назваў ранейшыя зьвесткі пра выкраданьне геяў «лухтой» і заявіў, што «геяў у Чачні няма».

Калі ж такія, як кажа Кадыраў, «шайтаны» і «нелюдзі» знойдуцца, ён прапанаваў выданьню «забраць іх у Канаду, каб ачысьціць кроў».

Раней Кадыраў у размове з Пуцінам назваў публікацыі «Новой газеты» і Радыё Свабода пра геяў правакацыяй.

Паводле Мілашынай, Кадыраў выклікі страх у жыхароў рэспублікі. Сытуацыю зь «беспакаранасьцю» чачэнскіх уладаў журналістка назвала «прававым імунітэтам», які Крэмль надаў «кадыраўскай Чачні».

Зь 1 красавіка «Новая газета» стала публікаваць матэрыялы журналісцкага расьсьледаваньня аб масавых перасьледах, зьбіваньнях, катаваньнях і нават забойствах геяў (або тых, каго «западознылі» ў «нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі») у Чачні. Пасьля гэтага рэдакцыі і аўтару артыкулаў Мілашынай сталі паступаць пагрозы ад чачэнскіх уладаў. Журналістка распавяла, што з канца красавіка большую частку часу жыве за межамі Расеі.