Цяпер афіцыйна? За 5 км ад Шабаноў задумалі збудаваць дасьледчы ядзерны рэактар

Ілюстрацыйнае фота

Урады Беларусі і Расеі падпісалі мэмарандум аб супрацы ў ядзернай галіне, распавёў на прэс-канфэрэнцыі 25 жніўня дырэктар менскага інстытуту «Сосны» Андрэй Кузьмін. У плянах — будаўніцтва супольна з расейскай кампаніяй «Росатом» дасьледчага ядзернага рэактару і Цэнтру ядзерных дасьледаваньняў у «Соснах» — за 7 км ад Менскай кальцавой дарогі і за 5 км ад Шабаноў.

Паводле цяперашніх плянаў, трэці рэактар (першыя два — на БелАЭС) маюць запусьціць «у сярэдзіне наступнага дзесяцігодзьдзя». І калі першыя два рэактары будуць «падтрымліваць эканоміку», то трэці будзе працаваць толькі ў навуковых мэтах.

Пра пытаньні бясьпекі навуковага рэактару Кузьмін і іншыя чыноўнікі не казалі — толькі пра бясьпеку рэактараў БелАЭС. Намесьнік міністра энэргетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк жа заявіў, што пляцоўка пад БелАЭС «сэйсьмічна пасіўная» (у 1990-х казалі адваротнае), што «залішкаў энэргіі не бывае», а таксама што радыеактыўныя адкіды будуць захоўвацца на тэрыторыі БелАЭС першыя 10 год, пакуль будуць «астываць», а дзе далей захоўваць адкіды — яшчэ ня вырашылі.

Пра пабудову ў «Соснах» ядзернага рэактару казалі прынамсі апошнія пяць год. У «Соснах» у савецкі час дзейнічаў дасьледчы атамны рэактар ІРТ-1000 магутнасьцю да 4 МВт, у 1980-я былі створаныя мабільныя атамныя электрастанцыі «Памір», што разьмяшчаліся на колавых цягачах, маглі выпрацоўваць каля 1 МВт і нібыта маглі абслугоўвацца адным салдатам. Адна з усталёвак прайшла выпрабаваньні, але пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС абедзьве збудаваныя ўсталёўкі «Памір» былі зьнішчаныя. Ад адной ва ўнутраным дворыку інстытуту пакінулі корпус рэактару.