Іранскія пратэстоўцы заклікаюць да ўнутраных перамен, а не да замежнага ўмяшаньня. Аналіз Свабоды

Пратэстоўцы ў горадзе Абданан правінцыі Ілам, 6 студзеня 2026 годувыйшлі на вуліцы, каб заклікаць да пераменаў.

Закалоты ў Іране, выкліканыя эканамічнымі праблемамі, ператварыліся ў пратэсты супраць уладаў.

У Іране не сьціхаюць пратэсты, якія вельмі хутка перарасьлі з эканамічных у палітычныя.

Улады пачалі зьніжаць доступ да інтэрнэту

Як паведаміла Іранская служба Радыё Свабода, улады краіны пачалі абмяжоўваць інтэрнэт.

Доступ да стацыянарнага і мабільнага інтэрнэту быў істотна зьніжаны або ўвогуле спыняўся на пэўны час у гарадах з найбольш масавымі акцыямі пратэсту — у Тэгеране, Караджы, Ісфахане, Шыразе, Мэшхэдзе і Тэбрызе.

Пратэсты ў горадзе Шыраз

Апроч таго, ёсьць праблемы з выкарыстаньнем мэсэнджэраў і інтэрнэт-званкоў. У той жа час спэцыялісты ў лічбавых правах і бясьпецы паведамляюць аб намерах ураду Ірану цалкам адключыць інтэрнэт.

Сёлета ў чэрвені інтэрнэт адключалі на час 12-дзённай вайны паміж Іранам і Ізраілем. Доступ вярнулі толькі празь некалькі тыдняў пасьля спыненьня агню.

Your browser doesn’t support HTML5

Iran Protests Continue Amid Mounting Death Toll

Нацыянальная валюта істотна патаньнела

На тле пратэстаў працягвае таньнець нацыянальная валюта. Цяпер адзін даляр можна набыць за 1 454 500 рыалаў (перад пратэстамі было 1 352 000 рыалаў за даляр. — РС), а адзін эўра — за 1 716 000 рыалаў (перад пратэстамі было 1 587 000 рыалаў. — РС).

Турбулентнасьць на валютным і залатым рынках прывяла да росту цэн на асноўныя тавары, што таксама падсілкавала пратэсты.


Разгон пратэстаў у Тэгеране з выкарыстаньнем сьлезацечнага газу, 6 студзеня 2026

Актывісты ў Іране заяўляюць Радыё Фарда, што сьвет павінен падтрымаць пратэсты і што Ісламская рэспубліка павінна адысьці, але без замежнага вайсковага ўмяшаньня.

Тое, што пачалося як пратэсты з прычыны эканамічных праблемаў, ператварылася ў найбуйнейшую за некалькі гадоў пагрозу для клерыкальных кіраўнікоў Ірану, паведамляе Радыё Фарда.

Вядомыя актывісты ўнутры краіны, якіх апытала ў інтэрвію Радыё Фарда, уважаюць агульнанацыянальныя дэманстрацыі за сьведчаньне таго, што многія іранцы хочуць, каб клерыкальны рэжым сышоў. Але яны дадалі, што зьмены маюць ісьці зь сярэдзіны, а ня ў выніку замежнага ўмяшаньня.

Злучаныя Штаты пагражалі вайсковым умяшаньнем, калі ўлады працягнуць жорсткія рэпрэсіі супраць дэманстрантаў.

«Тое, што мы бачым, — знак таго, што людзі дасягнулі супольнага разуменьня», — сказаў Мэхдзі Махмудыян, палітычны актывіст і праваабаронца з Тэгерану.

«Гэта ўжо ня толькі пратэсты настаўнікаў ці нейкай адной сацыяльнай групы. Гэтым разам тыя, хто ня мае голасу, аб’ядналіся».

Паводле Махмудыяна, пратэстоўцы больш не заклікаюць да рэформаў палітычнай сыстэмы, у якой дамінуюць клерыкалы, а патрабуюць фундамэнтальных зьменаў.

«Зараз трэба зьмяніцца самой Ісламскай рэспубліцы, і яна павінна зьмяніцца цалкам», — сказаў ён.

Цяперашнія дэманстрацыі — найбуйнейшыя ў Іране з часоў руху «Жанчыны, жыцьцё, свабода» ў 2022 годзе. Улады задушылі тыя пратэсты, забіўшы сотні пратэстоўцаў. На апошнюю хвалю пратэстаў яны таксама адрэагавалі грубай сілай — забілі дзясяткі пратэстоўцаў і арыштавалі больш за 1000. Гэта, з словах актывістаў, паказала нежаданьне ўладаў слухаць і рэагаваць на законныя патрабаваньні насельніцтва.

Крах эканомікі, выкліканы рэзкім ростам інфляцыі і падзеньнем нацыянальнай валюты, называюць каталізатарам пратэстаў. Студэнтка і праваабаронца Сэдыге Васмагі заявіла, што пагаршэньне ўмоваў жыцьця падштурхнула вялікія групы грамадзтва да пераломнага моманту.

«Эканамічная сытуацыя і ўмовы жыцьця людзей сёньня больш няпэўныя, чым калі-небудзь раней», — сказала Васмагі ў інтэрвію Радыё Фарда.

Яна заявіла, што ўлады апынуліся ў значна слабейшым становішчы, чым пры папярэдніх хваляваньнях, у выніку пагаршэньня эканамічнага крызісу ў краіне, спрычыненага разбуральнымі санкцыямі ЗША, а таксама дрэнным кіраваньнем ураду і карупцыяй. Васмагі папярэдзіла, што нарастаньне дзяржаўных рэпрэсіяў можа яшчэ больш радыкалізаваць сытуацыю.

«Калі дзяржава будзе працягваць, гэта непазьбежна прывядзе да канфрантацыі, — сказала яна. — Народ сілай зрыне ўладу».

Вайсковага ўмяшаньня ня трэба, але падтрымка вітаецца

Нягледзячы на ўсё больш канфрантацыйны тон, актывісты пераконваюць, што ня хочуць умяшаньня замежных войскаў у справы Ірану. Махмудыян правёў выразнае адрозьненьне паміж міжнароднай падтрымкай і ўмяшаньнем.

«Падтрымка і ўмяшаньне — гэта не адно і тое ж, — сказаў ён. — Міжнародныя інстытуты могуць і павінны аказваць падтрымку ў рамках міжнароднага права, але ўсякі ваенны напад або іншаземнае вайсковае ўмяшаньне адназначна асуджаюцца».

Васмагі паўтарыла гэтую пазыцыю, падкрэсьліўшы, што ваенныя дзеяньні звонку падарвуць легітымнасьць пратэстаў.

«Я асабіста выступаю супраць замежнага ваеннага ўмяшаньня, — сказала яна.— Сусьветная супольнасьць павінна падтрымліваць мірныя пратэсты, але ўмяшаньня быць не павінна».

Праваабаронца Матагарэ Гунай зьвярнула ўвагу на беспрэцэдэнтную інфляцыю апошніх месяцаў як на чарговае сведчаньне таго, што грамадзяне хочуць зьменаў.

«У людзей больш няма ніякіх чаканьняў ад Ісламскай рэспублікі», — сказала яна ў інтэрвію Радыё Фарда. — Яны выразна кажуць: мы ня хочам гэтай сыстэмы».

Гунай апісала сцэны падчас пратэстаў апошніх дзён, калі натоўп ішоў наўпрост на сілавікоў, а значыць, насельніцтва больш не адчувае, што яму ёсьць што губляць.

«Мы хочам, каб гэтае пасланьне дайшло да сьвету, — сказала Гунай. — Мы ня хочам гэтага палітычнага кіраўніцтва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэсты ў Іране: больш за 400 загінулых. Тэгеран кажа аб правакацыях

Цяпер улады таксама жорстка разганяюць пратэсты. Раней паведамлялася аб некалькіх дзясятках загінулых і больш за 1 200 арыштаваных. Гэта, паводле актывістаў, сьведчыць аб нежаданьні ўладаў прыслухоўвацца да законных скаргаў насельніцтва і вырашаць іх.

Што варта ведаць пра Іран, цяперашні іранскі рэжым і яго стасункі з рэжымам у Беларусі

Іран (афіцыйная назва — Ісламская Рэспубліка Іран) мае тэрыторыю 1648 тыс. км². Гэта амаль у 8 разоў больш за тэрыторыю Беларусі (207,6 тыс. км²). Насельніцтва Ірану каля 81 мільёна чалавек (у Беларусі цяпер афіцыйна крыху болей за 9 мільёнаў).

Каля 85% насельніцтва Ірану — мусульмане-шыіты. Амаль 10% — мусульмане-суніты, каля 4% — хрысьціяне і каля 2% іншых рэлігійных меншасьцяў.

На поўначы краіна мяжуе з Азэрбайджанам, Армэніяй і Туркмэністанам; на захадзе — з Іракам і Турэччынай; на ўсходзе — з Афганістанам і Пакістанам.

У 1979 годзе ў Іране адбылася рэвалюцыя, якая зрынула шаха Рэзу Пэхлеві. Іран быў абвешчаны Ісламскай рэспублікай. Паводле новай тэакратычнай Канстытуцыі, лідэр рэвалюцыі аятала Хамэйні зрабіўся Найвышэйшым кіраўніком (Рахбарам), прамысловасьць нацыяналізавалі, ува ўсіх сфэрах вырасла роля ісламу і абмежаваныя «заходнія ўплывы».

Іран мае абраны насельніцтвам парлямэнт (Мэджліс), але ўсе законапраекты мае ўхваляць Рада вартавых канстытуцыі. У ёй 6 з 12 чальцоў прызначае Найвышэйшы кіраўнік, а яшчэ 6 — Мэджліс на прапанову Вярхоўнага суду.

Таксама ў Іране рэгулярна адбываюцца выбары прэзыдэнта краіны. Цяперашні прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян быў абраны ў ліпені 2024 году. Аднак асноўную ўладу мае не прэзыдэнт, а Найвышэйшы кіраўнік. Ён вызначае агульную палітыку краіны, ён жа галоўны вайскавод узброеных сілаў Ірану і кіраўнік вайсковай выведкі. Найвышэйшы кіраўнік прызначае людзей на ключавыя пасады ў дзяржаве: старшыняў судоў, кіраўніка паліцыі і вайскаводаў усіх родаў войскаў.

Найвышэйшага кіраўніка абірае Рада экспэртаў (у ёй больш за 80 ісламскіх багасловаў) і тэарэтычна яна ж можа ў кожны момант памяняць першую асобу ў дзяржаве. На практыцы пасьля сьмерці аяталы Хамэйні ў 1989 годзе гэтую пасаду нязьменна займае Алі Хамэнэі, які да таго быў прэзыдэнтам Ірану.

Стасункі зь Беларусьсю

Улады Беларусі і Ірану летась адзначалі, што за 2024 год аб’ём гандлю паміж дзьвюма краінамі вырас на чвэрць. Але не называліся канкрэтныя лічбы, якія б паказалі абʼём такога гандлю. З ранейшых паведамленьняў можна зрабіць выснову, што абʼём гандлю за 2023 год быў каля 140 мільёнаў даляраў.

У сакавіку 2023 году ў Тэгеране Аляксандар Лукашэнка правёў перамовы з тагачасным іранскім прэзыдэнтам Ібрагімам Раісі. У жніўні 2025 году іранскі прэзыдэнт Масуд Пэзэшкіян наведаў Беларусь. Міністар турызму Ірану Рэза Салехі Аміры тады паведаміў, што на перамовах Пэзэшкіяна з Аляксандрам Лукашэнкам бакі канчаткова дамовіліся ўзаемна скасаваць візы і адкрыць беспасярэднія авіярэйсы паміж Тэгеранам і Менскам.

15 сьнежня 2025 году міністры замежных справаў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі ў выніку сустрэчы ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб супрацьдзеяньні санкцыям.

Найбольш актыўная супраца паміж кіраўніцтвам Беларусі і Ірану ідзе ў вайсковай сфэры.

  • У ліпені 2023 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін быў з афіцыйным візытам у Іране, дзе сустрэўся зь міністрам абароны Ірану Мугамадам Ашт’яні. Тады міністры падпісалі Мэмарандум аб узаемаразуменьні ў вайсковай супрацы.
  • У лютым 2024 году Менск наведаў намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сіл Ірану Саід Галяндары, які адказвае за міжнародныя адносіны, а ў канцы красавіка — намесьнік міністра абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Мэхдзі Джафары.
  • 27 красавіка 2024 году міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін на сустрэчы з іранскім калегам Мугамадам Ашт’яні заявіў пра гатоўнасьць Беларусі «разьвіваць і ўмацоўваць» супрацу з Тэгеранам ва ўмовах міжнародных санкцыяў, а Ашт’яні падкрэсьліў «высокі патэнцыял» дзьвюх краін «у вайсковым і абаронным сэктарах», адзначыўшы «гатоўнасьць Тэгерану да шчыльнейшай супрацы зь Менскам».
  • У пачатку траўня 2024 году стала вядома, што беларускія вайскоўцы прынялі ўдзел у камандна-штабных вучэньнях «Пояс бясьпекі 2024» у Тэгеране.
  • 16 траўня 2024 году ў Міністэрстве абароны Беларусі ўпершыню з моманту завязаньня беларуска-іранскіх дыпляматычных адносінаў (у 1993 годзе) быў акрэдытаваны вайсковы аташэ пры амбасадзе Ірану ў Расеі і Беларусі (з сумяшчэньнем) — капітан першага рангу Рэза Хусраві Мугадам.
  • 31 ліпеня 2024 году дэлегацыя Міністэрства абароны і падтрымкі Ўзброеных сілаў Ірану наведала Менск і абмеркавала зь беларускімі калегамі «пэрспэктывы супрацы ў сфэры інжынэрнага забесьпячэньня».
  • У жніўні 2024 году камандуючы Вайскова-паветранымі сіламі і войскамі СПА Беларусі генэрал-маёр Андрэй Лук’яновіч у складзе беларускай дэлегацыі наведаў Іран і правёў перамовы з галоўным вайскаводам арміі Ірану генэрал-маёрам Абдулрагімам Мусаві і камандзерам ВПС Ірану брыгадным генэралам Хамідам Вахэдзі.
  • У сакавіку 2025 году Менск наведаў міністар абароны Ірану Азіз Насірзадэ. Тады ён і міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін падпісалі выніковы пратакол візыту, а на перамовах заявілі аб зацікаўленасьці ў інтэнсыфікацыі супрацы.
  • У сьнежні 2025 году падчас візыту ў Менск дэлегацыі іранскага Генэральнага штабу Беларусь і Іран падпісалі плян двухбаковай вайсковай супрацы на 2026 год і маюць намер правесьці сумесныя вайсковыя вучэньні.