Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэсты ў Іране: больш за 400 загінулых. Тэгеран кажа аб правакацыях


Пратэст у Мэхабадзе, Заходні Азэрбайджан. 19 лістапада 2022.
Пратэст у Мэхабадзе, Заходні Азэрбайджан. 19 лістапада 2022.

У Іране ўжо некалькі месяцаў працягваюцца пратэсты супраць улады аяталаў і за дэмакратызацыю краіны. Акцыі ахопліваюць многія рэгіёны краіны. Апошнімі днямі навіны пра кровапралітныя сутыкненьні сталі паступаць з заходняга Курдыстану.

Праваабаронцы паведамляюць пра забойствы дэманстрантаў падчас разгонаў акцый, а СМІ пішуць, што выступленьні сталі адной з самых вялікіх пагрозаў для так званага клерыкальнага істэблішмэнту Ірана, які кіруе з часоў Ісламскай рэвалюцыі 1979 года.

Арыштаваныя дзясяткі чалавек, у тым ліку вядомыя спартоўцы і нават сваякі Вярхоўнага лідэра Ірана — аяталы Алі Хамэнэі.

Падаўленьне пратэстаў

Іранскія ўлады жорстка душаць любыя пратэсты — часьцяком з ужываньнем агнястрэльнай зброі.

«Ісламская рэспубліка выкарыстоўвае такі інтэнсіўны гвалт у Курдыстане, каб прымусіць змоўкнуць пратэсты па ўсім Іране», — кажуць актывісты.

Паводле зьвестак арганізацыі ў правах чалавека ў Іране (IHR), якая базуецца ў Осла, падчас пратэстаў больш за 400 чалавек, у тым ліку некалькі дзясяткаў непаўналетніх, былі забітыя ўрадавымі войскамі па ўсёй краіне. Паводле IHR, больш за сотню загінулых было ў Курдыстане, Керманшаху і Заходнім Азэрбайджане — трох правінцыях са значным курдзкім насельніцтвам.

Сярод іранскіх карыстальнікаў сацсетак распаўсюджваецца відэа зь некалькімі параненымі пратэстоўцамі, якія ляжаць на вуліцах пад гукі гучнай стральбы.

IHR таксама падзяліўся кадрамі, на якіх, паводле зьвестак арганізацыі, сілы бясьпекі вядуць баявую стральбу па пратэстоўцах у Піраншэхры, горадзе ў правінцыі Заходні Азэрбайджан. Сярод забітых у горадзе 20 лістапада быў 16-гадовы падлетак.

Гвалт адбываецца на фоне асьцярог з нагоды сытуацыі ў Мэхабадзе. Гэты горад таксама знаходзіцца ў Заходнім Азэрбайджане. Карыстальнікі ў сацсетках публікуюць відэаролікі з разгортваньнем там узброеных сілаў. Хадзілі чуткі пра увядзеньне ў горадзе ваеннага становішча, афіцыйна яго не абвясьцілі. ЗША ўвялі санкцыі супраць некалькіх высокапастаўленых вайскоўцаў, сярод якіх камандуючы сухапутнымі войскамі Корпусу вартавых ісламскай рэвалюцыі ў Мэхабадзе.

З чаго ўсё пачалося

Антыўрадавыя акцыі ў ісламскай рэспубліцы пачаліся ў сярэдзіне верасьня — пасьля сьмерці 22-гадовай Махсы Аміні. Жыхарку Тэгерану курдзкага паходжаньня затрымала паліцыя нораваў за няправільнае нашэньне хіджабу. З участку Аміні адправілі ў лякарню, дзе яна памерла. Многія іранцы абвінавацілі паліцыю ў зьбіваньні затрыманай і выйшлі на вуліцы ў знак пратэсту супраць уладаў.

Празь некаторы час да пратэстаў далучыліся іранцы, якія жывуць за мяжой. Пратэстоўцаў падтрымала зборная Ірану па футболе. Гульцы на чэмпіянаце сьвету ў Катары адмовіліся сьпяваць гімн сваёй краіны перад першым матчам — з Англіяй. Па словах капітана зборнай, спартоўцы аднагалосна прынялі такое рашэньне ў знак салідарнасьці з пратэстоўцамі.

Падчас выкананьня музыкі футбалісты маўчалі. Заўзятары сустрэлі іх учынак аплядысмэнтамі. На трыбунах іранскія гледачы дэманстравалі сымбалі пратэстаў, напрыклад, надпісы «Жанчына, жыцьцё, свабода» — гэта адзін зь лёзунгаў сучасных пратэстаў у ісламскай рэспубліцы.

Іранская зборная пасьля пройгрышу ЗША 29 лістапада ня выйшла ў плэй-оф чэмпіянату сьвету.

Іран абвінавачвае курдаў, Азэрбайджан і Ізраіль

У распальваньні беспарадкаў у рэгіёнах — асабліва Паўднёвым Азэрбайджане і Курдыстане — іранскія ўлады абвінавацілі «тэрарыстычныя і сэпаратысцкія групы», а таксама курдзкіх апазыцыянэраў, якія базуюцца ў Іраку. Акрамя таго, на гэты раз абвінавачаньні ў падтрымцы пратэстаў дасталіся і Баку.

На думку Тэгерану, суседні Азэрбайджан на афіцыйным узроўні падтрымлівае пратэстоўцаў, дазваляючы СМІ распаўсюджваць антыіранскі і антырэлігійны кантэнт. Азэрбайджанскае МЗС на фоне абвінавачаньняў зьвярнула ўвагу Тэгерану на збліжэньне Ірану з Армэніяй (а Баку і Ерэван да гэтага часу не ўрэгулявалі канфлікт вакол самаабвешчанага Нагорнага Карабаху).

Тэгеран адказаў Азэрбайджану, папракнуўшы ў сяброўскіх сувязях з Ізраілем — яны нібыта выкарыстоўваюцца для дэстабілізацыі ісламскай рэспублікі. Іранскае інфармагенцтва Iran Press паведаміла, што Азэрбайджан спрабуе паказаць Ізраіль як сябра мусульманаў.

Іранскія СМІ таксама распаўсюдзілі ролік, на якім Баку пазначаецца сьцягам Ірану, пасьля чаго на экране зьяўляецца пытаньне на азэрбайджанскай мове: «Праз што пралягае дарога да Кудса?» (назва Іерусаліму на фарсі — заўвага РС).

Сам Ізраіль таксама атрымаў ад Ірану чарговыя абвінавачаньні. Тэгеран сьцьвярджае, што агенты ізраільскай спэцслужбы «Масад» вядуць выведную дзейнасьць супраць ісламскай рэспублікі з тэрыторыі Азэрбайджану і з ухвалы азэрбайджанскіх уладаў.

У канцы кастрычніка Іран паведаміў пра затрыманьне як мінімум 10 чалавек, якія нібыта маюць дачыненьне да ізраільскай выведкі. А ў канцы лістапада стала вядома пра сьмяротны прысуд для чатырох чалавек па справе аб сувязях з «Масадам».

Абвінавачаньні Тэгерана прагучалі на фоне адкрыцьця ў Тэль-Авіве амбасады Азэрбайджану. Ізраіль і Азэрбайджан усе абвінавачаньні ў свой адрас катэгарычна адпрэчылі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG