Палата прадстаўнікоў ЗША прыняла законапраект аб падтрымцы Ўкраіны пасьля месяцаў застою

Рэспубліканскі дэпутат Дон Бэйкан выступае каля будынку Кангрэсу ЗША пасьля прыняцьця праекту Закону аб падтрымцы Ўкраіны. Вашынгтон, 4 чэрвеня 2026 году

Палата прадстаўнікоў Кангрэсу ЗША ўхваліла шырокі пакет дапамогі Ўкраіне і санкцыяў супраць Расеі, што стала рэдкаю праяваю двупартыйнае супрацы, і выступіла з крытыкай падыходу адміністрацыі Трампа да Ўкраіны.

За праект прагаласавалі дэмакраты і 18 рэспубліканцаў

Законапраект аб падтрымцы Ўкраіны быў прыняты 226 галасамі супраць 195 пасьля таго, як яго прыхільнікі пераадолелі шматмесячнае яго тармажэньне, сабраўшы подпісы пад пэтыцыяй ў абыход сьпікера (discharge petition) — гэта адзін з самых складаных працэдурных мэханізмаў у Кангрэсе, піша з Вашынгтону Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Гэта першы комплексны закон аб падтрымцы Ўкраіны, праект якога прыняты цяперашнім складам Палаты прадстаўнікоў, што падкрэсьлівае рост заклапочанасьці сярод некаторых рэспубліканцаў тым, як адміністрацыя ставіцца да вайны Расеі супраць Украіны.

Праект закону, ухвалены позна ўвечары 4 чэрвеня, прадугледжвае вылучэньне Ўкраіне дапамогі на суму больш за 1 мільярд даляраў, вайсковыя крэдыты на суму да 8 мільярдаў, падтрымку ў аднаўленьні, дапамогу балтыйскім хаўрусьнікам, а таксама новы пакет санкцыяў, накіраваных на фінансавы, энэргетычны, горназдабыўны і дзяржаўны сэктары Расеі.

Палітычная і сымбалічная перамога прыхільнікаў закону

Нягледзячы на тое, што пэрспэктывы гэтага акту застаюцца няпэўнымі ў кантраляваным рэспубліканцамі Сэнаце, дзе лідэры пераважна пагадзіліся з пазыцыяй прэзыдэнта Дональда Трампа наконт санкцыяў супраць Расеі, прыхільнікі законапраекту ахарактарызавалі галасаваньне як значную палітычную і сымбалічную перамогу.

«Гэта быў выбар: падтрыманьне свабоды, дэмакратыі і вяршэнства закону або прыняцьце сьвету, дзе хто моцны, той і мае рацыю», — заявіў журналістам пасьля галасаваньня дэпутат Палаты прадстаўнікоў Грэгары Мікс з камітэту замежных справаў Палаты прадстаўнікоў і ініцыятар законапраекту.

«Сёньняшняе двупартыйнае галасаваньне дэманструе, што Палата прадстаўнікоў стаіць на правільным баку гісторыі», — сказаў Грэгары Мікс.

Выступае кангрэсмэн Грэгары Мікс. Вашынгтон, 4 чэрвеня 2026 году

Гэты закон прымаюць у пераломны момант вайны. Вайсковая дапамога ЗША рэзка запаволілася з моманту вяртаньня Трампа на пасаду прэзыдэнта ў студзені 2025 году, а дыпляматычныя захады дзеля спыненьня канфлікту зайшлі ў тупік.

Расея працягвае ваенныя апэрацыі, нягледзячы на вялікія страты, а Ўкраіна адхіліла патрабаваньні Крамля здаць тэрыторыі, якія яна пасьпяхова абараняла пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Масквы ў 2022 годзе.

Канец тупіку ў Кангрэсе

Шлях законапраекту да прыняцьця адлюстраваў як настойлівасьць прыхільнікаў Украіны, так і разбурэньне кансэнсусу рэспубліканцаў што да палітыкі адміністрацыі Трампа ў дачыненьні да Ўкраіны.

Дэпутат ад Каліфорніі Кевін Кілі паставіў вырашальны, 218-ы подпіс пад пэтыцыяй у траўні. Прынамсі столькі галасоў кангрэсмэнаў трэба, каб дамагчыся галасаваньня ў абыход сьпікера.

«Мы далі зразумець, што ЗША будуць надалей падтрымліваць украінскі народ і аказваць матэрыяльную падтрымку, патрэбную для яго самаабароны», — сказаў Кілі журналістам пасьля галасаваньня.

Паводле яго, Расея мусіць «заплаціць суровую цану за сваю несправакаваную агрэсію і няспынны гвалт».

Дэпутат Браян Фіцпатрык з Пэнсыльваніі, сустаршыня дэпутацкай групы Кангрэсу ў пытаньнях Украіны, ахарактарызаваў галасаваньне як самы пачатак шырэйшай кампаніі правядзеньня адпаведных законаў праз Кангрэс.

«Дапамога ўжо ў дарозе, — сказаў Фіцпатрык. — Гэта пачатак. Гэта не канец».

Дэпутат паабяцаў ціснуць на сэнатараў, каб яны прынялі законапраект, сьцьвярджаючы, што падтрымка Ўкраіны павінна дэманстравацца галасаваньнем, а не рыторыкай.

Дэпутат Дон Бэйкан з Нэбраскі сфармуляваў гэтае пытаньне ў строгіх маральных тэрмінах.

«Калі і бывае супрацьстаяньне дабра і зла, то гэта менавіта яно», — сказаў Бэйкан, апісваючы барацьбу Ўкраіны як абарону дэмакратыі ад расейскай агрэсіі.

Спасылаючыся на былога прэзыдэнта Рональда Рэйгана, Бэйкан дадаў:

«Спадар Пуцін, прэч к чорту з Украіны!»

Былая сьпікерка Палаты прадстаўнікоў Нэнсі Пэлосі заявіла, што падтрымка Ўкраіны служыць шырэйшым стратэгічным інтарэсам ЗША.

«Падтрымка Ўкраіны — гэта ня толькі пра Ўкраіну. Ідзецца пра стрымліваньне агрэсіі паўсюль. Ідзецца пра супрацьстаяньне аўтарытарызму», — сказала Пэлосі. Яна таксама адзначыла, што значная доля фінансаваньня дапамогі ЗША ў рэшце рэшт прыносіць карысьць амэрыканскай прамысловасьці і рабочым. «Значна больш за 70 працэнтаў фінансаваньня ЗША, вылучанага Украіне, траціцца ў Злучаных Штатах».

Украіна вітала галасаваньне напярэдадні дэбатаў ў Сэнаце

Кіеў вітаў дзеяньні Палаты прадстаўнікоў як значную дэманстрацыю працягу двупартыйнай падтрымкі. Амбасадарка Ўкраіны ў Злучаных Штатах Вольга Стэфанішына назвала галасаваньне «важным крокам наперад» і заявіла, што яно адлюстроўвае нязьменную падтрымку Кангрэсам абароны Ўкраіны.

Амбасадарка Ўкраіны ў Злучаных Штатах Вольга Стэфанішына, Вашынгтон, 4 чэрвеня 2026 году

Наступны крок для прыхільнікаў законапраекту — правядзеньне яго праз Сэнат. Каб стаць законам, Акт аб падтрымцы Ўкраіны павінен быць унесены ў верхнюю палату Кангрэсу, прайсьці галасаваньне, а затым трапіць на стол прэзыдэнта. Бліжэйшымі тыднямі прыхільнікі Акту, як чакаецца, засяродзяцца на запэўненьні яго двупартыйнай падтрымкі, каб павялічыць ціск на кіраўніцтва Сэнату ў гэтым пытаньні.

У Сэнаце лідэры рэспубліканцаў ня раз адхілялі законапраект аб новых санкцыях супраць Расеі, нягледзячы на яго двупартыйную падтрымку. Лідэр бальшыні ў Сэнаце Джон Тун у значнай ступені падтрымаў Трампаў падыход — Белы дом імкнуўся захаваць наўпроставы кантроль над санкцыйнай палітыкай.

Тым ня менш прыхільнікі Акту сьцьвярджаюць, што галасаваньне ў Палаце прадстаўнікоў пасылае непамыльны сыгнал як Маскве, так і хаўрусьнікам ЗША.

Кангрэсмэн Біл Кітынг сьцьвярджаў, што ЗША маюць асаблівыя абавязаньні перад Украінай з прычыны гарантыяў бясьпекі, дадзеных ёй адпаведна Будапэшцкаму мэмарандуму 1994 году, паводле якога Кіеў адмовіўся ад свайго ядзернага арсэналу.

Сымбалічная перамога ці паваротны момант?

У адказ на пытаньне Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода пра пасланьне Кангрэсу прэзыдэнту Расеі Пуціну, дэпутат Салюд Карбахаль зрабіў адну з наймацнейшых заяваў таго вечара:

«Пасланьне, якое мы накіроўваем Пуціну, палягае ў тым, што мы падтрымліваем Украіну, — сказаў Карбахаль.— Мы робім гэта двупартыйным чынам і зьбіраемся стаяць поруч з Украінай, пакуль Украіна не пераможа Расею».

Ці стане Акт аб падтрымцы Ўкраіны законам, застаецца няпэўным. Рэспубліканцы ў Сэнаце ня надта хочуць супрацьстаяць Беламу дому ў палітыцы ў дачыненьні да Ўкраіны, а Трамп ня раз выказваў скепсыс наконт дадатковай дапамогі ёй і санкцыяў.

Тым ня менш значэньне галасаваньня выходзіць за рамкі ўласна заканадаўства. Пасьля месяцаў палярушу ў Кангрэсе і ўсё часьцейшых пытаньняў наконт прыхільнасьці Вашынгтона Кіеву прыхільнікам апошняга ўдалося сабраць двупартыйную кааліцыю, здольную абысьці кіраўніцтва палаты і прымусіць яе да дзеяньняў.

Для прыхільнікаў Украіны гэта само па сабе мае стратэгічнае значэньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла захады для заканчэньня вайны з Іранам, Рубіё настойвае, што канфлікт ужо закончаны

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Кангрэсе ЗША упершыню пасьля прыходу Трампа да ўлады падтрымалі законапраект аб дапамозе Ўкраіне