Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла захады для заканчэньня вайны з Іранам, Рубіё настойвае, што канфлікт ужо закончаны

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Архіўнае фота
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Архіўнае фота

Палата прадстаўнікоў ЗША ўхваліла рэзалюцыю аб ваенных паўнамоцтвах, накіраваную на стрыманьне ваеннай кампаніі прэзыдэнта Дональда Трампа супраць Ірану.

Крытычны пасыл у адрас адміністрацыі быў двупартыйным, хоць дзяржаўны сакратар Марка Рубіё настойваў на тым, што апэрацыі ЗША супраць Тэгерана ўжо скончыліся, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.

Палата прадстаўнікоў прагаласавала за гэтую рэзалюцыю 3 чэрвеня 215 галасамі супраць 208, прычым да ўсіх дэмакратаў, якія падтрымалі яе, далучыліся чатыры рэспубліканцы.

Рэзалюцыю ініцыяваў Грэгары Мікс, дэпутат ад штату Нью-Ёрк. Яна даручае Трампу вывесьці ўзброеныя сілы ЗША з баявых дзеяньняў з Іранам, калі Кангрэс афіцыйна не аб’явіць вайну або не дазволіць выкарыстаньне ваеннай сілы.

Цяпер дакумэнт накіроўваецца ў Сэнат, дзе заканадаўцы разглядаюць асобную рэзалюцыю аб ваенных паўнамоцтвах. Нават калі яе ўхваляць абедзьве палаты, чакаецца, што Трамп будзе аспрэчваць спробы абмежаваць ягоныя паўнамоцтвы, а сама рэзалюцыя Палаты прадстаўнікоў разглядаецца пераважна як сымбалічная, бо яна ня мае сілы закону.

Двупартыйнае галасаваньне сьведчыць пра рост супраціву з боку Кангрэсу

Гэтае галасаваньне стала самай рэзкай водпаведзьдзю Кангрэсу на канфлікт, які доўжыцца ўжо больш за тры месяцы і выклікаў занепакоенасьць ягонымі эканамічнымі і геапалітычнымі наступствамі.

У сваёй заяве пасьля галасаваньня Мікс сьцьвярджаў, што ваенная кампанія не дасягнула заяўленых мэтаў, а замест гэтага пашкодзіла дыпляматычным захадам, скіраваным на ўрэгуляваньне спрэчак вакол ядзернай праграмы Ірану.

«У кожным разе яна яшчэ больш адсунула дыпляматычнае ўрэгуляваньне ядзернай праграмы Ірану», — сказаў Грэгары Мікс.

Дэмакратычны дэпутат ад Нью-Ёрку згадаў рост цэн на паліва і фінансавы кошт канфлікту, заявіўшы, што амэрыканцы плацяць значна больш за бэнзін, адначасова несучы выдаткі на вайну, супраць якой многія выступаюць.

Лідэры дэмакратаў у Палаце прадстаўнікоў паўтарылі гэтыя асьцярогі, сьцьвярджаючы, што канфлікт супярэчыць перадвыбарчым абяцаньням Трампа унікаць войнаў за мяжой і скараціць выдаткі амэрыканскіх хатніх гаспадарак.

Аднак лідэры рэспубліканцаў настойвалі на тым, што ваенная кампанія — гэта не вайна, якая патрабуе дазволу Кангрэсу, і папярэджвалі, што абмежаваньне прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў можа быць выгадным кіраўніцтву Ірану.

Тым ня менш апазыцыя ў шэрагах рэспубліканцаў узмацнілася. Дэпутаты Томас Масі з Кентукі, Браян Фіцпатрык з Пэнсыльваніі, Том Барэт зь Мічыгану і Ўорэн Дэйвідсан з Агаё разышліся з большасьцю ў сваёй партыі, падтрымаўшы гэтую рэзалюцыю.

Рубіё абараняе стратэгію адміністрацыі

За некалькі гадзін да галасаваньня ў Палаце прадстаўнікоў дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё, даючы паказаньні перад камітэтам замежных справаў Палаты прадстаўнікоў, абараняў падыходы адміністрацыі да канфлікту.


Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё на слуханьнях у Кангрэсе
Дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё на слуханьнях у Кангрэсе

«Мы больш не праводзім бесьперапынных удараў унутры Ірану, каб падарваць іхны вайсковы патэнцыял, бо апэрацыя „Эпічная лютасьць“ скончылася», — сказаў Рубіё, маючы на ўвазе ваенную кампанію ЗША.

Ён дадаў, што Вашынгтон дасягнуў сваіх мэтаў. Рубіё таксама сьцьвярджаў, што мэтай адміністрацыі ніколі не была зьмена рэжыму ў Тэгеране.

«Мы хацелі б бачыць зьмены ў Іране і каб ім кіраваў народ, але гэта не было мэтаю нашае місіі», — сказаў ён заканадаўцам.

Дзяржаўны сакратар заявіў, што ЗША імкнуліся зьліквідаваць здольнасьць Ірану пагражаць рэгіёну маштабнымі ракетнымі і дронавымі атакамі, якая, на яго думку, аслабляла б міжнародны ўплыў на ядзерныя амбіцыі Тэгерану.

Зьняцьце санкцыяў зьвязана зь ядзернымі саступкамі

Рубіё таксама заявіў, што ўсякае аслабленьне санкцыяў ЗША супраць Ірану будзе залежаць ад саступак у яго ядзернай праграме.

«Яны не атрымаюць ніякага аслабленьня санкцыяў, пакуль не пазбавяцца ўзбагачэньня і не пазбавяцца высокаўзбагачанага ўрану», — сказаў ён заканадаўцам.

Паводле Рубіё, дыскусіі паміж Вашынгтонам і Тэгеранам па-ранейшаму засяроджаныя на рамках будучых перамоваў. Ён сказаў, што Іран выявіў большую гатоўнасьць абмяркоўваць узбагачэньне ўрану, чым на папярэдніх перамовах, але пакуль ня ўзяў на сябе абавязаньняў, якія б адпавядалі патрабаваньням ЗША.

«Некалькі месяцаў таму яны адмовіліся абмяркоўваць пытаньні як узбагачэньня, так і высокаўзбагачанага ўрану», — сказаў Рубіё.

«Я думаю, што цяпер у некаторых дакумэнтах, якімі ўзаемна абменьваліся бакі, пра гэта выразна сказана, але на сёньняшнюю раніцу (3 чэрвеня) мы ўсё яшчэ ня маем канчатковага зацьверджаньня з боку іхнай сыстэмы».

Рубіё дадаў, што Злучаныя Штаты разгледзяць пытаньне аб зьняцьці морскай блякады толькі ў тым выпадку, калі Іран аднавіць свабоду навігацыі цераз Армускую пратоку.

Адміністрацыя сьцьвярджае, што канфлікт фактычна скончыўся пасьля таго, як Трамп распарадзіўся аб спыненьні агню ў пачатку красавіка. Белы дом таксама адхіліў рэзалюцыю Палаты прадстаўнікоў як неканстытуцыйную спробу абмежаваць выканаўчую ўладу, заявіўшы, што на гэты момант няма актыўных баявых дзеяньняў, зь якіх амэрыканскія войскі павінны быць выведзеныя.

Сэнат пакуль не прызначыў канчатковага галасаваньня наконт яго ўласнай рэзалюцыі аб ваенных паўнамоцтвах.

Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG