Інцыдэнт, калі ў аэрапорце Ляйпцыгу выявілі дрон, адбыўся 4 жніўня. Ён парушыў там расклад рэйсаў. Нямецкія ўлады заявілі, што гэта была частка доўгатэрміновай кампаніі дэстабілізацыі Эўропы, піша Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода.
Урад Нямеччыны ў адказ закрывае расейскае консульства ў Боне і скасоўвае арэнду для расейскага культурнага цэнтру ў Бэрліне.
«Гэта ўпісваецца ў шырэйшую схему расейскіх гібрыдных апэрацыяў у Эўропе», — сказаў міністар замежных справаў Нямеччыны Ёган Вадэфуль.
Ён заявіў, што расейскае консульства ў Боне будзе закрытае ў канцы верасьня, а арэнда культурнага цэнтру «Расейскі дом» ў Бэрліне будзе скасаваная.
«Мы ўзмацняем кантроль уезду грамадзян Расеі», — сказаў Вадэфуль, паведаміўшы, што Нямеччына прапануе дадаць больш расейскіх грамадзян у сьпісы тых, хто падпадае пад санкцыі ЭЗ.
«У сукупнасьці паліцэйскія расьсьледаваньні, характар правапарушэньняў і высновы выведкі ўстанаўляюць адказнасьць Расеі за спробу нападу ў аэрапорце Ляйпцыгу», — заявіў міністар унутраных справаў Нямеччыны Аляксандар Добрынт.
«Мы не разглядаем гэты інцыдэнт асобна, а хутчэй у кантэксьце іншых гібрыдных дзеяньняў, — сказаў ён. — Мы мяркуем, што Нямеччына ёсьць цэльлю далейшых гібрыдных атак з боку Расеі».
Міністар замежных справаў Ёган Вадэфуль і міністар унутраных справаў Нямеччыны Аляксандар Добрынт робяць заяву аб адказнасьці Расеі за інцыдэнт у Ляйпцыгу. Бэрлін, 1 верасьня 2026 году
Заява нямецкіх урадоўцаў ад 1 верасьня прагучала пасьля «дывэрсійнай атакі з удзелам двузначнай колькасьці самаробных запальных прыладаў», знойдзеных на падстанцыі каля вугальнай электрастанцыі прыкладна за 100 кілямэтраў на паўднёвы ўсход ад Бэрліну. Пакуль ніводная краіна або група не была абвінавачаная ў гэтым інцыдэнце, у якім, з словаў чыноўнікаў, прынамсі адна з імправізаваных прыладаў выбухнула.
Міністар унутраных справаў зямлі Брандэнбург Ян Рэдман ня выключыў, што за атакай стаяць замежная дзяржава або левыя актывісты.
Расея адмаўляе абвінавачаньні нямецкага боку. Прэс-сакратарка Міністэрства замежных справаў Расеі Марыя Захарава заявіла, што «Масква адкажа на ўсе антырасейскія рашэньні».
Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ заявіў, што альянс у сувязі з інцыдэнтам у Ляйпцыгу выказвае поўную салідарнасьць з Нямеччынай. З такой жа пазыцыяй выступіла кіраўніца Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен. Кіраўніца замежнапалітычнага ведамства ЭЗ Кая Калас адзначыла, што гібрыдныя апэрацыі Расеі «не адстрашаць ЭЗ» ад падтрымкі Ўкраіны.