Богдан Здраеўскі: Эўрапарлямэнт мае намер надалей падтрымліваць беларускі народ

Богдан Здраеўскі

19 ліпепня дэлегацыя Эўрапарлямэнту завершыла візыт у Беларусь.

Па выніках сустрэчаў з прадстаўнікамі ўладаў і апазыцыі кіраўнік дэлегацыі, эўрапарлямэнтар Богдан Здраеўскі сказаў:

«Падтрымліваць прамыя каналы сувязі з уладамі Беларусі, у тым ліку ў пытаньнях, у якіх нашыя пазыцыі розьняцца, крытычна важна для разьвіцьця далейшых дачыненьняў паміж ЭЗ і Беларусьсю. Мы адзначылі нядаўнія станоўчыя зьмены ў некаторых сэктарах супрацы, але таксама абмеркавалі значныя выклікі, якія застаюцца. Эўрапейскі Парлямэнт мерыцца працягваць сваё ўзаемадзеяньне зь Беларусьсю і падтрымліваць беларускі народ».

Як паведаміла дэлегацыя Эўрапарлямэнту для сувязяў зь Беларусьсю, візыт быў працягам палітыкі крытычнага ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю, якую вядзе Эўрапейскі Зьвяз. Гэтая палітыка заахвочвае далейшую супрацу і прагрэс у галіне правоў чалавека, дэмакратыі і адкрытасьці грамадзтва праз дыялёг.

«На ўсіх сустрэчах дэпутаты нагадвалі пра рэзалюцыю Эўрапейскага Парлямэнту ад 6 красавіка 2017 году, якая асудзіла жорсткія захады супраць удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту ў лютым і сакавіку», —адзначае дэлегацыя.

Гэта быў другі афіцыйны візыт эўрапарлямэнтароў пад кіраўніцтвам Богдана Здраеўскага (Польшча, Эўрапейская народная партыя), старшыні дэлегацыі для сувязяў зь Беларусьсю.