Суд у Армэніі арыштаваў на два месяцы былога прэзыдэнта Робэрта Качар’яна

Робэрт Качар’ян, архіўнае фота

Крымінальную справу за карупцыю завялі на 10 чалавек, у тым ліку на дваіх экс-прэзыдэнтаў Армэніі й былога прэмʼера.

Антыкарупцыйны суд Армэніі пастанавіў арыштаваць на два месяцы былога прэзыдэнта Робэрта Качар’яна. Пра гэта паведамляе Армянская служба Радыё Свабода.

Сам ён цяпер у шпіталі. Суд пачаў разгляд хадайніцтва сьледзтва аб меры стрыманьня ўвечары 26 жніўня, куды спачатку даставілі Качар’яна, але потым яго вярнулі ў шпіталь, а паседжаньне суду працягнулася безь яго.

Качар’яна затрымалі 25 жніўня пасьля ператрусу і даставілі ў Антыкарупцыйны камітэт Армэніі, там ягонае самаадчуваньне пагоршылася і яго перавезьлі ў шпіталь. Ягоны сын Лявон Качар’ян сказаў, што ў бацькі праблемы з сэрцам і два тыдні таму яму правялі апэрацыю.

Былому прэзыдэнту Армэніі выставілі абвінавачаньне паводле артыкулащ аб злоўжываньні службовым становішчам, адмываньні асабліва буйных сумаў грошай і атрыманьні хабару ў асабліва буйным памеры.

Паводле вэрсіі сьледзтва, Качар’ян, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча і папярэдне дамовіўшыся з найбліжэйшымі паплечнікамі, «прысвоіў дзяржаўную ўласнасьць і набыў шэраг каштоўных абʼектаў грамадзкага і эканамічнага значэньня па цэнах, значна ніжэйшых за рынкавыя».

Каго яшчэ падазраюць у карупцыі

Раней суд арыштаваў на два месяцы і Сэдрака Качарʼяна, сына былога прэзыдэнта краіны Робэрта Качарʼяна. Яго абвінавацілі ў адмываньні сродкаў, дапамозе ў атрыманьні буйных хабараў і злоўжываньні службовым становішчам.

У Антыкарупцыйным камітэце Армэніі заявілі, што крымінальная справа заведзеная на 10 чалавек, сярод якіх Робэрт і Сэдрак Качарʼяны, былы прэзыдэнт Сэрж Саргсьян, былы прэмʼер Андранік Маргарʼян. Паведамлялі аб затрыманьні шасьці чалавек, у тым ліку Робэрта і Сэдрака Качарʼянаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Суд у Армэніі арыштаваў сына Робэрта Качар’яна. Самога экс-прэзыдэнта шпіталізавалі пасьля допыту

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Армэніі затрымалі былога прэзыдэнта Робэрта Качар’яна і яго сына

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Пашыньян заявіў, што Армэнія неўзабаве падасьць заяўку на ўступленьне ў Эўразьвяз