Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд у Армэніі арыштаваў сына Робэрта Качар’яна. Самога экс-прэзыдэнта шпіталізавалі пасьля допыту

Сэдрак Качар’ян у суправаджэньні сілавікоў. Ерэван, 25 жніўня 2026 году
Сэдрак Качар’ян у суправаджэньні сілавікоў. Ерэван, 25 жніўня 2026 году

Крымінальную справу за карупцыю завялі на 10 чалавек, у тым ліку на дваіх экс-прэзыдэнтаў Армэніі і былога прэмʼера.

Суд у Армэніі арыштаваў на два месяцы Сэдрака Качарʼяна, сына былога прэзыдэнта краіны Робэрта Качарʼяна, паведамляе Армянская служба Радыё Свабода з спасылкай на ягонага адваката Аляксандра Качубаева. Сэдрака Качарʼяна абвінавацілі ў адмываньні сродкаў, дапамозе ў атрыманьні буйных хабараў і злоўжываньні службовым становішчам.

Паводле Качубаева, яму абмежавалі права на зносіны, спатканьні дазволеныя толькі з жонкай і дзецьмі. Сілавікі прыйшлі зь ператрусамі да былога прэзыдэнта Робэрта Качарʼяна і яго сыноў — Лявона і Сэдрака — раніцай 25 жніўня.

У Антыкарупцыйным камітэце Армэніі заявілі, што крымінальная справа заведзеная ў дачыненьні да 10 чалавек, сярод якіх Робэрт і Сэдрак Качарʼяны, былы прэзыдэнт Сэрж Саргсьян, былы прэмʼер Андранік Маргарʼян. Паведамляли аб затрыманьні шасьці чалавек, у тым ліку Робэрта і Сэдрака Качарʼянаў.

Робэрт Качарʼян, паводле вэрсіі сьледзтва, выкарыстоўваючы сваё службовае становішча, папярэдне дамовіўшыся з найбліжэйшымі паплечнікамі «прысвоіў дзяржаўную ўласнасьць і набыў шэраг каштоўных абʼектаў грамадзкага і эканамічнага значэньня па цэнах, значна ніжэйшых за рынкавыя». Яму выставілі абвінавачаньне паводле артыкулаў аб злоўжываньні службовым становішчам, адмываньні асабліва буйных сумаў грошай і атрыманьні хабару ў асабліва буйных памерах.

Былы прэзыдэнт Робэрт Качарʼян зараз у шпіталі — яму стала блага пасьля таго, як яго напярэдадні даставілі ў антыкарупцыйны камітэт Армэніі і ён правёў там некалькі гадзін. Ягоны сын, дэпутат парлямэнту Лявон Качарʼян паведаміў, што ў бацькі былі праблемы з сэрцам, а каля двух тыдняў таму ён перанёс апэрацыю.


Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG