Авіякампанія Air Tanzania аб’явіла аб прыпыненьні палётаў у Расею з прычын бясьпекі з 4 верасьня, паведамляецца ў фэйсбуку кампаніі.
Авіякампанія пачала выконваць палёты ў Расею ў пачатку ліпеня. Самалёты лёталі тройчы на тыдзень у падмаскоўны аэрапорт «Унукава». Да гэтага рэгулярных авіязносін паміж краінамі не было.
«Рашэньне прынята на падставе плянавай ацэнкі рызык у зоне выкананьня палётаў. Air Tanzania праводзіць такія праверкі пастаянна на ўсёй сваёй маршрутнай сетцы, і калі іх вынік паказвае, што трэба паўза, кампанія яе бярэ. Пытаньні бясьпекі заўсёды маюць прыярытэт над камэрцыйнымі», — гаворыцца ў паведамленьні авіякампаніі.
У менскім аэрапорце 4 верасьня пачаліся затрымкі рэйсаў на 2-3 гадзіны, а рэйсаў на Маскву прыйдзецца чакаць і даўжэй.
З тэрыторыі Беларусі цывільнай авіяцыі цяпер можна вылецець толькі ў Расею ці праз Расею ў іншыя краіны.
Што папярэднічала
2 верасьня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі папярэдзіў авіякампаніі, якія дагэтуль лятаюць над Расеяй, што рабіць гэта стане небясьпечна. Ён заявіў, што дронаў у расейскім небе будзе столькі, што бясьпечных варыянтаў для авіяпералётаў не застанецца.
Паводле Зяленскага, «дроны будуць зьяўляцца ў расейскім небе такім чынам, што давядзецца з гэтым лічыцца». Аднак Зяленскі падкрэсьліў, што Ўкраіна сама па сабе не нясе пагрозы цывільнай авіяцыі.
Ён удакладніў, што рэжым «закрытага неба» ў першую чаргу закране Маскву, Санкт-Пецярбург і іншыя важныя кірункі.
Турэцкая авіякампанія Pegasus вярнула назад самалёты, якія ляцелі ў Маскву, і скасавала некалькі рэйсаў. Turkish Airlines таксама скасавала некалькі рэйсаў. Гэта адбылося пасьля заявы прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага аб тым, што расейскае неба становіцца «цалкам небясьпечным».
Рэакцыя Масквы
У адказ Уладзімір Пуцін назваў камэнтары Зяленскага «заяўкай на дзяржаўны тэрарызм».
Расейскія авіяцыйныя ўлады не дапусьцяць «істотных перапынкаў» у працы цывільнай авіяцыі, заяўляе Міністэрства транспарту Расеі. Тым часам, паводле The Moscow Times, у маскоўскіх аэрапортах пасьля заяваў Зяленскага ўжо затрымалі або скасавалі амаль 80 рэйсаў.