Лукашэнка прызначыў «памочнікам у агульных пытаньнях» Латышонка, які ахоўваў яго больш за 20 год

Аляксандар Лукашэнка (справа) і яго новы памочнік у агульных пытаньнях Мікалай Латышонак (зьлева)

Аляксандар Лукашэнка прызначыў 53-гадовага Мікалая Латышонка «памочнікам у агульных пытаньнях», піша БЕЛТА.

Мікалай Латышонак родам зь вёскі Забор’е Мёрскага раёну, вучыўся ў Разанскай вышэйшай паветрана-дэсантнай вучэльні (яшчэ ў РСФСР, цяпер – у Расеі), затым навучаўся (у канцы 1990-х і пачатку 2000-х) у Акадэміі кіраваньня. Служыў у 1988–1993 гадах у Казахстане, затым да 1995 году ў беларускіх памежных войсках.

Ад 1995 году Латышонак ​працаваў у Службе бясьпекі прэзыдэнта, дзе пачаў служыць старшым афіцэрам, даслужыўся да начальніка ўпраўленьня асабістай бясьпекі. У жніўні 2017 году Латышонак сышоў на службу ў запасе. Мае ўзнагароды «За службу Радзіме», мэдалі «За бездакорную службу».

Мікалай Латышонак (на фота зьлева) падчас наведваньня Лукашэнкам Гарадзкога цэнтру дзіцячай рэабілітацыі «Пралеска» 30 сьнежня 2013 году

Гуляў у якасьці нападніка у хакейным клюбе «Шчыт», што выступае ў Другой лізе чэмпіянату Менску сярод аматарскіх камандаў.

Пасьля аптымізацыяў у Лукашэнкі заставаліся тры памочнікі: Мікалай Корбут, Аляксандар Косінец і старэйшы сын Віктар Лукашэнка. У студзені Лукашэнка зьняў з пасады «памочніка прэзыдэнта ў агульных пытаньнях» Корбута, якога паўгода таму зьняў з пасады «памочніка прэзыдэнта».