Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьняў з пасады «памочніка прэзыдэнта па агульных пытаньнях» Корбута, якога паўгода таму зьняў з пасады «памочніка прэзыдэнта»


Мікалай Корбут і Аляксандар Лукашэнка на тэнісе — першы дзень Кубку Фэдэрацыі, матч Беларусь — ЗША, 11 лістапада 2017 году

Аляксандар Лукашэнка 23 студзеня падпісаў указ аб зьняцьці Мікалая Корбута з пасады «памочніка прэзыдэнта па агульных пытаньнях», піша БелаПАН са спасылкай на прэс-службу Лукашэнкі.

Мікалай Корбут, архіўнае фота
Мікалай Корбут, архіўнае фота

Таксама Аляксандар Лукашэнка ўхваліў новую працу Мікалая Корбута: цяпер ён прызначаны намесьнікам Дзяржаўнага сакратара — чальца Пастаяннага Камітэту так званай «Саюзнай дзяржавы» Беларусі і Расеі.

Ці прызначаны новы чалавек на пасаду «памочніка прэзыдэнта», невядома. Пасьля аптымізацыяў у Лукашэнкі заставалася тры памочнікі: Мікалай Корбут, Аляксандар Косінец і старэйшы сын Віктар Лукашэнка.

Яшчэ паўгода таму — 16 траўня 2017 году — Лукашэнка зьняў Корбута з пасады «памочніка прэзыдэнта» і прызначыў яго «памочнікам прэзыдэнта па агульных пытаньнях». А проста «памочнікам» Корбут быў прызначаны ў верасьні 2016 году, хоць да таго чатыры гады быў кіраўніком справаў прэзыдэнта.

***

54-гадовы Мікалай Корбут (цёзка, але ня родзіч былога міністра фінансаў Мікалая Корбута) нарадзіўся ў вёсцы Ўжа Капыльскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў Беларускі дзяржаўны інстытут народнай гаспадаркі. У 1994–2001 гадах працаваў начальнікам упраўленьня па абслугоўваньні дыпкорпусу і афіцыйных дэлегацыяў «Дыпсэрвіс» кіраўніцтва спраў прэзыдэнта. У 2001–2009 гадах быў першым намесьнікам кіраўніка спраў прэзыдэнта, у 2009–2013 гадах — кіраўніком спраў.​

Мікалай Корбут праводзіў нараду па аднаўленьні вытворчасьці слуцкіх паясоў, курыраваў пытаньне ўвядзеньня ў Беларусі сыстэмы дʼюты-фры. Імя Корбута згадвалі ў паведамленьнях СМІ разам з тагачасным кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Ўладзімерам Макеем. У 2009 годзе яны наведалі Сухумі, дзе пры зачыненых дзьвярах сустрэліся з прэзыдэнтам Абхазіі Сяргеем Багапшам.

Пасьля адстаўкі з пасады кіраўніка справамі прэзыдэнта стала вядома пра парушэньні падчас будаўніцтва беларускіх аб’ектаў у Сочы. Аднак Корбут пазьбегнуў адказнасьці і пазьней быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі па Менскай вобласьці.

Мікалай Корбут разам з Лукашэнкам зьбіраў ураджай у прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі, браў удзел разам зь ім у суботніку, прысутнічаў пры сустрэчы Лукашэнкі з акторам Стывэнам Сыгалам, касіў траву з Жэрарам Дэпардзьё

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG