Завяршаецца беларускае футбольнае першынство. Шматразовы чэмпіён БАТЭ ўпершыню выбыў з Найвышэйшай лігі

Ня так даўно БАТЭ гуляў у эўракубках, а цяпер выбывае з Найвышэйшай лігі Беларусі

Рэдка калі здараецца так, што асноўнай навіной сэзону становіцца ня тое, хто прыйшоў на фініш першым, а тое, хто быў сярод апошніх.

Да канчатковага заканчэньне першынства Беларусі ў футболе засталіся тры паядынкі. Але ніводзін зь іх ужо не паўплывае ні на разьмеркаваньне мэдалёў, ні на вызначэньне галоўных уломкаў году.

Створаны ў Рагачове клюб «Макслайн», які, як вынікае з назвы, фундаваны канторай ставак на спорт, стаў чэмпіёнам у другі раз запар. «Букмекеры» найбольшыя фінансавыя магчымасьці ў першынстве, а таму іхны чарговы посьпех прагназавалі яшчэ ўвесну. У Эўропе ў «МЛ» не атрымалася, але на наступны год у Віцебску, куды пераехаў клюб некалькі гадоў таму, абяцаюцьновы ўзровень.

У апошнім туры «МЛ» перамог у Бабруйску «Белшыну» 2:0. Жоўта-зялёныя мелі перавагу ў пунктах, а таму ў выпадку перамогі іх не хвалявалі вынікі астатніх гульняў.

Менскае «Дынама» выгуляла ў гасьцях у наваполацкага «Нафтану» 2:1 і стала срэбным мэдалістам, скарыстаўшыся тым, што «Іслач» зь Менскага раёну ня здолела ў Барысаве перагуляць БАТЭ — 1:1.

Якраз барысаўчане сталі галоўнымі няўдачнікамі першынства.

Правал БАТЭ

Справы барысаўскага клюбу — найбольш заслужанага ў беларускім футболе — штогод пагаршаліся. Але не настолькі, каб можна было думаць пра такі канец. БАТЭ, які 15 разоў быў чэмпіёнам Беларусі, сёлета здабыў кубак краіны і зноў выступіў у эўракубках.

Ня так даўно жоўта-сінія былі першым і пакуль адзіным беларускім клюбам, які выступаў у групавой стадыі Лігі чэмпіёнаў. Але сёлета барысаўскі клюб няўхільна набліжаўся да вылету, губляючы важныя пункты нават у гульнях з суседзямі па табліцы, зьмяняючы трэнэраў і склад. Ніжэй за БАТЭ фінішаваў толькі наваполацкі «Нафтан», які адпраўляецца з барысаўчанамі ў І лігу.

БАТЭ апошні раз гуляў у І лізе амаль 30 гадоў таму, у 1997-м, калі выходзіў у Найвышэйшую. З таго часу пачаўся залаты пэрыяд барысаўчан. Цяпер яны перадапошнія ў эліце і пакідаюць яе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Футбольны клюб зь беларускай вёскі, дзе жывуць 272 чалавекі, выйшаў у вышэйшую лігу


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Журналіст Руслан Кулевіч выкупіў рэдкі здымак футбольнай каманды з Горадні пачатку ХХ ст.