Футбольны клюб зь беларускай вёскі, дзе жывуць 272 чалавекі, выйшаў у вышэйшую лігу

Ілюстрацыйны здымак
Ілюстрацыйны здымак

Футбольны клюб «Ніва» з аграгарадка Доўбізна Камянецкага раёну Берасьцейскай вобласьці ўпершыню ў сваёй гісторыі атрымаў права выступаць у вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі. Паводле перапісу 2019 году, у Доўбізьне жылі ўсяго 272 чалавекі.

21 лістапада ў заключным туры першай лігі «Ніва» перамагла менскае «Дынама-2» зь лікам 1:0. Каманда завяршыла сэзон на другім месцы, набраўшы 72 пункты. Першай стала «Ліда», якая набрала 74 пункты. Абодва клюбы атрымалі права перайсьці ў наймацнейшы дывізіён беларускага футболу.

Гісторыя «Нівы» пачалася ў 2005 годзе. Кіраўнік сельскагаспадарчага прадпрыемства «АграНіва» Віктар Бобр вырашыў пабудаваць футбольнае поле, каб ягоным сынам было дзе гуляць у футбол. З часам зьявілася ўласная каманда, якая паступова прайшла шлях ад аматарскіх спаборніцтваў да першай лігі.

Яшчэ некалькі гадоў таму футбольнае поле ў Доўбізьне атачалі кукурузныя палеткі, а замест трыбунаў выкарыстоўвалі распілаваныя бярвёны. Цяпер пры клюбе дзейнічае дзіцячая футбольная школа, дзе займаюцца каля 200 дзяцей.

За «Ніву» выступае ў тым ліку былы футбаліст БАТЭ і зборнай Беларусі Міхаіл Гардзяйчук. Капітан каманды — 40-гадовы Ўладзімер Шчэрба.

Галоўным спонсарам клюбу застаецца сельскагаспадарчае прадпрыемства «АграНіва». Паводле заснавальніка каманды, яна не атрымлівае фінансаваньня зь дзяржаўнага бюджэту.

Цяпер «Ніве» трэба прайсьці ліцэнзаваньне Беларускай фэдэрацыі футболу, каб атрымаць дазвол на ўдзел у вышэйшай лізе ў сэзоне 2027 году. Адным з пытаньняў можа стаць адпаведнасьць стадыёну патрабаваньням наймацнейшага дывізіёну.

​
XS
SM
MD
LG